Людзі другога гатунку. Як Лукашэнка напаскудзіў беларусам пры падарожжах за мяжу
Чым даўжэй Лукашэнка ва ўладзе, тым больш у грамадзян Беларусі праблем з паездкамі за мяжу.
Забарона на ўезд аўтамабіляў з беларускімі нумарамі ў краіны Балтыі — чарговы сумны вынік кіравання Аляксандра Лукашэнкі, піша «Салідарнасць».
Пачатак XXI стагоддзя — эпоха адкрытасці свету і свабоднага перамяшчэння праз межы ў многіх частках свету. Але толькі не для грамадзян Беларусі. Праз палітыку Лукашэнкі яны ўвесь час вымушаныя адчуваць сябе людзьмі другога гатунку ў параўнанні з грамадзянамі многіх краін.
Беларусь ментальна з'яўляецца часткай Еўропы, але паездкі ў ЕС для яе жыхароў заўсёды былі квестам Доўгія гады рэжым проста не бачыў неабходнасці спрашчаць візавы рэжым з ЕС, з-за чаго шараговыя беларусы плацілі за шэнген-візы нават больш. чым расійцы — 60 еўра замест 35. А ўлады Украіны наогул змаглі дамовіцца з Брусэлем, каб для іх грамадзян увялі бязвізавы рэжым.
У 2021-м, калі, нарэшце, дайшло да зніжэння цаны за шэнген-візы і для беларусаў, рэжым сваімі дзеяннямі дамогся таго, каб іх вылет з Мінска ў Еўропу стаў немагчымы, а перасячэнне мяжы па зямлі ператварылася ў шматгадзіннае катаванне ў чарзе.
З-за прымусовай пасадкі самалёта Ryanair еўрапейскае неба аказалася закрытым для беларускіх пасажырскіх самалётаў (цяпер «Белавія» замест Парыжа і Рыма прапануе паляцець у Мурманск і Махачкалу), а з-за штучна створанага рэжымам міграцыйнага крызісу суседзі Беларусі ўзяліся за скарачэнне колькасці прапускных пунктаў.
За гады ўлады Лукашэнкі беларускі пашпарт ператварыўся ў адзін з самых слабых у Еўропе. Паводле апошніх даных, з ім без візы можна ўехаць у 48 дзяржаў. Для параўнання: з пашпартам Літвы — у 185.
Некалькі гадоў таму пісалі, што пашпарт Беларусі ў Еўропе быў мацнейшы толькі за касоўскі.
Пасля саўдзелу рэжыму ў ваеннай агрэсіі супраць Украіны беларусы канчаткова замацаваліся ў статусе людзей другога гатунку. Шэнген-візы атрымаць сёння вельмі складана, доўга і дорага.
Часта, нягледзячы на выдаткаваныя час, нервы і грошы, у выдачы адмаўляюць. Калі пашанцуе, то тады пры выездзе чакае шматгадзіннае чаканне ў чарзе на мяжы. А цяпер на аўтамабілях прапускае (пакуль) толькі Польшча.
Напаскудзіўшы, рэжым не спрабуе вырашыць праблемы, яго прадстаўнікі толькі выступаюць з ініцыятывамі на мяжы здзеку. Хто-небудзь лётаў у Нікарагуа? У пачатку гэтага года ўлады заявілі, што ўезд у гэтую краіну для беларусаў стаў бязвізавым. Цяжка ўявіць, каб хто-небудзь (акрамя экстрэмалаў і прафесійных падарожнікаў) адправіўся б на іншы канец свету, шукаючы прыгод на сваю пятую кропку.
З гэтага ж разраду прапанова віцэ-прэм'ера Пятра Пархомчыка наладзіць прамыя авіязносіны з Венесуэлай. Людзі не тое што злятаць, часта проста перамясціцца па зямлі ў Варшаву і Берлін не могуць, а ім прапануюць адправіцца на пошукі прыгод.
Іншы рэкламуемы ўладамі варыянт — прасторы Расіі. Гэта як у старой камедыі: на пажаданне атрымаць «пуцёўку» ідзе адказ: «У Сібір».
Уводзячы бязвізавы рэжым для 35 еўрапейскіх краін, улады зусім не хочуць думаць пра інтарэсы сваіх грамадзян.