Чарговая памылка дыктатуры М'янмы?

Прысуд лідару апазіцыі М’янмы не стабілізаваў сітуацыю, а толькі абвастрыў палітычны крызіс у краіне, дзе з пачатку гэтага года пануе вайсковая дыктатура.

Акцыі пратэсту ў лютым 2021

Акцыі пратэсту ў лютым 2021

На першы погляд, Аўн Сан Су Чжы вельмі пашанцавала. 76-гадовая правадырка дэмакратаў, якая з першага дня пасля путчу знаходзіцца пад вартай у невядомым месцы, была абвінавачаная толькі ў распальванні грамадскіх беспарадкаў і парушэнні санітарных норм, звязаных з COVID-19. Па выніках працэсу, які, натуральна, адбываўся ў закрытым рэжыме, яна атрымала ўсяго чатыры гады.
Больш за тое, праз некалькі гадзін пасля прысуду лідар хунты генерал Мін Аун Хлаінг аб'явіў частковую амністыю для асуджанай, скараціўшы тэрмін яе зняволення да двух гадоў.
Няма сумневу, што мяккі вердыкт і хуткая амністыя з'яўляюцца фрагментам нейкай камбінацыі, якую прыдумала хунта. Напрыклад, французскі Le Monde мяркуе, што гэта была спроба рэжыму палепшыць міжнародны імідж. Акрамя таго, атракцыён нечуванай велікадушнасці мог схіліць частку апазіцыі да супрацоўніцтва.
Магчыма, генералы таксама марылі за кошт мяккага прысуду паўплываць на рэжым санкцый з боку Захаду. Санкцыі ў асноўным уключаюць забарону на ўезд асобам новага істэблішменту і замарожванне іх актываў. Пад іх трапілі ў тым ліку дзяржаўныя кампаніі, якія займаюцца экспартам каштоўных камянёў — галоўнай крыніцы валюты ў краіне.


Зрэшты, калі прысуд быў нейкім тактычным крокам, то хунта пралічылася. Ніхто ў яе гуманізм асабліва не паверыў. Скарачэнне тэрміну пакарання для дысідэнткі па сутнасці нічога не мяняе, паколькі асуджаная на два гады Аўн Сан Су Чжы не можа ўдзельнічаць у наступных выбарах, якія запланаваныя на жнівень 2023 года.
Але судовая расправа дапамагла ёй часткова аднавіць прэстыж і аўтарытэт. У свой час апазіцыянерку, нягледзячы на статус Нобелеўскага лаўрэата, вінавацілі ў жорсткім стаўленні да мусульман з клану рахінджа, якія сталі ахвярамі зверстваў з боку арміі М’янмы.
Цяпер Аўн Сан Су Чжы зноў свая ў вачах Захаду. Кіраўнік амерыканскай дыпламатыі Энтані Блінкен асудзіў несправядлівы прысуд, назваўшы яго «абразай дэмакратыі». Мішэль Бачэлет, вярхоўны камісар Арганізацыі Аб'яднаных Нацый па правах чалавека, са свайго боку раскрытыкавала працэс з-за яго фармату сакрэтнай працэдуры.
Зрэшты, пракол у хунты яўна не першы. Спачатку, рыхтуючыся да путчу, ваенныя не верылі, што супраціўленне будзе такім маштабным. Пасля лютаўскага перавароту паўстаў шырокі рух грамадзянскага непадпарадкавання, які ўжывае самыя розныя мадэлі пратэсту — ад байкоту фірмаў, якія звязаныя з рэжымам, аж да вулічных маніфестацый. У красавіку група апанентаў хунты ў міграцыі заявіла пра стварэнне ў замежжы Ураду нацыянальнага адзінства (NUG). І ён патрабуе ад заходніх сталіцаў прызнаць яго адзіным легітымным урадам М’янмы.
Наступнай памылкай генералаў стала стаўка на гвалт. Вайскоўцы пераканалі сябе ў тым, што жорсткая тактыка хутка здушыць супраціў. Сапраўды, дзейнічалі яны вельмі жорстка. Лічыцца, што за гэты год пры падаўленні акцый пратэстаў было забіта 1250 чалавек, у тым ліку маленькіх дзяцей. Каля 8000 чалавек трапілі ў турмы, дзе некаторыя з іх падвяргаліся згвалтаванням і катаванням.
Але замест чаканай генераламі пацыфікацыі пачалася радыкалізацыя апазіцыі. Ад пачатку лета прэса ўсё часцей піша пра напады на вайсковыя канвоі і кіраўнікоў мясцовых адміністрацый. Некаторыя дысідэнты наладзілі сувязі з этнічнымі ўзброенымі групоўкамі, якія доўгі час змагаліся з метраполіяй. У адказ на актывізацыю сепаратыстаў вайскоўцы атакуюць падкантрольныя ім раёны, у тым ліку з дапамогай цяжкага ўзбраення.
У кастрычніку паўстанцкі рух набыў больш скаардынаваную форму. Згаданы вышэй міграцыйны ўрад абвясціў пра стварэнне вайсковай групоўкі «Сілы народнай абароны» і заклікаў да «абарончай вайны». Спікеры NUG сцвярджаюць, што навіна пра пачатак партызанкі падарвала маральны дух урадавых жаўнераў, якія масава бягуць з фронту. Зрэшты, спраўдзіць гэтую інфармацыю немагчыма.
Цікава, што пераход да герыльі быў раскрытыкаваны часткай заходніх дыпламатаў. Як піша сайт CNN, шэраг прадстаўнікоў міжнароднай супольнасці і дыпламатаў кажуць, што не могуць падтрымліваць «Сілы народнай абароны», таму што іх баевікі выкарыстоўваюць гвалтоўныя метады. У сваю чаргу, каардынатары паўстанцкіх фармаванняў кажуць, што працэс ужо не спыніць. Мясцовыя камуны і маленькія гарады стыхійна ствараюць атрады самаабароны, якія фармуюць надрэгіянальныя структуры.
Пры гэтым патрабаванні герыльерас часта выходзяць за рамкі лозунгу вяртання краіны да жыцця паводле нормаў Канстытуцыі, якая дзейнічала да лютага гэтага года. Так, нацмены патрабуюць федэралізацыі краіны, а жаночыя секцыі партызан (ёсць і такія!) заклікаюць да рэформаў на карысць праў кабетаў.
Важнай датай для вызначэння кірункаў развіцця сітуацыі ў М’янме можа стаць 14 снежня. У гэты дзень Аўн Сан Су Чжы паводле працэдуры павінны быць прад'яўленыя дадатковыя абвінавачанні. Пакаранне па гэтых артыкулах агулам можа скласці да ста гадоў турмы. Ці пойдзе хунта на гэты крок?