Платформа «Голас» аб’явіла галасаванне пра стаўленне да рэферэндуму, абвешчанага Лукашэнкам

Платформа «Голас», якая працавала падчас сфальсіфікаваных прэзідэнцкіх выбараў 2020 года, перазапускаецца да рэферэндуму.

5021d7c8_8c63_415e_803a_60910f526e3a_w1023_r1_s_1.png


«27 лютага можа адбыцца так званы “рэферэндум” — мерапрыемства, на якім беларусам прапануюць выбар паміж Лукашэнкам і Лукашэнкам. Яго хочуць праводзіць у часы, калі ў Беларусі адсутнічае закон, а людзям адкрыта адмаўляюць у натуральных правах на жыццё, годнасць, свабоду думкі і правасуддзе. Але нават у гэтых умовах мы можам паказаць, што краіна належыць беларусам. Прыходзьце на ўчасткі і стаўце крыжыкі насупраць усіх варыянтаў адказу, робячы бюлетэнь несапраўдным», — паведамляе прэс-служба Святланы Ціханоўскай.

Цяпер людзі могуць прайсці апытанне і адказаць, ці падтрымліваюць яны адзіную стратэгію дэмакратычных сіл, або лічаць больш слушным ігнараваць рэферэндум.

Канстытуцыйны рэферэндум запланаваны на люты 2022 года, але дагэтуль няма ні канкрэтнай даты, ні тэксту праекта дакумента. Ні адзін эксперт з ліку апанентаў рэжыму да выпрацоўкі праекта Канстытуцыі не дапушчаны, дэталі праекта мала вядомыя людзям. На грамадскае абмеркаванне застанецца меней за два месяцы часу.

«Але мы нагадваем, што нават калі вы не прыйдзеце на ўчастак, ваш бюлетэнь прыйдзе за вас. Таму, калі вы схіляецеся да байкоту, ваш байкот павінен быць актыўным і бачным», — паведаміла кіраўніцтва платформы.

Платформу «Голас» запусціла ініцыятыва «Честные люди», пра стварэнне якой летась абвясціў прэтэндэнт на пасаду прэзідэнта Беларусі, а цяпер палітычны зняволены Віктар Бабарыка. Спачатку яе галоўнай функцыяй было тое, каб у дзень прэзідэнцкіх выбараў 9 жніўня кожны мог даведацца, колькі галасоў аддадзена за кандыдатаў на яго ўчастку, і параўнаць з данымі пратакола (трэба было даслаць фота абодвух бакоў бюлетэня ў чат-бот «Голаса»). Пасля завяршэння выбарчай кампаніі сфера дзейнасці платформы была пашыраная за кошт іншых ініцыятыў.

Паводле платформы «Голас», Святлана Ціханоўская перамагла ў першым туры выбараў 9 жніўня 2020 года, набраўшы мінімум 3 мільёны галасоў. Таксама платформа зарэгістравала звыш 6,5 тысяч парушэнняў на выбарчых участках у краіне.

Тэлеграм-канал навін платформы «Голас» быў абвешчаны ў Беларусі экстрэмісцкім. Але наконт самой платформы і сістэмы галасавання праз чат-бот у Тэлеграме такога рашэння прынята не было.