Журналісткі Кацярына Андрэева і Дар'я Чульцова, імаверна, выступаюць сведкамі ў судзе над Ірынай Слаўнікавай

6 ліпеня ў Гомельскім абласным судзе працягнулася слуханне крымінальнай справы супраць журналісткі Ірыны Слаўнікавай. Яна абвінавачваецца ў арганізацыі пратэстаў і кіраўніцтве экстрэмісцкім фарміраваннем. Бацька журналісткі Аляксандр Слаўнікаў у каментары TVP распавёў, як прайшло чарговае пасяджэнне суда.

uid_6f968c1d1d5a31bc77ed35751f9544f91657208874841_width_1280_play_0_pos_0_gs_0_height_720_iryna_slaunikawa_jest_sadzona_w_minsku_fot_getty_images_facebook.jpg

— Вы прысутнічалі на другім дні пасяджэння па абвінавачванні вашай дачкі?

— Як я казаў раней, справа слухаецца ў закрытым пасяджэнні. Увесь час, пакуль ішло пасяджанне, я знаходзіўся ля дзвярэй залы, каб хоць на секунду убачыць сваю дачку, калі адчынялася дзверы. Дачка знаходзілася ў клетцы за шклом, яе ахоўвалі не менш за чатыры супрацоўнікі міліцыі. Побач са мной былі мае сваякі і сябры Ірыны.

— Як прайшоў другі дзень працэсу па абвінавачванні Ірыны?

— Другі дзень працэсу, са словаў абароны, прайшоў таксама добра. З пункту гледжання абароны, у ходзе працэсаў выявілася яшчэ больш акалічнасцяў, якія аспрэчваюць абвінавачанне.

— Як трымаецца і выглядае ваша дачка?

— Ірына трымаецца вельмі годна. Як яна выглядае? Калі ўлічыць, што мая дачка ўжо восем месяцаў знаходзіцца ў турме, тым больш у камеры без сонечнага святла і свежага паветра, то гэта, безумоўна, адлюстроўваецца на яе знешнім выглядзе. Яна бледная, значна схуднела, у вачах стомленасць і трывога, але ўсё роўна яна застаецца добрай і прыгожай.

— Ці вядома вам, якія сведкі выкліканыя на пасяджэнне з боку абвінавачвання?

— Я так разумею, што, па-сутнасці, нават я з’яўляюся сведкам абвінавачвання, бо мяне выклікалі позвай. Але пры гэтым мае паказанні ніяк не маглі пацвердзіць пазіцыю абвінавачвання, мне яно невядомае. Што тычыцца іншых сведак, праз тое, што пасяджэнне закрытае, мне невядома, колькі чалавек, хто менавіта і якім чынам давалі паказанні на працэсе. Адзінае, я бачыў і пазнаў Кацярыну Андрэеву і Дар’ю Чульцову, якіх паасобна, на двух аўтазаках, прывезлі і адвезлі.

— Калі наступнае пасяджэнне суда?

— Наступнае пасяджэнне прызначанае на 14 ліпеня. З якой прычыны яно пераносіцца, я не ведаю, гэта рашэнне суда і тут наогул без каментароў. Але я гэтаму вельмі рады! Таму што ў Ірыны 12 ліпеня дзень нараджэння, і мне б не хацелася, каб яна ў гэты дзень знаходзілася ў шкляной клетцы, без вады і ежы на працягу ўсяго працэсу, як гэта адбываецца на пасяджэнні суда.

Нагадаем, Ірыну Слаўнікаву і яе мужа Аляксандра Лойку затрымалі ў канцы кастрычніка 2021 года ў мінскім аэрапорце — пара вярталася з адпачынку. Ірына прызнаная палітычнай зняволенай. Журналістцы пагражае да сямі гадоў пазбаўлення волі.