Хронікі палітычнага пераследу 21 студзеня
Арышты не спыняюцца нават у выходныя. З дапамогай праваабаронцаў і СМІ сабралі факты палітычнага пераследу беларусаў 21 студзеня.
Еўрасаюз заклікаў мінскія ўлады неадкладна вызваліць кожнага з больш чым 1440 палітвязняў
Па пасяджэнні Камітэта міністраў Рады Еўропы шэраг еўрапейскіх краін, якія ўваходзяць у Еўрасаюз, выступілі з заявай аб сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі. Свае подпісы пад дакументам паставілі таксама прадстаўнікі іншых краін.
«Мы заклікаем мінскія ўлады неадкладна вызваліць кожнага з больш чым 1440 палітвязняў. У лік асоб, незаконна і несправядліва пазбаўленых волі, уваходзяць лаўрэат Нобелеўскай прэміі міру Алесь Бяляцкі, які знаходзіцца ў зняволенні з ліпеня 2021 года, і іншыя лідары "Вясны", судовы працэс над якімі пачаўся 5 студзеня і пагражае абвінавачаным ад 7 да 12 гадоў пазбаўлення волі».
Таксама ў заяве адзначаецца, што Еўрасаюз «па-ранейшаму падтрымлівае народ Беларусі і працягне падтрымку яе грамадзянскай супольнасці і яго законнага імкнення да дасягнення еўрапейскіх стандартаў у галіне правоў чалавека, дэмакратыі і вяршэнства закона».
Сёння раніцай у Мінску быў затрыманы Павел Падабед
Прычыны і падрабязнасці затрымання пакуль невядомыя. Восенню 2020-га Паўла затрымлівалі пасля адной з акцый пратэсту.
У Слоніме затрымалі актывіста Алеся Масюка
Яго абвінавачваюць у «распаўсюдзе экстрэмісцкіх матэрыялаў» паводле ч. 2 арт. 19.11 КаАП. Да суда Алеся змясцілі ў ІЧУ Слоніма.
Цалкам адбыў тэрмін і выйшаў на волю палітвязень Давід Збаранскі
Паводле інфармацыі праваабаронцаў, сёння з бабруйскай калоніі на волю выйшаў палітвязень Давід Збаранскі. Хлопца затрымалі, калі яму было яшчэ толькі 17 гадоў — 30 лістапада 2020-га, адразу пасля вяртання з Польшчы.
Падставай для затрымання (а потым і крымінальнай справы) стаў удзел у акцыі пратэсту, якая прайшла 10 жніўня 2020 года ў Брэсце. У выніку Давіду прысудзілі 3 гады калоніі.
Давід — першы палітзняволены, які цалкам адбыў тэрмін за брэсцкія падзеі 10 жніўня 2020 года.
Прысуды тром сябрам АГП пакінулі без зменаў
У судзе Фрунзенскага раёна Мінска 31 кастрычніка вынеслі прысуд сябрам Аб’яднанай грамадзянскай партыі: Артуру Смалякову і Дзіяне Чарнушынай — па 2 гады калоніі, Андрусю Асмалоўскаму — 3 гады калоніі. Усіх іх абвінавацілі ва ўдзеле ў Маршы новай Беларусі 23 жніўня 2020 года (ч. 1 арт. 342 КК).
Як паведамляе АГП, учора, 20 студзеня, Мінгарсуд разгледзеў апеляцыйныя скаргі палітвязняў. У выніку прысуды пакінулі без зменаў, а скаргі без задавальнення. Такое рашэнне прыняла суддзя Алена Шылько. Хутка палітвязняў накіруюць у калоніі.
Вікторыі Навіцкай улада помсціць за брата-каліноўца
Сталі вядомыя падрабязнасці пераследу сястры добраахвотніка Палка Каліноўскага Яна Мельніка.
Пра Вікторыю, асуджаную да 1,5 гадоў калоніі, распавяла праваабаронцам былая палітзняволеная Дар'я Кароль: «Ейны пераслед — гэта 100% помста за брата. За два дні да суда Вікі супраць стваральнікаў і ўдзельнікаў палка Каліноўскага, у тым ліку яе брата, завялі крымінальную справу. Яна сядзела перад тэлевізарам са слязьмі на вачах і казала: "Усё, я еду на калонію". У яе суд прайшоў за дзве гадзіны — абвінавачанне, чытанне справы, допыт сведак, спрэчкі бакоў, вынясенне прысуду. Гэта быў цырк.
Да затрымання Віка штомесяц хадзіла ў ГУБАЗіК, і там з ёй праводзілі гутаркі з нагоды брата па 4 гадзіны. Як яна расказвала, гэта было рэгулярна. Але яна была спакойная, бо яна нічога супрацьпраўнага не здзяйсняла. Але потым, як высветлілася, за ёй доўга сачылі і выпампавалі з Telegram перапіску з братам».
Палітыка Андрэя Дзмітрыева перавялі ў СІЗА-1 на Валадарскага
Былога сустаршыню руху «Гавары праўду» затрымалі 11 студзеня. Яго абвінавачваюць паводле ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса ў «арганізацыі і падрыхтоўцы дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак».