Мікалай Аўтуховіч на судзе заявіў пра пераслед з боку міліцыі

"Групу Аўтуховіча" судзяць у гродзенскай турме, таму на працэс патрапілі толькі прадстаўнікоў дзяржаўных СМІ.

autuhovicz_1.jpg

Мікалай Аўтуховіч у сваіх паказаннях на судзе згадаў папярэднія судзімасці. Ён заявіў, што ні разу не парушаў закон, але міліцыянты "не адступалі ад мяне ні на крок ні на адно імгненне, ні ў адным кутку Беларусі". Ён назваў гэта пераследам, піша «Еўрарадыё» са спасылкай на дзяржаўную "СБ. Беларусь сегодня".

Аўтуховіч заявіў, што яго ўчынкамі і дзеяннямі рухаў пошук праўды і справядлівасці.

Як і некалькі дзён таму, ён зноў заявіў пра невінаватасць астатніх падсудных: "У гэтым абвінавачванні панапісвалі кучу трызнення, якое не стасуецца з маім характарам і паняццямі. Для чаго было "шыць" АЗГ (арганізаваная злачынная групоўка) гэтым людзям? Вось ён я: садзіце на колькі хочаце, але не рабіце злачынства супраць гэтых людзей".

Мікалая Аўтуховіча затрымалі ў снежні 2020 года. Разам з ім пад суд трапілі 11 чалавек. Іх вінавацяць у падпале дома міліцыянта ў Ваўкавыску, падрыве прыпаркаванай машыны сілавіка ў Гродне. Самога Аўтуховіча вінавацяць па 12 артыкулах крымінальнага кодэкса.

Суд над "групай Аўтуховіча" праходзіць у гродзенскай турме, таму на яго пускаюць толькі прадстаўнікоў дзяржаўных СМІ.