Хронікі рэпрэсій: Прысуды анархістам, затрыманне дыпламатаў, прысуд за артыкул у часопісе

Улада працягвае пераслед беларусаў за палітычную нелаяльнасць.

Вынесеныя жорсткія прысуды па так званай «справе анархістаў». Усе палітвязні атрымалі драконаўскія тэрміны — 94 гады на ўсіх. Суддзя Сяргей Хрыпач прызначыў Аляксандру Францкевічу — 17 гадоў пазбаўлення волі; Акіхіру Гаеўскаму-Ханадзе — 16 гадоў; праваабаронцы Марфе Рабковай — 15 гадоў; Аляксею Галаўко — 12 гадоў; Паўлу Шпетнаму, Мікіту Дранцу, Аляксандру Казлянку, Андрэю Чапюку — па 6 гадоў; Андрэю Марачу, Данілу Чулю — па 5 гадоў. Таксама фігуранты справы павінны выплаціць штрафаў агулам болей чым на 73 тысячы долараў.

Пасля суда над Марфай Рабковай і дзевяццю палітвязнямі затрымалі праваабаронцу Насту Лойка, замежных дыпламатаў, сваякоў палітвязняў і выпадковых людзей.

Так, каля Мінскага гарадскога суда затрымалі мінімум пяць чалавек — «завалаклі ў бус». Пры гэтым прысутнічаў прапагандыст Азаронак і здымаў, як затрымліваюць дыпламатаў.

Пазней сталі вядомыя прозвішчы некаторых затрыманых пасля судовага пасяджэння. Гэта маці і брат асуджанага сёння да 12 гадоў палітвязня Аляксея Галаўко Алена і Кірыл Галаўко, а таксама яго сябры Даніла Крашэўскі, Аляксандр Спаткай, Андрэй Уроніч, сяброўка Ася і Алена. Была затрыманая і маці палітвязняў Кіма і Аляксея Самусенкаў Людміла.

Увечары амаль усіх затрыманых адпусцілі. Не выйшаў на волю толькі Даніла Крашэўскі, якога заўтра збіраюцца судзіць паводле адміністрацыйнай справы. Таксама нічога не вядома пра затрыманую праваабаронцу Насту Лойку.


* * *

Палітзняволеную Вікторыю Кульшу перавялі ў жаночую калонію ў Зарэччы. Гомельскі абласны суд 10 жніўня пакінуў яе прысуд у сіле. У дадатак да двух гадоў і шасці месяцаў калоніі палітзняволенай прысудзілі яшчэ адзін год зняволення за “злоснае непадпарадкаванне” адміністрацыі калоніі. Праваабаронцам стала вядома, што з 22 жніўня Вікторыя пачала адбываць тэрмін у калоніі № 24.

* * *

Палітзняволенага сябра БСДП Ігара Ледніка асудзілі сёння, 6 верасня, у судзе Ленінскага раёна Мінска да трох гадоў калоніі за артыкул у часопісе.

Ігар Леднік быў затрыманы 18 красавіка 2022 года. Напачатку яму прысудзілі 15 сутак адміністрацыйнага арышту, але пасля іх ён на волю не выйшаў — быў змешчаны ў Следчую турму №8 у Жодзіне. А 18 ліпеня 2022 года суд Барысаўскага раёна прызнаў інфармацыйную прадукцыю Facebook-старонкі Ігара Ледніка «экстрэмісцкімі матэрыяламі». Асудзілі Ігара Ледніка за артыкул «Міжнародна прызнаны нейтралітэт Беларусі — гарантыя бяспекі ў рэгіёне АБСЕ». У ім нібыта ўтрымліваліся загадзя ілжывыя звесткі, якія ганьбяць і зневажаюць гонар ды годнасць Лукашэнкі, у сукупнасці з абвінавачваннем у асабліва цяжкіх злачынствах, у тым ліку супраць бяспекі чалавецтва.

* * *

12 верасня ў Баранавічах збіраюцца судзіць інваліда-вазочніка. Ён сваёй рэакцыяй на каментар пакрыўдзіў Лукашэнку. Ва Уладзіслава Рабіча — першая група інваліднасці, ён мае дыягназ ДЦП. Таксама Уладзіслаў — аўтар блога на спартыўную тэматыку на прызнаным экстрэмісцкім партале.

Суд прызначылі на 11.00 12 верасня. Пасяджэнне адбудзецца на трэцім паверсе будынка тэрытарыяльнага Цэнтра сацыяльнага абслугоўвання (г. Баранавічы, вул. Леніна, 12). Там няма пандуса.

* * *

Гомельскі абласны суд 6 верасня асудзіў адміністратара Telegram-канала Rezystans палітзняволенага Мікіту Слепянка. Юнака абвінавацілі ў стварэнні экстрэмісцкага фарміравання і кіраванні ім (ч. 1 арт. 361-1 Крымінальнага кодэкса).  

Хлопец стварыў і адміністраваў культурна-гістарычны Telegram-канал Rezystans, у якога было больш за 200 падпісчыкаў. Гэты канал МУС прызнала «экстрэмісцкім фарміраваннем».


Суддзя Васіль Бягун пацікавіўся ў абвінавачанага, што яго не задавальняла ў нашай краіне. Слепянок адказаў, маўляў, яму цяжка быць беларусам, нібыта яго не разумеюць навакольныя, варожа ставяцца цераз тое, што ён размаўляе на роднай мове.

Суд пакараў Мікіту Слепянка трыма гадамі пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму.

* * *

Выйшаў на волю палітвязень Сяргей Розум — жыхар Мар'інай Горкі, фігурант крымінальнай «рэйкавай справы». Ён адбыў свой тэрмін у шклоўскай калоніі № 17 і выйшаў на волю. Сяргея абвінавацілі ў тым, што на чыгуначных ён наўмысна прымацаваў металічны дрот паміж дзвюма чыгуначнымі рэйкамі праз абмотванне яго вакол рэек. У выніку, нібыта, быў пададзены ілжывы сігнал па занятасці ўчастка чыгуначнага шляху, што абмяжоўвала на яго ўезд пры яго фактычна свабодным стане.

* * *

На волю з гомельскай жаночай калоніі выйшла Сафія Малашэвіч. Дзяўчыну затрымалі 6 верасня 2020 года на акцыі пратэсту «Марш адзінства», падчас якой яна балончыкам з фарбай размалявала шчыты спецыяльных сродкаў загароджы, і пакаралі яе 2 гадамі калоніі. Разам з Сафіяй судзілі яе хлопца, Ціхана Клюкача, які ўжо таксама выйшаў на волі і цяпер знаходзіцца ў складзе беларускага добраахвотніцкага батальёна «Пагоня». Ціхана тады асудзілі на 1,5 года калоніі.




Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

  • Апошняе на сайце
,
Больш цікавага на «Новым Часе»: