Цана на газ пабіла гістарычны рэкорд — перавысіла 2 тысячы долараў

Цана на газ нідэрладнскага хаба «TTF» пасля прыпынення прапампоўкі праз Беларусь 21 снежня паднялася вышэй за 2000 долараў за тысячу кубаметраў і дасягнула новага гістарычнага рэкорду, паведамляе thinktanks.by.

Фота: Цензор.НЕТ 

Фота: Цензор.НЕТ 

Цана студзеньскіх ф'ючарсаў на газ нідэрладнскага хаба «TTF» у аўторак паднялася вышэй за 2000 долараў за тысячу кубаметраў і дасягнула новага гістарычнага рэкорду, перавысіўшы папярэдні максімум, усталяваны 6 кастрычніка.

Як і тады, рэзкі рост цэн адбываецца на фоне спынення трубаправода «Ямал-Еўропа» — ключавой газавай артэрыі, якая праходзіць праз Беларусь і Польшчу і забяспечвае спажыўцоў у Германіі сыравінай з заходнесібірскіх радовішчаў.

Яшчэ на мінулым тыдні «Газпрам» перастаў браніраваць магутнасці гэтага транзітнага маршруту, а ў аўторак прапампоўка газу па ім апусцілася да нуля. Больш за тое, раніцай труба магутнасцю 33 млрд. кубаметраў у год была пераключаная ў рэверсны рэжым і пампуе газ з Германіі ў Польшчу, а не наадварот.

На 14.53 паводле мінскага часу газ з пастаўкай у студзені каштаваў на біржы ICE ў Лондане 171,52 еўра за мегават-гадзіну, або 2001 долар за тысячу кубаметраў, дадаючы 17% адносна таргоў напярэдадні.

Ф'ючарсы на люты каштуюць толькі крыху танней — 1991 долар за тысячу кубоў, а сакавіцкія кантракты гандлююцца па 1834 долары.

Істотнага зніжэння цэн рынак не чакае нават летам: газ з пастаўкай у траўні і чэрвені каштуе даражэй за 1000 долараў за тысячу кубаметраў.

«Еўрапейскі энергакрызіс наўрад ці скончыцца калі-небудзь у найбліжэйшай будучыні», —  канстатуе Стэфан Дэа, галоўны стратэг «Ostrum». Сітуацыю на рынку пагаршае скарачэнне выпрацоўкі электраэнергіі з аднаўляльных крыніц: доля ветракоў у спажыванні ўпала ніжэй за 10%, хоць у выхадныя дасягала 20%.

У першай палове года «Газпрам» прапампоўваў па беларускім маршруце каля 89 млн. кубаметраў у дзень, а ў першай палове снежня выкарыстаў каля траціны магутнасці —  31 млн. кубоў на суткі.

У сярэдзіне месяца кампанія прыняла рашэнне зноў павярнуць вентыль — пасля таго, як Федэральнае сеткавае агенцтва ФРГ заявіла, што не чакае ўхвалення «Паўночнага патоку-2» у бліжэйшыя паўгода, а кіраўніца МЗС Германіі Аналена Бербок і зусім абвясціла праект непрыдатным да сертыфікацыі.

Аднак прэс-сакратар прэзідэнта Расіі Дзмітрый Пяскоў заявіў, што спыненне фізічнага паступлення газу ў Германію праз газаправод «Ямал-Еўропа» не звязана з сітуацыяй вакол «Паўночнага патоку-2». «Ніякай тут сувязі няма. Гэта абсалютна камерцыйная сітуацыя», — сказаў ён.