Памёр праваабаронца Сяргей Гоўша

На 73-м годзе пайшоў з жыцця адзін з найстарэйшых сябраў «Вясны», сябра Рады арганізацыі, праваабаронца з Баранавічаў Сяргей Гоўша.

gousha_nekralog_1.jpg

Ён быў адным з удзельнікаў стварэння Таварыства беларускай мовы, Экалагічнага саюза, Беларускага народнага фронту. У 1991 г. пасля вылучэння Таварыствам беларускай мовы быў абраны дэпутатам Брэсцкага абласнога Савета, распавядае «Вясна».

Пачынаючы з 1997 года, спадар Сяргей у шэрагах сябраў «Вясны». «Не шкадуючы ні сілаў, ні свайго вольнага часу, аказваў дапамогу землякам, абараняў іх на судовых працэсах, дапамагаў абскардзіць несправядлівыя рашэнні ў вышэйшых інстанцыях», — адзначаюць ягоныя калегі.

Сяргей Гоўша часта звяртаўся да мясцовых і рэспубліканскіх уладаў з прапановамі і заявамі, датычнымі розных актуальных пытанняў — свабоды мірных сходаў, свабоды слова. Праваабаронца няўрымсліва адстойваў права беларусаў на свободныя і празрыстыя выбары, шанаваў і абараняў беларускую мову.

Сяргей Гоўша неаднаразова звяртаўся з паведамленнямі ў Камітэт па правах чалавека ААН, дзе ягоныя скаргі былі падтрыманыя і разгледжаныя.

«За сваю праваабарончую дзейнасць спадар Гоўша пераследаваўся ўладамі, некалькі разоў затрымліваўся міліцыяй, і да апошняга дня заставаўся нязломным барацьбітом за агульначалавечыя каштоўнасці», — гаворыцца ў памінальным артыкуле «Вясны».