Хілары Клінтан распавяла пра «самы вар'яцкі» ўспамін з адпачынку — яна забыла дачку ў Крамлі
Хілары Клінтан, першая лэдзі ЗША ў 1993–2001 гадах, распавяла ў эфіры The Tonight Show з Джымі Фэланам на NBC, што аднойчы яна і яе муж, 42-ы прэзідэнт ЗША Біл Клінтан, падчас візіту ў Маскву забылі адзіную дачку Чэлсі ў Крамлі.
Падчас шоу Хілары і Чэлсі Клінтан прынялі ўдзел у чэленджы маці і дачкі. Вядоўца Джымі Фэлан спытаў у Хілары Клінтан пра «самы вар'яцкі ўспамін з сямейнага адпачынку».
— Я скажу вам. Спадзяюся, яна не памятае, бо гэта было дастаткова траўматычна. Мы ўзялі яе з сабой у Расію, калі былі там з дзяржаўным візітам, калі Біл быў прэзідэнтам. Там былі афіцыйныя развітанні, так што Біла і мяне суправадзілі ў Beast — вялікі лімузін, каб адправіцца ў аэрапорт. Ніхто не ведаў, што мы пакінулі яе. Вы можаце сабе ўявіць, што я магла пакінуць маё адзінае дзіця ў Крамлі? Асабліва пасля ўсяго, што адбылося.
42-гадовая Чэлсі Клінтан, якая паводле ўмоваў чэленджу не чула адказ маці, пасля некалькіх падказак адгадала, пра што тая распавяла: «Калі яны пакінулі мяне ў Крамлі».
Чэлендж маці і дачкі з Хілары і Чэлсі Клінтан на The Tonight Show з Джымі Фэланам (The Tonight Show Starring Jimmy Fallon)
Біл Клінтан на пасадзе прэзідэнта ЗША пяць разоў прыязджаў у Расію. Калі прэзідэнтам Расіі быў Барыс Ельцын, Клінтан быў у Маскве чатыры разы: у 1994, 1995, 1996 і 1998 гадах. Газета The New York Times пісала, што ў 1994 годзе Біл і Хілары Клінтан правялі ноч у Крамлі. У чэрвені 2000 года Клінтан сустракаўся ў Маскве з Уладзімірам Пуціным (але, мяркуючы па паведамленнях СМІ, ён тады быў адзін).
Паводле Медузы