Вялікі дыпламатычны дыялог Лукашэнка можа весці толькі са сваім тэлевізарам

Тэлеграм-канал «Лісты да дачкі» — пра «ўдзел» Лукашэнкі ў «вялікім абмене».

Фота censor.net.ua

Фота censor.net.ua

Не, ну ўсё ж такі яны клоўны, піша тэлеграм-канал. Я ведаў, што яны клоуны, але я не думаў, што яны такія клоўны, якія крыўляюцца нават пасля таго, як памідоры ўжо прыляцелі. Можна было б нават паважаць такую адданасць свайму рамяству. Але не. Таму што на гэта па-ранейшаму сорамна глядзець.

Вось ужо нават у ФСБ паказалі, як яны, а не беларускія ўлады вызвалілі Крыгера. Які сядзеў у беларускай турме і якога прысудзіў беларускі суд. І гэта ўжо дакладна быў той нягеглы момант, калі трэба было сыходзіць са сцэны.

Але мы ж з табой ведаем, што сёй-той своечасова сыходзіць не ўмее. Таму ён вырашыў паказаць яшчэ дыпламатычных манеўраў. Гэта ў сваім немаладым ужо ўзросце і пры вельмі сумнеўнай для здароўя камплекцыі.

Вось куды ты там лезеш са сваімі манеўрамі? Пад табой сцэна гнецца. Ты ж калі іншы раз павернешся, то потым усім тэлевізарам трэба будзе разварочваць назад.

Але не. Вырашыў яшчэ растлумачыць пра сваё сусветнае геапалітычнае значэнне ў абмене палоннымі наогул, і Крыгерам у прыватнасці. А трэба ж людзям адкрыць вочы, што Байдэн там займаўся танным піярам.

А кагосьці таксама можна зразумець. Яму ж крыўдна. Таму што сёй-той вялікі спецыяліст па танным піяры. А тут столькі піяру вакол і ўвесь час міма твайго тэлевізара.


Глядзіце таксама

Не, тэлевізар, вядома, стараецца. Але ніякім тэлевізарам не схаваць таго факту, што кагосці спачатку ангажавалі на штатнага кілера, а потым, замест таго каб заплаціць, выказалі сардэчную падзяку за праведзеную працу. І я сабе прыкладна ўяўляю ў якім канкрэтна месцы сёй-той гэтую падзяку бачыў.

Таму што не дзеля падзякі ж сёй-той стараўся. У кагосьці зусім іншыя жыццёвыя каштоўнасці. Падзяка ў адрозненне ад нафты не булькае. Сёй-той стараўся, таму што яму няма куды было дзявацца. Але за свае старанні ўсё ж такі хацелася атрымаць прызнанне, выказанае ў матэрыяльна-фінансавай форме.

А замест прызнання атрымалася пакуль нейкая... ганьба. Колькі ты ні старайся сваім тэлевізарам, а пасля такога нават асобныя сведкі стабільнасці пачалі падазраваць нядобрае. Што сёй-той не такі суверэнны гарант стабільнасці, якім пыжыцца. Што індывідуальнаму вектару лаяльнасці пара прыгледзецца ў іншы бок.

І я ўжо не кажу пра магчымасць вялікіх геапалітычных манеўраў. У геапалітычных сферах і раней з кімсьці не рваліся пагаварыць. А цяпер там канчаткова зразумелі, што размаўляць з ім бескарысна. І атрымліваецца, што вялікі дыпламатычны дыялог сёй-той можа весці толькі са сваім тэлевізарам. А акрамя тэлевізара і пагаварыць няма з кім.

Хоць з тэлевізарам камусьці лепш было таксама не размаўляць. Ад ганьбы б усё роўна нікуды не дзеўся. Але, прынамсі, не прыцягваў бы да сябе такой увагі.