Вольга Івашына: Калі скончыцца казка пра белага бычка?

Тэрмін утрымання пад вартай журналісту-палітвязню Дзянісу Івашыну працягнулі да 10 чэрвеня.

955444.jpg

«428 дзён у палоне, 241 дзень без лістоў…» Жонка арыштаванага журналіста Дзяніса Івашына Вольга вядзе штодзённы адлік знаходжання мужа за кратамі. Напэўна, ні адзін палітзняволены на такі доўгі час не быў пазбаўлены перапіскі з роднымі.

Аднак навіны пра Дзяніса ёсць.

Як паведаміла Вольга Івашына, тэрмін утрымання пад вартай Дзянісу працягнулі да 10 чэрвеня. Следства па ягонай справе ўжо завершана. Івашын і ягоны адвакат знаёмяцца з матэрыяламі.

«Дзеля падтрымання добрай фізічнай формы і здароўя, а таксама каб захаваць ягоны баявы дух і добры маральны стан, днямі аднеслі нашаму нязломнаму ваяру «вітамінную» перадачку з садавіны і гародніны. Бо акурат увесну хочацца болей вітамінаў. Яшчэ перадалі яму трошкі патрэбных рэчаў і прадуктаў. А вось набыць соку ў вязнічнай краме ў Дзяніса няма магчымасці ўжо колькі тыдняў. Мы правялі невялічкае расследаванне і выявілі, што праблема нават не столькі ў недахопе садавіны для вытворчасці соку, колькі ў адсутнасці… упакоўкі для таго, каб той сок разліваць на продаж. Санкцыі, каторыя «ніяк нам не шкодзяць, а толькі ўскладняюць жыццё еўрапейцам», тут ні пры чым, канешне…» – распавяла Вольга.

Дзяніс Івашын – журналіст, даследчык, прадстаўнік супольнасці InformNapalm. З’яўляецца аўтарам шэрагу гучных журналісцкіх расследаванняў. З 2018 года супрацоўнічаў з «Новым Часам». Арыштаваны ў сакавіку 2021 года, напрыканцы таго ж года быў абвінавачаны ў «здрадзе дзяржаве». Праваабаронцы прызналі яго палітычным зняволеным.

Жонка Вольга называе справу мужа «казкай пра белага бычка, якую прыдумалі ў гродзенскім КДБ».
«Народная Воля»