Ірыну Слаўнікаву асудзілі на 5 гадоў калоніі — на год больш, чым запатрабавала абвінавачанне
Журналістку TVP Ірыну Слаўнікаву асудзілі на 5 гадоў калоніі. Суддзя вынес нават больш жорсткае пакаранне, чым прасіў пракурор.
![slaunikava_2.jpg slaunikava_2.jpg](/img/v1/images/slaunikava_2.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
У Гомелі ў закрытым судзе вынеслі прысуд Ірыне
Слаўнікавай. Журналістку TVP судзіў
Мікалай Доля, які разглядаў у тым ліку і «справу Ціханоўскага». Ён вырашыў
асудзіць Ірыну Слаўнікаву да 5 гадоў калоніі — прытым, што пракурор прасіў для
яе толькі 4 гады зняволення
Ірыну Слаўнікаву прызналі вінаватай у «стварэнні экстрэмісцкага фарміравання» (ч.1 арт. 361-1 Крымінальнага кодэкса) і ўдзеле ў пратэстах (ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса).
![Ірына Слаўнікава: як праходзіць суд Журналісткі Кацярына Андрэева і Дар'я Чульцова, імаверна, выступаюць сведкамі ў судзе над Ірынай Слаўнікавай](/img/v1/images/uid_6f968c1d1d5a31bc77ed35751f9544f91657208874841_width_1280_play_0_pos_0_gs_0_height_720_iryna_slaunikawa_jest_sadzona_w_minsku_fot_getty_images_facebook.jpg?f=c&h=360&o=0&u=1715395350&w=660)
Як пісаў НЧ, суд над журналісткай пачаўся 23 чэрвеня. Яна была затрыманая ў кастрычніку 2021 года ў аэрапорце. Двойчы яе асуджалі на 15 сутак адміністрацыйнага арышту, а потым зрабілі падазраванай па крымінальнай справе. Ірыне Слаўнікавай інкрымінавалі ўдзел у акцыі пратэсту 30 жніўня, а таксама тое, што яна «аб'яднала групу грамадзян, якія пад яе кіраваннем і кантролем стваралі і размяшчалі экстрэмісцкія матэрыялы на шматлікіх польскіх медыярэсурсах», «фармавала склад супольнасці, размяркоўвала ролі, карэктавала навінавую павестку, матэрыяльна забяспечвала і фінансавала дзейнасць злачыннай групы».
Беларуская асацыяцыя журналістаў выступіла з заявай, у якой заклікае адмяніць прысуд Ірыне Слаўнікавай і неадкладна вызваліць усіх 29 прадстаўнікоў медыя, якія на гэты знаходзяцца за кратамі ў Беларусі. Журналісты — не экстрэмісты, а іншадумства — не злачынства, падкрэслівае БАЖ.