Расійскай журналістцы Марыне Аўсяннікавай прысудзілі новы штраф
Былую рэдактарку расійскага «Першага канала» абавязалі выплаціць 40 тысяч расійскіх рублёў за «дыскрэдытацыю расійскай арміі».
Чаромушкінскі суд Масквы разгледзеў чарговую справу ў дачыненні да журналісткі Марыны Аўсяннікавай. На гэты раз падставай стаў допіс у Фэйсбуку, які «выявілі» супрацоўнікі Цэнтра па супрацьдзеянні экстрэмізму. За «дыскрэдытацыю расійскай арміі» Аўсяннікавай прысудзілі штраф у 40 тысяч рублёў.
Нагадаем, Марына Аўсяннікава стала вядомая пасля таго, як з'явілася ў жывым эфіры «Першага канала» з антываенным плакатам. Пасля гэтага судовыя справы пасыпаліся на жанчыну адна за адной, і яна была вымушаная пакінуць Расію. Некаторы час журналістка працавала на германскім тэлеканале «Welt», але пасля таго, як муж падаў на яе ў суд і запатрабаваў пазбавіць жанчыну бацькоўскіх правоў, яна вярнулася ў Расію.
Штраф за «дыскрэдытацыю расійскай арміі» не першы ў гісторыі цяперашняга супрацьстаяння Аўсяннікавай рэжыму Пуціна: яе ўжо затрымлівалі за адзіночны антываенны пікет пад сценамі Крамля. На плакаце, які трымала жанчына, было напісана: «Пуцін — забойца. Яго салдаты — фашысты. 352 дзіцяці загінулі. Колькі яшчэ павінна загінуць дзяцей, каб вы спыніліся?»
Тады яна мусіла выплаціць 50 тысяч рублёў.