Не толькі газ і нафта. Што можа Крэмль зрабіць з Лукашэнкам, калі той рызыкне пагуляць у сваю гульню

 Аляксандр Лукашэнка зладзіў чарговы візіт у Расію, які ў медыя назвалі ледзь не самым таямнічым. Тры дні ён гасцяваў на Валааме, камунікаваў з Уладзімірам Пуціным, але інфармацыі пра змест перамоваў вобмаль. Да таго ж ёсць прыкметы пэўнай напружанасці паміж Мінскам і Крамлём.

kremlin_ru.jpg

Сапраўды туману зашмат, але мы зараз не аб гэтым.

Апошнім часам Лукашэнка зрабіў шэраг крокаў, якія тэарэтычна могуць быць не даспадобы Маскве. Адвёў войскі ад мяжы з Украінай, фліртаваў з Пекінам, зацвердзіў безвіз для жыхароў 35 краін Еўропы, адзначыўся міралюбнай рыторыкай на адрас ЕС. Некаторыя эксперты на гэтым фоне загаварылі пра тое, што, маўляў, Пуцін выклікаў хаўруснічка на дыван, каб жорстка купіраваць яго «сепаратныя» настроі. Вось жа і сам беларускі дыктатар па вяртанні прызнаўся, што размова падчас візіту сярод іншага ішла пра цану на нафту — нешта там, відаць, пакуль не складваецца.

Зрэшты, разгадваць рэбусы наконт бягучых стасункаў двух састарэлых аўтакратаў — справа няўдзячная. Ці мала пра што яны гэтым разам размаўлялі, хоць бы пра абмен няшчаснага немца Рыка Крыгера. Але, здаецца, ёсць нагода ўвогуле ацаніць ступень сённяшняй залежнасці Лукашэнкі ад Крамля.

Лічыцца, што залежнасць крытычная. І гэта сапраўды так — і вось чаму.

Эканоміка: васал на маскоўскім пансіёне

Эканамічны чыннік лічыцца вызначальным у прывязцы Лукашэнкі да метраполіі ў Маскве. Жыць за кошт расійскіх грошай — гэтую дактрыну беларускія дыктатар рэалізуе з 90-х гадоў, прадаючы ўзамен хімеру саюзнай інтэграцыі.

Дакладней — хімерай яна была да падзей 2020 года, калі ў выпадку абвастрэнняў на ўсходнім кірунку мінскі камбінатар мог заўсёды дэманстратыўна «дыверсіфікавацца» ў бок Захаду. У Крамлі гэта ўлічвалі, таму занадта на лукашэнкаўскі рэжым не ціснулі. Давалі крэдыты, дэмпінгавалі пры продажы энерганосьбітаў, рэструктурызавалі даўгі. Нібыта нечага чакалі.

Дачакаліся пасля выбараў 2020-га, калі ў выніку фальсіфікацый і гвалту заходні вектар для Лукашэнкі быў хай не адразу, але фактычна страчаны. Увязванне ў вайну супраць Украіны канчаткова замацавала беларускую аўтакратыю ў арбіце РФ.

Цяпер калі не Масква накорміць Беларусь, то яе не накорміць ніхто — як бы ў Мінску ні заліваліся салаўямі наконт малочных берагоў у Кітаі, Афрыцы і іншых запаветных мясцін «далёкай дугі».

Глядзіце таксама

Расія накрывае паляну не толькі за кошт танных вуглевадародаў. Яна дае васалу экспартны рынак, марскія парты для лагістыкі, долі ў розных праектах, замовы прадпрыемствам для сваёй абаронкі… Ну і, вядома, крэдыты, хаця ўжо і не так шчодра.

У выпадку чаго — калі хаўруснічак вырашыць згуляць у сваю гульню — у Пуціна дастаткова рычагоў, каб яго працверазіць. І ў Мінску гэта цудоўна разумеюць. Таму меркаваць, што Лукашэнка мае нейкую прастору для манеўру і можа ў пэўны час выслізнуць з «братніх абдымкаў» «старэйшага брата» прынамсі наіўна.

Не, эканамічны ланцужок вельмі кароткі. Але і іншыя не надта даўжэйшыя.

Палітыка: разгайдаць «стабільнасць»

У палітычным сэнсе крамлёўцы таксама могуць Лукашэнку моцна прыціснуць. Існуе, канешне, уяўленне, і яно досыць слушнае, што рэжым у Мінску захоўвае аўтаномнасць у прыняцці ўнутрыпалітычных рашэнняў, але схема працуе толькі да той пары, пакуль беларуская ўлада дзейнічае ў рэчышчы Масквы.

Мы бачым, што лукашэнкаўцы працягваюць рэпрэсіі, ушчэнт зруйнавалі выбарчую сістэму, загналі грамадства «пад плінтус» — і Расію гэта цалкам задавальняе. А калі ў лаяльнасці беларускай улады ўзнікнуць справядлівыя сумневы, то РФ можа змяніць лінію. Якія палітычныя інструменты ёсць у вялікага суседа, каб утаймаваць васала?

Кароткі адказ такі: у Масквы дастаткова рэсурсаў, каб убіць клін у так званыя беларускія эліты. А раскол сярод паплечнікаў — гэта тое, чаго вельмі баіцца Лукашэнка.

Памятаеце, як у ліпені 2020-га ў санаторыі пад Мінскам затрымалі 32 вагнераўцаў? З выбіваннем дзвярэй і тэлекамерамі. Гэта быў цалкам істэрычны хапун па загадзе напужанага Лукашэнкі. Навыперадкі яго сілавыя структуры кінуліся тады справаздачыцца пра ўзбуджэнне крымінальнай справы, пра абвінавачванні ў падрыхтоўцы беспарадкаў, пра «200 баевікоў» недзе ў лясах.

