Арцём Шрайбман пра першы дзень канферэнцыі: Мірны пратэст канцэптуальна пахаваны

Палітычны аналітык падзяліўся рэфлексіямі аб першым дні канферэнцыі «Новая Беларусь» у Вільні. Нагадаем, сёння, 9 жніўня, канферэнцыя працягнецца.

lrm_export_47839297393699_20200111_163110488.jpg

«Мірны пратэст у дэмсілах канцэптуальна пахаваны, — піша Арцём Шрайбман у сваім тэлеграм-канале. — Два гады таму дурным тонам было казаць пра сілавы супраціў. Сёння гэта мэйнстрым, адвакатам сілавога рашэння больш ніхто не пярэчыць. Відавочны ўплыў вайны на дыскурс.

Былі толькі нясмелыя (і, на мой погляд, цалкам справядлівыя) заўвагі ад Лябедзькі, што стаўка на сілавую стратэгію апазіцыі рэзка звужае яе патэнцыйную аўдыторыю, і асцярожныя намёкі Вячоркі, што ніякіх рэсурсаў (ні людскіх, ні дыпламатычных, ні фінансавых) на аўтаномную армію проста няма.

Калі створаць Кабінет, я не ведаю, але важней пытанне, чым ён будзе займацца такім, чым не маглі займацца ўсе будучыя «міністры» да гэтага часу. Калі не знайсці чым кіраваць, кабінет Ціханоўскай будзе толькі часовым заспакаяльным для яго ўдзельнікаў.

А потым, па заканчэнні першага справаздачнага перыяду, калі нічога не зменіцца — ні Лукашэнка не будзе прызнаны нідзе тэрарыстам, ні армія не будзе створана, ні сам кабінет ніхто такім не прызнае, ні адзін новы пакет санкцый не атрымаецца праціснуць — пачнецца ўзаемнае тыканне пальцамі і пошук вінаватых.

Патэнцыйная лінія будучага расколу — запрошаныя «звонку» міністры будучага кабінета (сілавікі і Латушка) і офіс Ціханоўскай, які пры ёй, як лідары новага Кабінета, усё яшчэ застанецца. Першыя будуць казаць, што Франак і астатнія ўсё яшчэ сабатуюць іх поспех з-за спіны Святланы, а другія скажуць: «Ну што, кабінетчыкі, паўгода-год прайшлі, вы ні з чым не справіліся, мы ж казалі».

Вось апошняя нотка пра тое, што «не толькі Ціханоўскай, а вам потым несці адказнасць за вынікі працы» ў панядзелак некалькі разоў гучала з вуснаў прадстаўнікоў офіса. Часам здавалася, што для іх усё гэта практыкаванне з Кабінетам — спроба даць крытыкам магчымасць паспрабаваць сябе ў справе і аблажацца так, каб нельга было наракаць на «ўзурпатара» Святлану.

Не ведаю, ці спрацуе. Шмат што залежыць ад працэдуры прыняцця рашэнняў і кадравага складу Кабінета, а менавіта — ці будзе там большасць у яе лаялістаў і ці зможа кабінет пераадольваць яе вета сваёй кваліфікацыйнай большасцю. Але з Веранікай Цапкала гэтая тактыка — даць паказаць сябе — спрацавала на ўра.

Акрамя таго, што яна працягнула справу мужа з патокам асабістых крыўдаў на ўсіх астатніх і адкрытым сепаратызмам (усё роўна, што вы тут вырашыце, у нас свая структура і ў яе праз тры дні прэс-канферэнцыя), Вераніка прадэманстравала самы надзейны спосаб палітычнага суіцыду.

Нічым не замяняльны кісларод для палітыкаў у выгнанні — іх прысутнасць у інфаполі. У такой сітуацыі пасварыцца з усімі журналістамі адным махам — гэта рэдкая здольнасць. Пасля прапановы стварыць камітэт кантролю за незалежнымі СМІ, якія мала пішуць пра чату Цапкала, і патрабаваць у донараў не даваць ім грошай, я здзіўлюся, калі пра іх будуць пісаць наогул, акрамя як для лёгкіх клікаў на скандале.

Для мяне праблема ўсяго гэтага руху не ў тым, добры ці дрэнны дызайн новай канфігурацыі дэмсіл. Сам працэс пакуль што выглядае канструктыўным і нядрэнна арганізаваным. Праблема ў тым, што любое з магчымых рашэнняў будзе прынята ўнутры бурбалкі для патрэб самой бурбалкі.

У 2020 годзе даводзілася спешна кроіць штаб для дэзарыентаванай арміі пратэстоўцаў. Не выйшла, рух рэгулярна абезгалоўлівалі, а тыя, хто заставаліся, пераацанілі цягавітасць пратэсту і недаацанілі патэнцыял рэпрэсій. Але не сказаць, што спроба была асуджаная на няўдачу.

Зараз жа дэмсілы спрабуюць стварыць эфектыўны і інклюзіўны генштаб без «арміі» і без рэсурсу яе мабілізаваць. Спадзеючыся толькі на трапяткое чаканне, што яна з'явіцца, як толькі Украіна пераможа, а рэжым раптам пачне сыпацца. І ў мяне пакуль не ўзнікла адчування, што патэнцыйных салдат гэтай арміі ўнутры Беларусі хтосьці аб чымсьці спытаў.