Аляксандр Фядута: «Справа за малым — калі-небудзь выйсці жывым з гэтай гісторыі»

Палітвязень Аляксандр Фядута парадаваў ў лісце добрымі весткамі пра сваё здароўе: «У мяне са здароўем лепш, чым было на Валадарцы».

Пасля вельмі доўгага перапынку ў перапісцы з нашым калегам – вядомым журналістам, пісьменнікам, літаратуразнаўцам і палітолагам Аляксандрам Фядутам (лісты ад яго даходзілі толькі да жонкі, Марыны Шыбко) – адразу некалькі адрасатаў, у тым ліку і рэдакцыя «Народнай Волі», атрымалі ад яго лісты.

Трэба адзначыць, што тон лістоў вельмі бадзёры. Фірмовае пачуццё гумару не здраджвае Аляксандру Іосіфавічу. Парадаваў ён добрымі весткамі пра сваё здароўе: «У мяне са здароўем лепш, чым было на Валадарцы. Паступова павялічваю фізічную нагрузку, займаючыся зарадкай. Пачаў знаходзіць у сябе на руках нейкія трыцэпсы – гэта сакамернік кажа, які разбіраецца ў анатамічных падрабязнасцях значна лепей, чым я. Таблеткі прымаю. Застаецца пажаданай сустрэча са стаматолагам…»

Адгукнуўся Фядута на сыход з жыцця першага кіраўніка незалежнай Беларусі Станіслава Шушкевіча: «Вельмі шкада Шушкевіча. Вельмі. У нас з ім за трыццаць гадоў знаёмства адносіны складваліся па-рознаму, але, нягледзячы на рознагалоссі, зносіліся мы цёпла і з усмешкамі. Светлая яму памяць! А пра гістарычную яго ролю няхай гісторыкі праз нейкі час і скажуць».

Паведаміў наш калега і станоўчую навіну: «Рукапісы мае (гаворка ідзе пра каментарыі да рамана Уладзіміра Караткевіча «Каласы пад сярпом тваім». – Рэд.) мне вярнулі ў поўным аб’ёме, чаму я вельмі рады. Нават перачытаў яшчэ на Валадарцы – сам, а таксама даў прачытаць двум тамтэйшым «абарыгенам», якія знаёмы з раманам Караткевіча. Яны хвалілі і казалі, што з радасцю папоўнілі б свае бібліятэкі гэтай кніжкай. Справа за малым – калі-небудзь выйсці жывым з гэтай гісторыі. Пакуль я веру, што гэта магчыма».

Але Марына Шыбко хвалюецца з нагоды таго, што ёй рукапісы мужа ніяк не перадаюць. Ці будзе ў яго магчымасць захоўваць іх? Ці не згубіцца яго навуковая праца, упэўнены, вельмі важная для беларускай літаратуры і культуры ў цэлым? На жаль, пакуль адказаў на гэтыя пытанні няма.

Не забывае Аляксандр Іосіфавіч і «родную рэдакцыю»: «Як там справы ў роднай рэдакцыі? Я ўжо звольнены, ці Іосіф Паўлавіч дазволіць мне на судзе пазбегнуць статусу «часова непрацуючага»?» Так, Аляксандр Іосіфавіч, вы застаяцеся народавольцам! Як кажуць: «Не дачакаюцца!»

І Фядута не быў бы Фядутам, калі б не выказаў сваю неверагодную галантнасць: «Усіх дам нашага дружнага рэдакцыйнага калектыву я абдымаю і, як і належыць добра выхаванаму гарадзенцу, цалую ім рукі. Газета ж дачакаецца мяне, праўда?» Дачакаецца! Спадзяёмся, што хутка Аляксандр Іосіфавіч будзе на свабодзе!

 “Народная Воля”



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: