Будзем жыць святым духам. Валаамская школа Пуціна і ўрокі для Лукашэнкі

Прапагандысты адсправаздачыліся па паездцы сваіх правадыроў на Валаам. Канкрэтыкі ніякай — у тым сэнсе, што вяшчалі пра духоўнасць, блізкасць і ўсё да таго падобнае. Ці дамовіліся пра штосьці дыктатары — пакуль невядома. Відаць, пабачым на практыцы.

_belarus_zyccjo_ljudzi_dzjarzava_czyrvona_zjaljony_2024_fota_novy_czas.jpg

Сустрэчы Аляксандра Лукашэнкі і Уладзіміра Пуціна, што ўсё пачашчаюцца, адводзяць іх усё далей ад мірскіх праблем. У чацвер Пуцін сустракаў Лукашэнку на Валааме. Першыя суткі, прынамсі іх публічная частка, больш прайшлі ў размовах пра высокае. Прапагандысты бачаць у гэтым выхад на новы ўзровень адносінаў. Рэальныя праблемы саюзнікаў, падобна, адыходзяць на другі план, піша «Plan B».

Па святых месцах

«Уладзімір Пуцін прывёз Аляксандра Лукашэнку ў запаветнае месца», — піша Андрэй Калеснікаў з «Коммерсанта». З яго рэпартажаў з сустрэч першых асоб традыцыйна спрабуюць зчытаць сігналы і атмасферу. Але апошнім часам і ў яго складанасці з сэнсамі: спікерамі ў рэпартажы выступаюць бацюшкі. З канкрэтыкі: Пуцін быў у джынсах і расслаблены, а Лукашэнка прыехаў з Мікалаем.

Калі б не аповеды валаамских старцаў пра вялікага князя Мікалая Раманава, Дзмітрыя Данскога, брата Пуціна і яго ж першую настаўніцу, рэпартаж і зусім застаўся б без фактуры.

Зрэшты, беларускім прапагандыстам такі фармат падабаецца. «Мы бачым, наколькі блізкія нашы лідары. Гэта сапраўднае сяброўства, — упэўнены дэпутат і дырэктар Нацбібліятэкі Вадзім Гігін. — Іх адносіны выбудоўваліся доўга, часы былі розныя, але цяпер мы бачым сапраўднае саюзніцтва. Відаць, што яны блізкія і духоўна. Паглядзіце, як яны ішлі па Валааме, як падыходзілі да абразоў... [ ... ] вельмі важна, што яны зайшлі менавіта ў капліцу Царственных Страстацерпцаў. Нядаўна быў Дзень памяці іх пакутніцкай смерці ў 1918 годзе. І для нас для ўсіх гэта вельмі важны гістарычны ўрок».


Глядзіце таксама

А cashflow паасобку

Тэлеграм-канал прэс-службы Лукашэнкі ў пятніцу ў абед напісаў, што «Лукашэнка і Пуцін доўга ўчора размаўлялі сам-насам. Абстаноўка нефармальная, але павестка самая сур'ёзная. Сёння праграма працягваецца». Чакаем падрабязнасцей, але досвед папярэдніх візітаў падказвае, што іх можа і не быць. Занадта далёка ад мірскіх праблем сышлі і Пуцін, і Лукашэнка.

Пасля травеньскай сустрэчы стала відавочна, што энергетычныя пытанні бакі прапанавалі абвясціць практычна вырашанымі і адкласці да 2026 года. Але новыя расійскія крэдыты Беларусь хацела б атрымаць крыху раней. А яшчэ — адтэрмінаваць старыя. Пачатак выплат за крэдыт на будаўніцтва АЭС усё адкладаўся, і апошні раз — на красавік гэтага года. З тых часоў пра адтэрміноўку выплат нічога не паведамлялася. Зрэшты, пра пачатак выплат — таксама.

Поспехі беларусаў на расійскім рынку апошнім часам таксама не надта ўражлівыя па многіх пазіцыях. Пра грузавікі і халадзільнікі пісалі неаднаразова, але літаральна за мінулы тыдзень стала вядома пра згортванне двух праектаў.


Глядзіце таксама

Беларускі холдынг «Амкадор» больш не ўдзельнічае ў рэанімацыі Ліпецкага трактарнага завода. Гэта праект, у які расійскія ўлады, банкі і інвестары плануюць укласці блізу 430 млн. долараў. Партнёры, паводле афіцыйнай версіі, не сышліся ў меркаваннях адносна аднаго месца з Блажэннага Аўгусціна. У сэнсе ў іх аказаліся розныя погляды на тое, якія прадукты выпускаць на заводзе і што з'яўляецца перспектыўным.

А на Кубані прыпынілі рэалізацыю інвестпраекта па стварэнні зборачнай вытворчасці беларускіх аўтобусаў і электробусаў. Планавалася, што інвестарам выступіць краснадарскае прадпрыемства. Падставай для замарозкі праекта паслужылі змены ў парадку збірання ўтылізацыйнага збору. Гэта робіць плануемыя да выпуску аўтобусы і электробусы неканкурэнтаздольнымі па цане.

Падставай для саюзнага гонару, праўда, застаецца самалёт «Асвей». Не менш за 89 штук плануюць вырабіць на заводзе ў Баранавічах. Праўда — да 2038 года. Пакуль тэрміны не прыціснулі — можна рапартаваць аб будучых поспехах.