«Раніцай я бачыў, як з іх здзекуюцца». Ігара Банцэра асудзілі на 15 сутак

Музыка Фёдар Жывалеўскі, які сядзеў на Акрэсціна разам з Банцэрам, распавёў у фэйсбуку пра тое, што Ігара Банцэра арыштавалі на 15 сутак. Прычына невядомая.

bancer_1024x768_1.jpg

Нагадаем, гарадзенскага музыку Ігара Банцэра затрымалі 4 жніўня. Пра гэта стала вядома ад яго сваякоў. Як пісала Св*бода, жалезныя дзверы ў гродзенскай кватэры выламалі, Ігара забралі і завезлі ў Мінск. На той момант Ігар знаходзіўся ў кватэры адзін, «затрымліваў ці то ГУБАЗіК, ці то КДБ».
Што стала прычынай для гэтага, пакуль невядома. «Яму далі 15 содняў, і ён лёг і спаў на стале, пакуль усе нерваваліся, каму што дадуць», — кажа Фёдар Жывалеўскі.
«У камеры ў Кастрычніцкім раёне я паўночы не разумеў, што ў куце сядзіць у капюшоне Банцэр. На наступны дзень нас рассадзілі па розных камерах, бо ён “палітычны”. Раніцай я бачыў, як з іх здзекуюцца. Яны бегаюць рукамі назад, іх ганяюць па калідоры — і матам-пераматам. Мне было страшна ўвесь час», — кажа Жывалеўскі.

Па словах Жывалеўскага, Банцэру «18 адміністрацыйных артыкулаў павесілі».
Да гэтага ў праўладным тэлеграм-канале было апублікавана так званае «пакаяльнае відэа» з музыкам. У каментары да відэа паведамлялася: «Вырашаецца пытанне аб узбуджэнні крымінальнай справы па арт.130 КК Рэспублікі Беларусь за яго дзейнасць у сацыяльных сетках».
Ігара Банцэра ўжо затрымлівалі і судзілі пасля жніўня 2020 года. У верасні 2020 года перад міліцэйскай машынай ён выканаў танец — міліцыянты сцвярджалі, што Банцэр быў без майткоў. Сам жа ён казаў, што гэта быў перформанс і на ім былі стрынгі.
19 сакавіка 2021 года Банцэру прысудзілі 1,5 года «хіміі» паводле ч. 1 арт. 339 Крымінальнага кодэксу.
У зняволенні музыка двойчы галадаваў. Падчас суду Банцэр трымаў сухую галадоўку 16 дзён, на той момант гэта быў беларускі рэкорд. 19 дзён ён галадаваў на вадзе ўлетку 2021 года. Гэта моцна пагоршыла ягонае здароўе, а пасля выхаду з турмы ў яго выявілі гепатыт С.


Пасля вызвалення з хіміі ў снежні 2021 года гродзенскі музыка і саліст панк-гурта «Mister X» заявіў, што з'язджаць з краіны не плануе: «У Беларусі мне падабаецца настолькі, што тут я гатовы сядзець у турме».