«Лідар воляй лёсу». Святлана Ціханоўская расказала, кім сябе адчувае
На канферэнцыі дэмакратычных сіл, якая працягваецца ў Вільні, Святлана Ціханоўская заявіла, што адчувае сябе нацыянальным лідарам і гатовая падзяліцца адказнасцю з тымі, хто будзе працаваць з ёй.

«Я адчуваю сябе беларускай, якая воляю лёсу ўзяла на сябе адказнасць і абавязак выканаць свой абавязак перад Беларуссю, перад беларусамі, асабліва перад тымі, хто ахвяраваў сабой і сядзіць цяпер у турмах, — сказала Святлана Ціханоўская ў першай частцы сённяшняй праграмы. — Я ведаю, што беларусы галасавалі за мяне. Учора я казала ў сваёй прамове, што я разумею, цалкам усведамляю, што гэта было не таму, што людзі паверылі ў мяне, людзі галасавалі канкрэтна за мяне, — яны галасавалі за людзей, якія не дайшлі да гэтага этапу.
Але што я магу цяпер? Я магу працаваць, я ўзяла на сябе
гэтую адказнасць, я гатовая, я нават жадаю гэтай адказнасцю падзяліцца з тымі,
хто гатовы працаваць са мной плячом да пляча. Так, я адчуваю сябе нацыянальным
лідарам».