Галоўчанка плануе дакласці Лукашэнку аб перспектывах будаўніцтва другой АЭС у 2022 годзе
Восенню наступнага года Лукашэнку плануюць прадставіць даклад аб перспектыве будаўніцтва другой АЭС у Беларусі. Пра гэта заявіў сёння падчас цырымоніі пачатку загрузкі ядзернага паліва ў рэактар другога энергаблока БелАЭС прэм'ер краіны Раман Галоўчанка.
Па яго словах, ёсць даручэнне Лукашэнкі аб прапрацоўцы будаўніцтва другой станцыі. На гэты раз у іншым рэгіёне Беларусі, піша REFORM.by.
«Гэта пытанне не вельмі простае, трэба правесці вялікі аб'ём не толькі эканамічных разлікаў, але і навуковых даследаванняў зыходзячы з комплекснай праграмы развіцця краіны», — прыводзіць словы Галоўчанка прэс-служба Мінэнерга.
Прэм'ер паведаміў, што праца ідзе ў планавым парадку пад кіраўніцтвам Акадэміі навук і з удзелам расійскіх партнёраў.
«Мы разлічваем яе завяршыць да восені наступнага года і занясем адпаведную прапанову», — сказаў Галоўчанка.
БелАЭС у Астравецкім раёне плануюць поўнасцю ўвесці ў эксплуатацыю да лета 2022 года. Яна будзе генераваць 40% электраэнергіі ў краіне. Прэм'ер таксама заявіў, што першы энергаблок ужо дазволіў зэканоміць 250 млн долараў за кошт замяшчэння газавага імпарту. Пасля запуску двух энергаблокаў БелАЭС зможа замяшчаць каля 4,5 млрд кубаметраў. З моманту падключэння першага блока да аб'яднанай энергасістэмы і да канца бягучага года агульны аб'ём вытворчасці электраэнергіі блокам ацэньваецца ў 6 млрд кілават-гадзін.
Зазначым, што запуск БелАЭС, якая афіцыйна функцыянуе з пачатку лістапада 2020 года, не паўплываў на скарачэнне аб'ёмаў закупак прыроднага газу. Наадварот, у параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года, аб'ёмы імпарту павялічыліся на больш чым 1 млрд кубоў.
Апроч таго, наяўныя ў краіне электрасеткі маюць недастатковую прапускную здольнасць для таго, каб выкарыстоўваць электраэнергію БелАЭС на ацяпленне і бытавыя патрэбы.