«Давай пасля Новага году»
Краіна ўпала у пераднавагодняе зацішша. Людзі больш дбаюць пра мандарыны, падводзяць вынікі году і думаюць, што загадаць на наступны. У краіне, падаецца, уступіла ў дзеянне правіла «Давай пасля Новага году».
Безумоўна, самай абмяркоўваемай тэмай стаў заклік да «перамоў з уладай» ад каманды Бабарыкі. Шчыра кажучы, у мяне (дый не толькі ў мяне) узнікае ўражанне, што ініцыятары перамоваў самі не ведаюць, чаго хочуць. Адзінае, што зразумела — яны хочуць зразумець, чаго хочуць іх апаненты. А потым, мажліва, «танчыць» ад гэтых «хацелак» і, так бы мовіць, «збліжаць пазіцыі».
Стратэгія цікавая, але дзіўная. Мы ведаем, чаго хочуць апаненты: «перагарнуць старонку», заставацца ва ўладзе і жыць так, нібыта не было 2020-га і жудасных рэпрэсій, якія працягваюцца і дагэтуль. Аднак гэта ўжо немагчыма па аб’ектыўных прычынах. І найперш таму, што працяглымі рэпрэсіямі сама ўлада не дае нам «перагарнуць старонку». Яна ці не кожны дзень нагадвае нам пра пратэст, арыштоўваючы і звальняючы ўсіх, хто асмеліўся хаця б крышачку выказаць незадаволенасць у час прэзідэнцкіх выбараў.
Дый не трэба забывацца, што для працэсу перамоваў патрэбныя два бакі. І калі Іван Краўцоў кажа пра перамовы, то ўлада пра такія перамовы не кажа і ісці на іх не збіраецца. А ў адсутнасці «другога боку» перамовы немагчымыя. Таму ўсе размовы пра «перамовы» — гэта проста размовы, нагода заявіць пра сябе. Атрымалася гучна, хайпова, але безвынікова.
Прыкладна так жа безвынікова, як і вандроўкі Лукашэнкі па рэгіёнах. Ён ужо быў у Віцебску, Магілёве і Гомелі, прадстаўляючы новых кіраўнікоў абласцей. З аднаго боку, зразумела — гэта падрыхтоўка да магчымага рэферэндуму па новай Канстытуцыі і спроба мабілізаваць «вертыкаль» на ўдарную працу. Але нешта ў мяне гэта выклікае адчуванне «дэжа вю» не з такога далёкага мінулага.
А менавіта — з позняга СССР. З гарбачоўскіх часоў, з іх лозунгамі пра тое, што «эканоміка павінна быць эканомнай», з заклікамі «паскарэння», «паглыблення» і гэтак далей. Менавіта ў такім рэчышчы гучаць словы ад Лукашэнкі (выключаючы, канешне, «галоснасць», але ў час развіцця інтэрнэту «галоснасць» забяспечаная і так).
Аднак лозунгамі захаваць сістэму ў Гарбачова не ўдалося. Наўрад ці атрымаецца гэта і ў Лукашэнкі. Тым больш, што за гэтымі лозунгамі не праглядаецца нейкай канкрэтыкі, нейкага зразумелага плану дзеянняў. Не скажаш жа, што такім планам ёсць загад высаджваць бахчавыя ў Гомельскай вобласці? Ці чарговыя прамовы наконт «атачэння ворагаў»?
Дарэчы, наконт «ворагаў». Крэмль у чарговы раз папярэдзіў беларускі бок у недапушчальнасці выкарыстання расійскіх магчымасцяў як сваіх. Нядаўна ўжо Макей заявіў, што спыненне транзіту газу ў Еўропу можа быць адным з адказаў на санкцыі. І прэс-сакратар Пуціна Дзмітрый Пяскоў даў чарговы, але даволі жорсткі гэтым разам адлуп, заявіўшы, што не хацеў бы разглядаць такое «нават гіпатэтычна».
