Лідарку дэмакратаў М’янмы Аўн Сан Су Чжы асудзілі на 4 гады зняволення

Вайсковая хунта, якая ўтрымлівае ўладу ў М’янме, вынесла прысуд лідарцы дэмакратычных сілаў краіны, перадае Радыё Свабода.

ЕPA

ЕPA

76-гадовая Аўн Сан Су Чжы, якая кіруе Нацыянальнай лігай за дэмакратыю, асуджана на 4 гады зняволення. Пра гэта агенцтву AFP расказаў прэс-сакратар ураду краіны.
Вайсковая хунта, якая прыйшла да ўлады ў выніку перавароту, абвінаваціла Аўн Сан Су Чжы ў парушэнні дзяржаўнай таямніцы, нелегальным увозе партатыўнай прыёмаперадавальнай тэхнікі, выкарыстанні гэтай апаратуры без дзяржаўнай рэгістрацыі, парушэнні рэжыму надзвычайнага становішча і атрыманні хабару. Яе арыштавалі 1 лютага наўпрост у кабінеце, з таго моманту да суда яе ніхто не бачыў.
Аднак прысуд, паводле словаў прадстаўніка цяперашняй улады, вынесены за распаўсюд іншадумства супраць вайскоўцаў і парушэнне каронавірусных абмежаванняў.


У лютым 2021 года вайскоўцы зладзілі пераварот, які скончыўся іх поспехам і зрынаннем Аўн Сан Су Чжы, якая з 2011 года займала розныя пасады ў краіне, была міністаркай замежных спраў, кіраўніцай канцылярыі прэзідэнта і прэм’ер-міністаркай. Дзеянні хунты падтрымалі Расія і Кітай.
Па ўсёй краіне пачаліся ўзброеныя сутычкі паміж пратэстоўцамі і вайскоўцамі, якія прывялі да соцень смерцяў. Вайскоўцы заявілі, што выбары ў лістападзе 2020 года правялі з махлярствам. Тысячы людзей па ўсёй краіне трапілі ў турмы, аднак затым пад міжнародным ціскам многіх з іх выпусцілі на волю.
Аўн Сан Су Чжы была 15 гадоў пад хатнім арыштам па розных абвінавачаннях з 1989 па 2010 гг., калі краіна таксама знаходзілася пад панаваннем вайсковай хунты. Міжнародная арганізацыя Amnesty International давала палітыку тытул «Амбасадар сумлення», аднак у 2018 годзе адклікала ўзнагароду праз ганенні на народнасць рахінджа — вайскоўцы М’янмы высялялі мусульманаў з іх дамоў, здзекаваліся з іх і забівалі, а Аўн Сан Су Чжы, на думку праваабаронцаў, праявіла абыякавасць да лёсу гэтых людзей.