У студзені беларуская эканоміка страціла амаль 17 тысяч працаўнікоў
Белстат паведамляе, што ў студзені адток кадраў у беларускай эканоміцы склаў 16,7 тыс чалавек. Гэта самы вялікі паказчык за папярэднія сем месяцаў — у траўні 2022 года адток склаў 19,2 тыс і далей быў значна ніжэйшы, піша тэлеграм-канал «Нашы грошы».
Нагадаем, што 2022 год эканоміка Беларусь таксама пачала з
рэзкага росту перавышэння колькасці звольненых над колькасцю прынятых на працу.
У студзені 2022 года адток складаў 18,7 тыс чалавек. На працягу ўсяго
папярэдняга года толькі тройчы фіксавалася перавышэнне прыёму на працу над
звальненнямі — у лютым (+1,7 тыс.), жніўні (+4,4 тыс) і кастрычніку (+1,2 тыс).
Зніжэнне занятасці з'яўляецца вынікам адразу некалькіх
неспрыяльных для Беларусі тэндэнцый.
Па-першае, гэта дэмаграфічныя праблемы. Насельніцтва старэе,
а на змену больш шматлікім пакаленням, якія выходзяць на пенсію, на рынак працы
прыходзіць менш шматлікае маладое.
Па-другое, эканоміка знаходзіцца пад санкцыйным ціскам,
губляе традыцыйныя рынкі збыту. Як следства, падае аб'ём вытворчасці і попыт на
рынку працы слабее.
Па-трэцяе, рост эміграцыі. Асобныя спецыялісты і цэлыя
бізнесы працягваюць пакідаць Беларусь і асядаць у іншых краінах. У выніку там
фіксуецца часам выбухны рост эканомікі.
Увогуле дэфіцыт кадраў у краіне апошнім часам набывае пагрозлівыя маштабы.
Так, у адным толькі Мінску на пачатак сакавіка наймальнікі мелі патрэбу ў 26,8 тыс. работніках.
Сярод працоўных на той момант у Мінску больш за ўсё не хапала кухараў (706
вакансій), кіроўцаў аўтамабіляў (608), прадаўцоў (541), слесараў механазборачных
работ (489), электраманцёраў па рамонце і абслугоўванні электраабсталявання
(476), слесараў-рамонтнікаў (455), кантралёраў-касіраў (437), токараў (396),
рабочых па комплексным абслугоўванні і рамонце будынкаў і збудаванняў (373),
маляроў (268).
Асабліва цяжкая сітуацыя з медыкамі. На 1 сакавіка
наймальнікі мелі патрэбу ў 1746 медсёстрах і 1518 лекарах-спецыялістах. Да
прыкладу, на 1 верасня мінулага года не хапала 1335 медсясцёр (месяцам раней —
1270) і 1136 лекараў-спецыялістаў (у жніўні — 1098).
Са спецыялістаў у сталіцы таксама запатрабаваныя інжынеры (927
вакансій на пачатак сакавіка), фельчары (378), выхавальнікі (197), памочнікі
ўрачоў (102), педагогі дадатковай адукацыі (87), эканамісты (84),
інжынеры-праграмісты і менеджары (па 81).
Агульны дэфіцыт работнікаў у Беларусі на пачатак сакавіка перавысіў 104 тыс.
чалавек. Столькі прапаноў ад наймальнікаў на той перыяд было размешчана ў агульнарэспубліканскім
банку вакансій. Пры гэтым па 61 тыс. вакансій прапануюць заробак да 800 рублёў.
Як правіла, наймальнікі паказваюць у аб'явах сумы да выплаты падаткаў, гэта
значыць на рукі выйдзе больш сціплая сума.
Сітуацыя пагаршаецца з кожным годам. Напрыклад, у 2021 годзе кадравы дэфіцыт складаў прыкладна 96 тысяч работнікаў па ўсёй Беларусі.
Якія лічбы будуць на канец 2023-га, можна здагадвацца. Асабліва калі ўлічыць,
што атток спецыялістаў у розных сферах, асабліва запатрабаваных грамадствам,
працягваецца.