«Справа аб змове»: пад канвоем дапытваюць палітзняволеных прафсаюзнікаў
На суд па «справе аб змове» 10 жніўня выклікалі затрыманых прафсаюзных лідараў. Пад канвоем у залу былі дастаўленыя кіраўнік Беларускага кангрэса дэмакратычных прафсаюзаў (БКДП) Аляксандр Ярашук і яго намеснік Сяргей Антусевіч.
Ярашук паведаміў, што знаёмы з шэрагам абвінавачаных. Ён сказаў, што ў жніўні 2020-га сустракаўся з Юрыем Зянковічам у сваім офісе ў Мінску. Па яго словах, Зянковіч разглядаў варыянт змены ўлады неканстытуцыйным шляхам і казаў, што трэба прыцягваць сілавікоў, паведамляюць праваабаронцы.
Антусевіч расказаў, што знаёмы з усімі фігурантамі гэтай справы, а ў камеры СІЗА №1 сядзіць разам з Аляксандрам Фядутам. Ён падкрэсліў, што Фядута «інтэлектуальна дапамагае» сукамернікам трымацца.
Па сведчанні Антусевіча, Зянковіч запрашаў яго да ўдзелу ў Zoom-канферэнцыях змоўшчыкаў, але ён адмовіўся. Пракурор зачытаў паказанні Антусевіча на следстве. У іх сцвярджаецца, быццам у 2020 годзе Зянковіч казаў, што хоча легалізаваць свой статус як прэзідэнта, а пазней хацеў стаць прэзідэнтам Беларусі.
Таксама ў судзе зачыталі пратаколы яшчэ аднаго сведкі — грамадзяніна Украіны, прозвішча якога не называлася. Згодна з імі, Зянковіч планаваў прыцягнуць для змовы грошы багатых прадстаўнікоў ізраільскай дыяспары ў ЗША.
Нагадаем, Зянковіч абвінавачваецца паводле ч. 1 арт. 357 КК (змова з мэтай захопу дзяржаўнай улады неканстытуцыйным шляхам), ч. 1 арт. 361-1 КК (стварэнне экстрэмісцкага фармавання і кіраўніцтва ім), ч. 3 арт. 361 КК (публічныя заклікі да захопу дзяржаўнай улады), ч. 3 арт. 130 КК (распальванне сацыяльнай варожасці).
Фядута і Кастусёў — паводле ч. 1 арт. 357 КК (змова з мэтай захопу дзяржаўнай улады неканстытуцыйным шляхам).
Галубовіч і Краўчук — паводле ч. 1 арт. 342 КК (актыўны ўдзел у групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак).
Справу расследаваў Камітэт дзяржаўнай бяспекі Беларусі.
Фігурантамі справы таксама з'яўляюцца таксама псіхіятр Дзмітрый Шчыгельскі, экс-супрацоўнік спецпадраздзялення МУС «Алмаз» Ігар Макар, а таксама Аляксандр Перапечка, Павал Кулажанка і Віталь Макаранка, якія пражываюць за мяжой.
Пяцёх абвінавачаных затрымалі ў сярэдзіне красавіка 2021 года. Праваабаронцы прызналі палітвязнямі ўсіх, акрамя Зянковіча.
Лукашэнка тады заявіў, што яны нібыта рыхтавалі замах на яго і ягоных сыноў.
Кіраўнікі беларускіх прафсаюзаў былі затрыманыя 19 красавіка 2022 года. 19 ліпеня дзейнасць шэрагу незалежных прафсаюзаў была спыненая па пазовах генпракурора Андрэя Шведа.