І тут жа прыйшла навіна пра замену пасла Расіі ў Беларусі. Сённяшняга кіраўніка дыпмісіі Яўгена Лук’янава, які нічым асаблівым на сваёй пасадзе не адзначыўся, заменіць «цяжкавагавік» расійскай палітыкі Барыс Грызлоў.Першыя каментары з расійскага боку наконт такой ракіроўкі тычацца магчымага «паглыблення інтэграцыі».
Але, напэўна, справа тычыцца не толькі інтэграцыі. Прызначэнне такой фігуры, як Грызлоў, у Беларусь, можна лічыць і «фактарам утаймавання». Бо нешта мы не чулі голасу сённяшняга пасла Расіі ані наконт таго ж перакрыцця транзіту, ані наконт «міграцыйнага крызісу», у якім Захад ускосна абвінаваціў Крэмль, ані наконт грамадзянаў усходняй суседкі, якіх садзяць па беларускіх турмах… У прынцыпе, голасу прадстаўніка Расіі не было чуваць ні па якіх «гарачых» пытаннях.
Тым больш, што ў адносінах Лукашэнкі і Пуціна багата нявырашаных пытанняў, пра якія мы чуем, праўда, толькі ад экспертаў і палітолагаў (але гэта не азначае, што іх не існуе). Як казалі тыя ж эксперты, «Сочынскія дамовы» прадугледжвалі больш ліберальную новую Канстытуцыю Беларусі з адыходам Лукашэнкі ад улады. Цяпер жа праект Канстытуцыі «замарожвае» яго на пасадзе кіраўніка УНС, а новыя прэзідэнцкія выбары, падаецца, ужо і не разглядаюцца. Што наўрад ці ў духу тых самых «Сочынскіх дамоўленасцяў».
Пытанні бесперашкоднага транзіту, пытанні адказнасці Расіі за дзеянні Сінявокай, пытанні агульнаеўрапейскай бяспекі, якую цяпер падрывае ўлада Беларусі… Для Грызлова знойдзецца шмат працы, асабліва ў рэчышчы планаванага замірэння Расіі з Захадам і Злучанымі Штатамі. Бо цяпер ідуць інтэнсіўныя перамовы наконт забеспячэння бяспекі і стабільнасці ў рэгіёне.
Расія ўжо высунула свае прапановы наконт такой нармалізацыі, адна з якіх, напрыклад, — гарантыі непашырэння NATO, у першую чаргу, ва Украіну. У расійскіх прапановах даволі шмат пунктаў, якія загадзя невыканальныя, і Расія тут дзейнічае па добрым правілы: «Будзьце рэалістамі — патрабуйце немагчымага». У тым сэнсе, што калі патрабаваць немагчымага, то ў працэсе перамоў можна атрымаць максімум магчымага.
У адказ кіраўнік Дзярждэпу ЗША Энтані Блінкен заявіў пра бачанне нармалізацыі з боку ЗША, і гэтае бачанне даволі прынцыповае. ЗША «на працягу многіх гадоў гранічна ясна заяўлялі, што ёсць некаторыя асноўныя прынцыпы, па якіх ніхто не будзе адступаць», адзначыў кіраўнік Дзярждэпу. «Ні адна краіна не мае права сілай мяняць межы іншай, ні адна краіна не мае права дыктаваць палітыку іншай або паказваць ёй, з кім падтрымліваць сувязі, ніякая краіна не можа ўсталёўваць сферы ўплыву. Гэта паняцце павінна адправіцца на звалку гісторыі. І гэтыя прынцыпы непарушныя», — сказаў Блінкен.
Разглядаць такую заяву можна не толькі ў аспекце Украіны, але і ў аспекце Беларусі.
Пуцін павінен сам-насам сустрэцца з Лукашэнкам. Гэта можа быць асобная сустрэча, а можа быць і сустрэча 28 снежня на палях нефармальнага саміту СНД. А можа, і тое, і тое адразу. Імаверна, у рэчышчы заявы Блінкена сустрэча будзе цікавай.
Але вынікі ўсіх заяў і сустрэч, напэўна, будуць асэнсоўвацца ўжо «пасля Новага году».