Ціханоўская прапанавала стварыць калектыўны орган кіраўніцтва і ўхвалення рашэнняў на Канферэнцыі Новай Беларусі

У Вільні праходзіць канферэнцыя дэмакратычных сіл «Новая Беларусь»

cihanouskaja_4.jpg

Святлана Ціханоўская заявіла аб неабходнасці стварыць калектыўны орган для дасягнення мэтаў новай Беларусі.
«Як бы мяне ні называлі — хатняй гаспадыняй, брытанскай каралевай, засланым агентам, гэта ні ў якім выпадку не зменіць жыццё майго суседа на пляцоўцы, і менавіта таму наша з вамі задача — стварыць працаздольнае аб'яднанне, не дазволіць рэжыму, прапагандзе і асабістым абразам раз'яднаць нас і даць апанентам падставу для трыумфу», — заявіла Святлана Ціханоўская.
Прадстаўнік палка «Пагоня» Вадзім Пракоп'еў прапанаваў Ціханоўскай вызначыцца — гатовая яна ўзначаліць урад ці не. Калі не, то прапанаваў ёй «сыходзіць убок», і тады будзе іншы прэм'ер-міністр.
Кіраўнік Народнага антыкрызіснага кіраўніцтва (НАК), сябра прэзыдыюму Каардынацыйнай Рады Павел Латушка дадаў, што цяпер ніводная з асобных структур не здольная самастойна вырашыць праблемы, таму неабходна стварыць адмысловы пераходны Кабінет, у якім будзе моцны сілавы блок, блок міжнароднай палітыкі, санкцыйны камітэт. Ён пагадзіўся з прапановай Вадзіма Пракоп'ева, што рашэнне аб стварэнні такога пераходнага кабінету або ўраду мусіць быць абвешчана да заўтра, а ўсе кандыдатуры ў ім належыць абмеркаваць з удзелам грамадскасці.
Аляксандр Азараў, прадстаўнік ByP*l, таксама падтрымаў ініцыятыву стварэння ўраду ў выгнанні, які зможа рэалізаваць план «Перамога». Ён сказаў, што такое рашэнне мусіць ухваліць Святлана Ціханоўская. Паводле яго, да плану «Перамога» далучылася каля 200 тысяч беларусаў
Як сказала Ціханоўская, кожнаму, хто будзе далучацца да супольнай працы, давядзецца ісці на кампрамісы.
«Нам усім трэба будзе памятаць, што ў палітыцы не існуе паняцця "мне не падабаецца", ёсць толькі паняцце, ці дапаможа гэта людзям, перад якімі мы адказныя», — лічыць яна.