Аўтарытарызм змагаецца са свабодай па ўсіх кірунках — нават выкарыстоўваючы дзяржаўныя межы
Немагчымасць выехаць з краіны ці трапіць у яе, адмова ад выканання консульскіх абавязкаў пазбаўленне грамадзянства — не такія відавочныя інструменты рэпрэсій, як прамое затрыманне і зняволенне. Але і ў гэтым рэжым Лукашэнкі і яго «старэйшы брат» адточваюць навыкі да ідэалу.
Праваабарончая арганізацыя «Freedom House» апублікавала даклад аб тым, як аўтарытарныя рэжымы па ўсім свеце робяць больш жорсткім кантроль над свабодай перамяшчэння і ўсё часцей выкарыстоўваюць гэты від рэпрэсій для падаўлення іншадумства
Расія і Беларусь — у ліку 55 дзяржаў, якія абмяжоўваюць права сваіх грамадзян на свабоду перамяшчэння ў адплату за палітычную актыўнасць і крытыку дзеючых уладаў. Кітай і Саудаўская Аравія таксама ў гэтым спісе, піша «Голас Амерыкі».
У спецыяльным дакладзе пад назвай «Няма шляху ні туды, ні сюды: аўтарытарны кантроль над свабодай перамяшчэння» («No Way in or Out: Authoritarian Controls on the Freedom of Movement») адзначаюцца чатыры галоўныя тактыкі аўтарытарных урадаў у пакаранні нязгодных: пазбаўленне грамадзянства, кантроль над выязнымі дакументамі, адмова ў консульскіх паслугах і забарона на выезд з краіны.
Эксперты «Freedom House» лічаць, што абмежаванне свабоды перамяшчэння можа быць менш прыкметнай формай аўтарытарнага кантролю. Яно часта носіць неафіцыйны характар або ўводзіцца адвольна, у выніку чаго грамадзяне не маюць магчымасці эфектыўна яму супрацьстаяць.
Абмежаванне на перамяшчэнне таксама часта спалучаецца з іншымі формамі рэпрэсій, уключаючы канфіскацыю актываў, паклёпніцкія кампаніі і фальшывыя крымінальныя абвінавачанні.
Аўтары справаздачы асобна раскрытыкавалі палітыку Расіі ў прымусе жыхароў акупаваных тэрыторый Украіны да прыняцця расійскага грамадзянства. Гэтая практыка таксама абмяжоўвае грамадзян у іх праве на перамяшчэнне і ажыццяўляецца Масквой у спалучэнні з больш традыцыйнымі формамі рэпрэсій, гаворыцца ў дакуменце.
«З 2022 года Крэмль прадпрымае актыўныя намаганні па падаўленні антываеннага іншадумства, замоўчванні крытычных матэрыялаў у СМІ і мілітарызацыі расійскага грамадства, паскорыўшы падзенне ўзроўню свабоды на 13 пунктаў за апошняе дзесяцігоддзе, — адзначаецца ў дакладзе. — У 2023 годзе правы ЛГБТ+, якія ўжо былі маргіналізаваныя ў краіне ў адпаведнасці з рознымі дыскрымінацыйнымі законамі, падвергліся новым нападкам... Тысячы людзей сутыкнуліся з адміністрацыйнымі абвінавачаннямі і даносамі за крытыку палітыкі Крамля і вайны ва Украіне».
Аўтары справаздачы таксама згадалі Беларусь у ліку краін, якія абмяжоўваюць свабоду перамяшчэння, у прыватнасці, указ Аляксандра Лукашэнкі ад 2023 года, які забараняе беларускім консульствам аказваць паслугі па выдачы, абмене і падаўжэнні пашпартоў.
Акрамя пашпартоў, беларусы, якія жывуць у выгнанні, сутыкаюцца з іншымі праблемамі, выкліканымі адсутнасцю консульскіх паслуг. Яны не могуць зарэгістраваць дзяцей, якія нарадзіліся за мяжой, атрымаць дакументы, неабходныя для заключэння шлюбу, або атрымаць доступ да юрыдычнага кантролю над сваёй уласнасцю ў Беларусі.
У дакладзе «Freedom House» адзначаецца, што гэтае распараджэнне «паставіла пад пагрозу жыццё прыкладна 300 000 беларусаў, якія пражываюць за мяжой, паколькі многія з іх рызыкуюць апынуцца ў турме ў выпадку вяртання ў краіну».
У цэлым, паводле даных дакладу, найбольш распаўсюджанай тактыкай з'яўляюцца забароны на выезд і ўезд у краіну: «Freedom House» назвала прынамсі 40 дзяржаў, якія не дазваляюць сваім грамадзянам пакідаць краіну або вяртацца ў яе.
«Поўная забарона на міжнародныя паездкі, падобная да той, што ўведзеная ў Паўночнай Карэі, сустракаецца вельмі рэдка, — адзначаецца ў дакладзе. — Аднак урады па ўсім свеце выкарыстоўваюць розныя меры абмежавання перамяшчэння, каб запалохваць і караць дысідэнтаў, актывістаў, журналістаў і простых людзей».
Некаторыя краіны пазбаўлялі сваіх апанентаў грамадзянства, хоць гэта забаронена міжнародным правам. У 2023 годзе ўрад Нікарагуа пазбавіў грамадзянства больш за 200 палітычных зняволеных неўзабаве пасля іх дэпартацыі ў ЗША.
Агулам, паводле звестак «Freedom House», узровень глабальнай свабоды зніжаецца ўжо 18-ты год запар: палітычныя правы і грамадзянскія свабоды былі падвяргаюцца нападкам у 52 краінах, і толькі ў 21 краіне былі адзначаныя паляпшэнні.
«Freedom House» заклікала дэмакратычныя ўрады ўвесці санкцыі ў дачыненні да дзяржаў, адказных за абмежаванне мабільнасці.
«Аўтарытарныя ўлады шукаюць любыя магчымыя сродкі, каб утрымаць меркаваных апанентаў ад выказвання іх меркаванняў, — пракаментавала справаздачу часовая прэзідэнтка «Freedom House» Ніколь Бібінс Седака. — Без павышэння дасведчанасці і ўзгодненых намаганняў міжнароднай супольнасці па барацьбе з абмежаваннямі на перамяшчэнне, палітычнымі зняволеннямі і транснацыянальнымі рэпрэсіямі выкарыстанне гэтых тактык для падаўлення іншадумства і парушэння асноўных правоў будзе толькі расці».