Чапаевы і Пустэча. Чаму ініцыятыва бабарыкінцаў наконт перамоваў з рэжымам ад пачатку была прафанацыяй
Увогуле што гэта было?
У палітычным жыцці Беларусі напрыканцы года ўсталявалася пэўная цішыня. Раптоўная, дзіўная і неспадзяваная. Не, палітвязняў, вядома, працягваюць судзіць оптам і ў розніцу — і тэрміны выпісваюць усё больш людажэрныя. Не, Аляксандр Лукашэнка па-ранейшаму шмат гаворыць і абяцае — нават прызвычаіўся ўжо асабіста, як Дзед Мароз, прывозіць у рэгіёны губернатараў. Дэпутаты штампуюць адыёзныя законы, санкцыі сяк-так працуюць, канфрантацыя з калектыўным Захадам набірае моц. Усё гэта ў наяўнасці, і «дэструктыўным» тэлеграм-каналам не складае цяжкасцяў напоўніць стужку навін «экстрэмісцкім» кантэнтам. Але нейкіх глабальных зрухаў у будучыню штосьці не адчуваецца.
Сітуацыя ў краіне нібыта замарозілася ў прамежкавай кропцы. Тут і ўлада, што няспынна заяўляе пра перамогу, але актыўна шукае-вычышчае нязгодных з самых розных галін і інстытуцый. Тут і апазіцыйныя штабы, якія працягваюць змаганне і камунікацыю на высокіх міжнародных узроўнях. Тут і грамадства, што аніяк не хоча пераварочваць старонку. Статус-кво ўзору снежня 2021-га.
Дык што далей? Пакуль зразумела толькі наконт навагодніх аліўе і манадарынаў — іншай пэўнасці няма і блізка.
І вось на гэтым сцішэлым фоне знянацку выявілася, што прадстаўнікі штаба Віктара Бабарыкі нібыта ініцыююць перамоўны працэс з рэжымам. Ці пакуль толькі хочуць ініцыяваць. Ці ўжо запусцілі пробны шар некуды ў бок Драздоў. Якая-ніякая павестка ў пустым абшары — і ўжо каторы дзень светачы айчыннай паліталогіі старанна разбіраюць, як яны кажуць, новы кейс на ўнутраным трэку.
Што ж, на цяперашнім бязрыб’і справа сапраўды богаўгодная — не грэх і далучыцца. І выказаць колькі думак пра тое, што бабарыкінцы прыдумалі існую бздуру. Прынамсі так яно выглядае з агульнага, не закопчанага канспіралогіяй, гледзішча.
Па-першае. Якія могуць быць перамовы, калі няма чаго прапанаваць?
Гэта першая кпіна, якая ляціць у бок адэптаў перамоваў, і, выглядае, што ўжо тут яны губляюцца, не маючы адказу. Пару дзён таму Іван Краўцоў — прадстаўнік штабу Віктара Бабарыкі — завітаў у эфір «Еўрарадыё», дзе больш за паўгадзіны распавядаў адначасова пра ўсё і ні пра што. Вядомы інсайд Паўла Латушкі, з чаго ўсё пачалося, ён збольшага пацвердзіў — так, маўляў, мы не супраць перамоваў. Але ніякіх больш-менш рэльефных падрабязнасцяў гледачы ад спікера так і не пачулі.
«Дык што вы можаце прапанаваць уладзе наўзамен вызвалення палітвязняў?» — дапытваўся ў Івана вядоўца Зміцер Лукашук. «Было б добра спачатку пачуць, што ўлада сама хоча», — прыкладна гэтак адказваў яму суразмоўца. І фактычна пацвярджаў цьмянае падазрэнне: прапанаваць ініцыятарам няма чаго. Ад слова зусім.
А гэта ж галоўная рыса любых перамоваў, любых дзелавых стасункаў. Гэта свайго кшталту закон захавання энергіі: бясплатны бывае толькі сыр у мышынай пастцы, за ўсё астатняе трэба плаціць. Чым можа заплаціць Іван Краўцоў са штаба палітвязня Бабарыкі? Нічым. Дык аб чым тут размаўляць? Прыходзьце, калі ў вас будуць чатыры сольда.
Драматызм сітуацыі менавіта ў тым, што канцэпт перамоваў выцек у сеціва ў той момант, калі пазіцыі дэмакратычнага лагера відавочна паслабелі. Пратэсты здушаныя, затрыманні-суды-пасадкі адбываюцца штодня, на санкцыйным фронце прарываў не відаць. Нават міграцыйны крызіс рушыў на спад, то-бок жыхары Валожына нарэшце пакінулі бамбасховішча. Зразумела, што кан'юнктура яшчэ можа змяніцца (яна ўвогуле спраўна мяняецца), аднак наўпрост зараз заікацца пра дыялог — гэта як дамаўляцца ж галодным мядзведзем, каб ён вярнуў пчолам леташні мёд.
Яшчэ горай тое, што дамаўляцца імкнецца не самая магутная дэмакратычная сіла. «Выпусціць палітвязняў? — спытае наіўнага парламенцёра ўлада. — А вы мне што? Што вы ўвогуле можаце?» Санкцыі змякчыць? Тэарэтычна гэта магла б Святлана Ціханоўская. Зкантактаваць з высокімі заходнімі палітыкамі дзеля вяртання шматвектарнасці? Мабыць, на гэта здатны Павел Латушка. Аднак усе больш-менш уплывовыя апазіцыйныя фігуры рашуча адвяргаюць варыянт перамоваў у сённяшніх варунках. І тым больш яны супраць дыялогу без сваіх базавых умоў — тых самых, дзе вішанькай на торце новыя выбары.
Штаб жа Бабарыкі на збліжэнне гатовы — і, ёсць адчуванне, толькі таму, што рэальнай сілы на сёння ён не ўяўляе. Такі вось парадокс у жанры «рэал-палітык».
Па-другое. Калі праца ідзе, чаму аб гэтым кажа, і тое няўцямна, толькі адзін чалавек?
Зрэшты, калі штаб гатовы — то ці ўвесь? І хто менавіта падтрымлівае ідэю сепаратных дамоўленасцяў з уладамі? І наогул: колькі чалавек на дадзены момант у штабе былога банкіра?
Зразумела, што палітвязняў, якія зараз за кратамі, можна ўлічваць толькі ўскосна. І колькі б Краўцоў ні намякаў, што і сам Віктар Бабарыка, і яго сын Эдуард, і Марыя Калеснікава з Максімам Знакам нібыта не супраць дыялогу, паверыць у гэта цяжка, улічваючы бэкграўнд і надзённыя паводзіны кожнага з чацвёркі. А хто акрамя? Адвакат Ілля Салей? Бізнесмен Максім Баграцоў? Прэс-сакратар Антон Раднянкоў? Нехта з іх публічна падтрымаў Івана Краўцова, стаў з ім у адзін шэраг пасля таго самага інтэрв'ю, калі калегу ўжо каторы дзень дзяўбе інтэрнэт-супольнасць за «калабарацыянізм і штрэйкбрэхерства»? Адказ — ніхто.
Вельмі паказальна, што само інтэрв'ю цалкам абмінула ўвагай прэс-служба былога кандыдата ў прэзідэнты. Тая самая прэс-служба, якая натхнёна знаходзіць інфармацыйныя нагоды пасярод суцэльнага змроку. Вось Віктар Дзмітрыевіч кранальна лістуецца з сямігадовым хлопчыкам. Вось бацька Марыі Калеснікавай аптымістычна распавядае пра спатканне з дачкой. Вось Максім Знак напісаў з СІЗА ажно 7000 лістоў. Пра ўсё інфармуе сваю немаленькую аўдыторыю штаб Бабарыкі. І толькі нашумелы эфір Івана Краўцова татальна ігнаруе — нават ютубаўскую спасылку ў стужку і тую не выкладае.
То адсюль узнікае наўпроставае пытанне: а каго, уласна, прадстаўляе сёння спадар Краўцоў? Дакладна штаб папулярнага палітыка, ці гэта нешта іншае? Бо адзін неяк таксама намагаўся прадстаўляць, у тым ліку на дзяржаўным ТБ, дык ад яго потым доўга адхрышчваліся — ледзьве сякерамі адмахаліся.
