Эдуард Пальчыс: Навошта беларусам Святлана Ціханоўская?

Публіцыст і блогер Эдуард Пальчыс, які знаходзіцца за кратамі, падзяліўся думкамі адносна асобы Святланы Ціханоўскай на тле дыскусій, якія разгарнуліся ў апошні час.

palchys_logo_2_1_1.jpg


На хвалі ўсеагульнага перацягвання коўдры лідарства ў асяроддзі дэмакратычных сіл хочацца нагадаць некаторыя асновы.
Святлана Ціханоўская перамагла на выбарах прэзідэнта ў 2020 годзе, і гэта значыць, што яна з'яўляецца адзіным носьбітам легітымнасці. Калі ў 2020 годзе беларусы галасавалі за Святлану Георгіеўну на выбарах, ніхто і не меркаваў, што абраны прэзідэнт у першы ж дзень пасля сваёй перамогі акажацца ў Літве. Аднак з эміграцыі Ціханоўская выконвае вельмі важную функцыю прадстаўніцтва беларускага народа.
Ціханоўская прадстаўляе сусветнай супольнасці рэальны стан спраў у нашай краіне. А менавіта: не дазваляе забыцца пра бесперапынныя рэпрэсіі, на кожнай сустрэчы ўздымае тэму палітвязняў, трымае Беларусь у фокусе ўвагі заходніх палітыкаў, нават калі гэта стала даволі складана на фоне распачатай ва Украіне вайны.І, галоўнае, даносіць думку аб адсутнасці ў Лукашэнкі народнай падтрымкі.
Так, Лукашэнка задушыў вуліцу, але больш легітымным ён не стаў. І ўсе яго дзеянні і рашэнні таксама нелегітымныя.
Дзякуючы дзейнасці Ціханоўскай, беларускі народ захоўвае суб'ектнасць, у той час як Лукашэнка ператварыўся ў нерукапаціскальнага васала Пуціна.
Дзякуючы актыўнасці Офіса Святланы Ціханоўскай удалося падзяліць паняткі «беларусы» і Лукашэнка. І патлумачыць, што Лукашэнка вінаваты ў суагрэсіі на ўкраінскія гарады, а ягоныя рашэнні аб прадастаўленні нашай тэрыторыі для расійскай агрэсіі не падтрымліваюцца беларусамі. Як зрэшты і ўсе яго дзеянні пачынаючы са жніўня 2020 года паходзяць ад яго самога, а не ад імя беларускага народа.
Святлана Ціханоўская і яе прадстаўнікі вырашаюць таксама практычныя пытанні і праблемы беларусаў - выдача віз і відаў на жыхарства, стварэнне ўмоў для працы беларускага бізнесу ў еўрапейскіх краінах, магчымасці для беларускіх студэнтаў навучацца за мяжой.
Пасля пачатку вайны ва Украіне Офіс Святланы Ціханоўскай застаўся адзіным фактычным прадстаўніком і абаронцам інтарэсаў беларусаў ва Украіне. Бо лукашэнкаўскае пасольства бегла з Кіева, ратуючыся ад расійскіх ракет, якія прылятаюць з тэрыторыі Беларусі. Іранічна.
Офіс Ціханоўскай і яе партнёры лабіруюць інтарэсы беларусаў ва Украіне настолькі, наколькі ўкраінскія ўлады ў прынцыпе гатовы прыслухоўвацца ў гэтых пытаннях да каго-небудзь. Паказальнымі прыкладамі служаць выпадкі ўмяшання прадстаўнікоў Ціханоўскай у сітуацыю з дэпартацыяй беларускіх праваабаронцаў з Украіны, калі дзякуючы ўмяшанню пытанне ў міграцыйнай службе было вырашана на карысць беларусаў.
«Нічога пра нас без нас», — Ціханоўская рэалізуе гэты прынцып, і яе дзейнасць дае магчымасць беларускаму грамадству быць пачутым падчас глабальных палітычных працэсаў, якія адбываюцца сёння.
На жаль, наша гісторыя ведае не адзін прыклад, калі лёс Беларусі вырашаўся паміж Расіяй і Захадам зусім у абыход саміх беларусаў. Дзякуючы Святлане Ціханоўскай у беларусаў ёсць шанец не дапусціць новага «Рыжскага міру», а мець прадстаўніка і адстойваць свае інтарэсы падчас новых мірных перамоваў, якія чакаюць мір у агляднай будучыні.