Магутнасці газаправоду Ямал — Еўропа, які ідзе праз Беларусь, не задзейнічаныя трэці дзень запар

Лукашэнка раней пагражаў Еўрасаюзу перакрыць транзіт газу, але гэта адбываецца і без ягоных загадаў, паведамляе «Свабода».

haz.jpg

Расійскі канцэрн «Газпром» падчас дадатковай сесіі аўкцыёну не зарэзерваваў на 23 снежня магутнасці газаправоду Ямал — Еўропа для транзіту праз Беларусь і Польшчу, сведчаць дадзеныя платформы GSA Platform.

Расійская кампанія ў асобныя дні замаўляла магутнасці не на рэгулярнай, а на дадатковай сесіі, а таксама выкарыстоўвала кароткатэрміновае рэзерваванне на некалькі гадзін, паведамляе агенцтва эканамічнай інфармацыі «Прайм».

Аднак прапанова на 23 снежня зноў аказалася незапатрабаванай. Усяго прапаноўваліся магутнасці ў аб’ёме 89 мільёнаў кубаметраў на пункце ўваходу ў польскі ўчастак магістралі, якая для «Газпрома» з’яўляецца адным з асноўных маршрутаў паставак газу ў Еўропу. Да таго кампанія тры дні запар не рэзервавала магутнасці газаправоду на сутачным аўкцыёне.

«Газпром» зніжае рэзерваванне газаправоду ад канца мінулага тыдня. Калі да 17 снежня прапампоўвалася прыкладна 30 мільёнаў кубаметраў газу, то 20 снежня ўсяго 3,8 мільёна з даступных 89 мільёнаў.

Зніжэньне паставак нароўні з іншымі фактарамі ўплывае на настроі ўдзельнікаў газавага рынку. Кошт фʼючарсаў упершыню ў гісторыі дасягнуў 2 190 долараў за тысячу кубаметраў, што паставіла кароткатэрміновыя кантракты на паўзу.

Газаправод Ямал — Еўропа разам з газатранспартнай сістэмай Украіны складае адзін з асноўных маршрутаў паставак расійскага трубаправоднага газу на Захад. Ён праходзіць па тэрыторыі Расіі, Беларусі, Польшчы, Нямеччыны і можа прапампоўваць да 33 мільярдаў кубаметраў газу на год.

Доўгатэрміновая дамова «Газпрома» з Польшчай скончылася летась, пасля чаго кампанія рэзервавала магутнасці магістралі праз аўкцыён.

У Маскве адказалі на пагрозы Лукашэнкі

Тым часам у Маскве пракаментавалі пагрозы афіцыйнага Менску перакрыць транзіт расійскага газу ў Еўропу ў адказ на заходнія санкцыі.

Прэс-сакратар прэзідэнта Расіі Дзьмітрый Пяскоў «нават гіпатэтычна не дапускае падобнай магчымасці», запэўніваючы, што ягоная краіна працягне выконваць усе абавязанні перад партнёрамі.