Па-трэцяе. Ці дастаткова вагі ў вольных штабістаў Бабарыкі, каб рабіць нешта значнае?
Тут самы час нагадаць, які выбітны ўнёсак зрабіла каманда Віктара Бабарыкі ў леташняе абуджэнне беларускага грамадства. І выказаць здагадку, што без актыўнасці экс-банкіра і яго штаба мінулагоднія падзеі былі б іншымі — не такімі масавымі і ўзнёслымі.
Бо гэта ж ён, Віктар Бабарыка, толькі-толькі заявіў пра намер балатавацца, як яго амаль адразу назвалі галоўным супернікам Аляксандра Лукашэнкі. Гэта ён з неймавернай лёгкасцю сабраў як батальён з тысяч валанцёраў, так і 600 тысяч подпісаў за сваё вылучэнне. Гэта ў яго была дужа сучасная і прагрэсіўная каманда, якая забяспечыла кандыдату хуткі і ўсебаковы прамоўшн.
Як вынік — у публічнай палітыцы і на волі Бабарыка-старэйшы правёў усяго крыху больш за месяц (з 12 мая да 18 чэрвеня 2020-га), і гэтага хапіла, каб праз цэлы год і нават болей заставацца самым папулярным палітыкам краіны паводле самых розных незалежных сацапытанняў.
Віктара Бабарыку ў значнай ступені ўвасабляла яго каманда, і Марыя Калеснікава была сэрцам гэтай каманды. Калі фірмова складвала пальцы ў вядомай канструкцыі, то сэрцам — амаль у літаральным сэнсе. Дык вось гэта менавіта яна здзейсніла, бадай, самы гераічны ўчынак мінулай кампаніі, калі парвала ўласны пашпарт на мяжы з Украінай. І потым — ужо разам з адвакатам Максімам Знакам — дэманстравала працяг гэтай героікі падчас разгляду іх сумеснай справы ў судзе.
Безумоўна, як самая папулярная і яркая, менавіта каманда Бабарыкі больш за іншых пацярпела ад рэпрэсій. Сёння яна, па сутнасці, абезгалоўленая. З больш-менш вядомых і ўплывовых фігур на волі толькі айцішнік-прадпрымальнік Максім Баграцоў. Але ён летам пакінуў Беларусь і, са словаў Івана Краўцова, дагэтуль не можа «аддыхацца», каб працягнуць агульную справу.
Дык хто застаецца? Хто ў стане падхапіць сцяг і хаця б часткова замяніць лідараў? Відавочна, што ніхто. І ўжо па гэтай прычыне ўсур'ёз успрымаць ініцыятыву аб перамовах не варта.
Па-чацвёртае. Дык што гэта ўвогуле было?
Пярун яго ведае, як сказалі б нашы продкі. Калі разважаць банальна, то падобна на нейкае спарадычнае, чапаеўскае памкненне, парыў, з мэтай альбо ўскалыхнуць сітуацыю, надаць ёй новае гучанне, альбо нагадаць аб сабе. Калі казаць дэпрэсіўна, то нельга выключаць сапраўдную спробу раскалоць, разрыхліць, рассеяць пратэст. Калі меркаваць канспіралагічна, то можна дапусціць хітрую «шматхадовачку» з уцягваннем у працэс пакуль невядомых, неабавязкова беларускіх, сіл, якія ў патрэбны момант выйдуць з ценю. Ну альбо — зноў банальна — гэта жаданне ўзначаліць гурток прыхільнікаў перамоваў і кляцьбітаў санкцый, куды запісаўся шэраг экспертаў і палітыкаў, уключаючы Зянона Пазняка.
Што на самай справе, насамрэч і не важна. Бо галоўнае ў тым, што гэтая снежаньская ідэя збліжэння з уладамі ёсць проста пустэча, мітусня і тамленне духа. Хутчэй за ўсё, болей пра яе мы не пачуем нічога.
Фота RTVI, ТАСС, «Дождь».