Расійскага танкіста, які стрэліў у жылы дом ва Украіне, прысудзілі да 10 гадоў
Суд ва Украіне прысудзіў расійскага танкіста Міхаіла Кулікова, які абвінавачваецца ў абстрэле жылога дома на ўскраіне Чарнігава, да 10 гадоў пазбаўлення волі. Кулікоў стаў другім расійскім вайскоўцам, асуджаным ва Украіне пасля пачатку ўварвання.
Дзяснянскі раённы суд Чарнігава прызнаў Кулікова вінаватым па артыкуле аб парушэнні законаў і звычаяў вайны.
Працэс над Куліковым пачаўся ў Чарнігаве 24 чэрвеня. На першым судовым паседжанні па сутнасці ён прызнаў сваю віну. 4 жніўня пракурор папрасіў суд прысудзіць расіяніна да 10,5 гадоў калоніі.
Па версіі абвінавачання, 26 лютага 31-гадовы Кулікоў па загадзе свайго камандзіра стрэліў з танка Т-72Б у шматпавярховы жылы дом на ўскраіне Чарнігава. У выніку стрэлу былі разбураны кватэры, але абышлося без чалавечых ахвяр. У той жа дзень Кулікова ўзялі ў палон украінскія вайскоўцы.
Як сцвярджаў Кулікоў, камандзір па прозвішчы Шчоткін сказаў яму, што ў адной з кватэр шматпавярховага дома знаходзіцца ручны супрацьтанкавы гранатамёт (РПГ), пасля чаго ён разгарнуў вежу танка і стрэліў. Кулікоў у судзе пацвердзіў, што разумеў, што страляе ў жылы дом.
«Усё рабілася хутка, на аўтаматызме. Як бы пры страху. Было страшна за сябе, за экіпаж. І вось такім чынам я зрабіў стрэл»,— цытавала танкіста выданне «Ґрати».
Таксама Кулікоў заявіў, што раскайваецца, і папрасіў прабачэння ў пацярпелых уладальнікаў кватэр і жыхароў Украіны.
«Жыхарам Украіны прыношу свае прабачэнні, што ўварваліся сюды, гэта было няправільна з нашага боку. І за свой стрэл я вельмі шкадую, што я яго здзейсніў. І ў далейшым я б не выконваў такія загады, бо яны з'яўляюцца злачыннымі»,— сказаў ён.
У канцы траўня ва Украіне асудзілі 21-гадовага расійскага вайскоўца Вадзіма Шышымарына. Яму прызначылі пажыццёвае пазбаўленне волі за забойства цывільнага ў Сумскай вобласці. 29 ліпеня апеляцыйны суд замяніў яму пажыццёвае зняволенне на 15 гадоў пазбаўлення волі.