Куды спяшаюцца? У другі рэактар БелАЭС ядзернае паліва загрузяць ужо сёння

Сёння на БелАЭС будзе дадзены старт фізічнаму пуску другога энергаблока. У рэактар загрузяць ядзернае паліва.

f23d77a64cdb56b8dd4d2b4a37b4388f_1.jpg


У цырымоніі загрузкі ядзернага паліва прыме ўдзел прэм'ер-міністр Беларусі Раман Галоўчанка. Яна прымеркаваная да прафесійнага свята — Дня энергетыка, піша REFORM.by са спасылкай на прэс-службу ўрада.

Дзяржатамнагляд і МНС выдалі БелАЭС ліцэнзію на пачатак фізічнага пуску другога энергаблока літаральна ўчора.

Нагадаем, што першы энергаблок БелАЭС пакуль больш прастойвае, чым працуе. Напрыклад, ён прастойваў з 12 ліпеня па 4 кастрычніка. Ён быў адключаны ад сеткі пасля спрацоўвання аўтаматычнай сістэмы абароны генератара. Пры правядзенні рэвізіі абсталявання і тэхналагічных сістэм была выяўлена неабходнасць замены аднаго з элементаў узбуджальніка турбагенератара. Да працэсу быў прыцягнуты расійскі завод-вытворца. 4 кастрычніка першы энергаблок зноў уключылі ў сетку. А 17 лістапада — зноў адключылі ад сеткі «дзеяннем аўтаматыкі».

Адключэнні энергаблока БелАЭС адбываюцца з настолькі зайздроснай рэгулярнасцю, што ў інтэрнэце ўжо ходзіць жарт: Лукашэнка пабудаваў «самы вялікі і дарагі выключальнік у свеце».