Потым выявілася, што ўсё гэта хлусня, створаная лукашэнкаўскімі страхамі. Пасля тлумачэнняў з Расіі затрыманых вызвалілі. І нават выбачыліся.

Аказалася, што вагнераўцы проста ляцелі праз Мінск некуды па сваіх справах. І спыніліся пераначаваць. Самога факту Лукашэнку хапіла, каб пабудаваць тэорыю змовы па змене ўлады ў Беларусі, страціць вытрымку і нацкаваць на расійцаў сваіх амапаўцаў.

Гэта да пытання даверу да Масквы. А калі да пытання сапраўдных сцэнароў па падрыве рэжыму? Да пытання пра ўкаранёных агентаў, схаваных прарасійскіх сіл, завербаваных сілавікоў і г.д.? Пасля пачатку вайны ва Украіне СБУ выкрыла шмат такіх людзей, і не толькі ў Кіеве. Хто ўпэўнены, што такую сетку Масква не ў стане стварыць у Беларусі?

Лукашэнка з яго падазронасцю дакладна не ўпэўнены. Разгайдаць яго нярвовую сістэму і ўвогуле рэжым рознага кшталту захадамі Крэмль у выпадку чаго зможа, ён у такія «спецаперацыі» ўмее. Проста патрэбы пакуль няма, бо мінская ўлада паводзіць сябе паслухмяна.

Прапаганда: толькі скажы «фас»

Асобны пункт у любой крамлёўскай атацы на суперніка — спускаць на яго прапагандыстаў. Лукашэнка ведае гэта асабіста, з 2010 года, калі на фоне міждзяржаўных супярэчнасцяў з цэнамі і разлікамі за газ трапіў у няміласць да Масквы.

Хаўруснікі моцна пасварыліся, і на канале НТВ неўзабаве з’явіўся цэлы шэраг фільмаў «Хросны бацька». Абапіраючыся на вядомыя беларусам факты — ад захаплення Гітлерам да «эскадронаў смерці» 1999-га — энтэвэшнікі наўпрост «мачылі» Лукашэнку.

Прэзідэнтам РФ тады быў Дзмітрый Мядзведзеў, але дэ-факта краінай кіраваў Пуцін. Беларусь тады яшчэ магла прытуліцца да краін Захаду, таму хаця і хваравіта, але вытрымала медыйны ўдар з Усходу. Фільмы тыя ад беларускай аўдыторыі паспрабавалі схаваць, выразаўшы з тэлепраграмы. У адказ лукашэнкаўскія прапагандысты выпусцілі нешта сваё, накіраванае супраць Масквы.

З часам сітуацыя выправілася. Лукашэнка зноў стаў сябрам Расіі, а пра серыю фільмаў на НТВ бакі вырашылі далікатна забыцца.

Але відавочна: калі Мінск зноў адважыцца выйсці з-пад уплыву Масквы, і сітуацыя прыме сур’ёзны абарот, у прыцэл расійскіх прапагандыстаў Лукашэнка трапіць зноў. Толькі гэтым разам атака будзе больш разбуральнай. Бо і «крамлёўскі пул» за паўтара дзясятка гадоў стаў нашмат больш агрэсіўным, і тэхнічных сродкаў у медыя стала больш, і колькасць пляцовак пашырылася.

Глядзіце таксама

Калі беларускія ўлады адвялі войскі ад мяжы з Украінай, абурыліся расійскія z-каналы ў «Тэлеграме». Яны назвалі Лукашэнку здраднікам і заклікалі да сустрэчных захадаў. На тым інфармацыйная атака і вычарпалася. Але няма сумневу, што пры перасячэнні чырвоных ліній, «салаўёўшчына і скабееўшчына» выльецца на Мінск магутнай плынню.

Ваенная сфера: назад у люты 2022-га

Ну і нарэшце: у самым горшым выпадку Пуцін можа скарыстацца і вайсковымі сродкамі, каб прывесці ў прытомнасць беларускага дыктатара. Гаворка, канешне, не пра «зялёных чалавечкаў» на цэнтральных праспектах Мінска — гэта ўжо зусім гранічны выпадак. Існуе нямала іншых сцэнароў, як цяпер кажуць, гібрыдных.

Можна проста актывізаваць сваю прысутнасць у Беларусі. Задзейнічаць сувязі ў лукашэнкаўскім генералітэце (а яны ёсць). Зладзіць якую-небудзь правакацыю на мяжы з Украінай. Выклікаць рэакцыю Кіева ў адказ. Карацей, вярнуць у краіну подых вайны, які беларусы памятаюць з 2022-га і чаго вельмі б не хацелася аднаму «гаранту стабільнасці».

Глядзіце таксама

Калі ў Крамлі гэтага захочуць, у Мінску гэта не змогуць прадухіліць. Беларуская армія слабая і — асабліва супраць РФ — нематываваная. Паводле некаторых інсайдаў, у кіраўніцтве Узброеных сіл шмат «рускамірцаў». Дый увогуле, што перашкодзіць расійскім вайскоўцам яшчэ раз зрабіць тое, што было ў лютым 2022-га? Могуць паўтарыць.

Але — чарговы раз падкрэслім — усе апісаныя сцэнары магчымыя толькі ў адным выпадку: калі паміж Пуціным і Лукашэнкам прабяжыць чорная котка. А яна не прабяжыць, бо ўсе гэтыя рызыкі ў Мінску добра разумеюць. Залежнасць ад усходняга гаспадара зараз такая, што нічога не застаецца, як верна яму служыць і выконваць усе яго загады і пажаданні.