Яўген Магда: У Лукашэнкі дрэнна не толькі са здароўем, але і з суб'ектнасцю

Апошнія дзеянні беларускага дыктатара паказваюць, што ён па вушы захрас у абдымках свайго хаўрусніка, якога яшчэ плануе перажыць. Але ці хопіць сіл і часу?

Ілюстрацыйнае фота: picsart.com

Ілюстрацыйнае фота: picsart.com

З 25 ліпеня Лукашэнка знаходзўся з «рабочым візітам» у Расіі. А дакладней, на востраве Валаам, схаваным ад старонніх вачэй.

Прапагандысты круцяць ролікі пра заміраныя шпацыры хаўруснікаў (калі не лічыць перакошанага твару Лукашэнкі), вячоркі ў альтанцы ды набажэнствы ў манастыры. І ні слова — наконт прадмету закрытых перамоў.

Што менавіта так доўга абмяркоўвалі Лукашэнка і Пуцін за зачыненымі дзвярыма? «BG media» пагаварыў пра гэта з дырэктарам Інстытута сусветнай палітыкі (Кіеў, Украіна) Яўгенам Магдам.

— Лукашэнка з 25 ліпеня знаходзіўся на Валааме ў Расіі, дзе правёў сакрэтныя перамовы з Пуціным. У адрозненне ад ранейшых паездак, інфармацыі пра ход перамоваў практычна няма, толькі фота ды відэа з манастыра. Сакрэтны характар перамоў абумоўлены іх прадметам. Навошта столькі таямнічасці? Нават поспехамі ў эканоміцы і пераадоленні санкцый не пахваліліся.

— Лукашэнка і Пуцін увесь час кантактуюць адзін з адным, таму няма нічога дзіўнага ў іх пустэльніцтве. Пуцін вырашыў, што Лукашэнка павінен нагуляць святасці, таму запрасіў яго на Валаам.

Раз няма дакладнай інфармацыі, значыць, перамовы ідуць па тэмах, якія не варта публікаваць. Я думаю, Лукашэнка, як звычайна, просіць грошай, Пуцін, як звычайна, абумоўлівае фінансавую дапамогу пэўнымі саступкамі з боку Беларусі. Паколькі беларуская прамысловасць і без таго падпарадкаваная расійскаму ваенна-прамысловаму комплексу, то гаварыць пра сур'ёзныя змены не выпадае.


Глядзіце таксама

Я не выключаю, што Пуцін пытаецца: чаму Лукашэнка стаў актыўна падлашчвацца да Кітая, чаму ён увёў бязвіз для 35 еўрапейскіх краін і наогул чаму ён выбраў падкрэслена самастойную лінію паводзінаў?

Звярніце ўвагу, што пасля саміту ШАС у Астане зноў паказалі, што Лукашэнка дрэнна сябе адчуваў. Я думаю, што ён сапраўды, мякка кажучы, знаходзіцца не ў лепшай фізічнай форме і перамовы даюцца яму складана. Але ўсё-ткі Лукашэнка з фармальнага пункту гледжання — кіраўнік незалежнай дзяржавы.

Лукашэнка ўмее гандляваць жывымі людзьмі, і спыніць яго пакуль няма каму

— На пачатку ліпеня Лукашэнка вызваліў 18 неназваных палітвязняў. Увечары 13 ліпеня ён наведаў 56-ты зенітна-ракетны полк у Лунінцы, аб'яўвіў аб ліквідацыі напружанасці на мяжы і заяўвіў, што з украінцамі трэба дамаўляцца. Пазней Лукашэнка ўвёў бязвіз для 35 краін Еўропы. Збоку можа падацца, што Лукашэнка спрабуе зноў «абнуліць» і пачаць наноў адносіны з Захадам. Ці ёсць яго дзеянням іншае тлумачэнне?

— Заява Лукашэнкі пра тое, што ліквідаваная напружанасць на мяжы з Украінай, насамрэч адрасаваная ўнутранаму карыстальніку. Таму што ніякіх агрэсіўных памкненняў Украіны не было і быць не магло, паколькі пашыраць фронт супрацьстаяння з Расіяй (а Беларусь — відавочны ваенна-палітычны хаўруснік Расіі) ва Украіны не было, няма і быць не можа. Проста Лукашэнка разыграў камбінацыю для сваіх суграмадзян пра тое, які ён выбітны міратворац, што ён кантралюе сітуацыю, а ўсе беларусы — мірныя людзі…


Глядзіце таксама

Вызваленне палітычных зняволеных варта разглядаць у кантэксце яго выступу напярэдадні 3 ліпеня, напярэдадні парада, дзе паказалі беспілотнікі, аналагі якіх пазней, па дзіўным збегу абставінаў, заляцелі на тэрыторыю Беларусі. Гэта дэманстрацыя таго, што Лукашэнка проста ўмее гандляваць жывымі людзьмі. Гандляваць людзьмі ў 21 стагоддзі — гэта проста агідна, але ён гэта робіць, і я пакуль не бачу, хто яго можа спыніць.

Думаю, у яго ёсць імкненне дэманстраваць грамадзянам нейкія поспехі на міжнароднай арэне, але не магу пакуль сказаць, якімі яны будуць.

Праблемы ў двухбаковых адносінах давядзецца вырашаць з наступным кіраўніком Беларусі

— Папярэднія паўтара-два гады Лукашэнка нагнятаў сітуацыю на мяжы з Украінай. А тут раптам усе праблемы, аказваецца, рассмакталіся. Што «вылечыла» беларускага кіраўніка?

— Я б не сказаў, што Лукашэнка ўвесь час дэманстраваў пэўную напружанасць на беларуска-ўкраінскай мяжы. Таго факту, што 24 лютага 2022 года з тэрыторыі Беларусі пачалося шырокамаштабнае ўварванне Расіі, дастаткова, каб назаўжды вызначыць ролю Лукашэнкі як суагрэсара. Пасля гэтага ён спрабаваў шукаць шляхі ўзаемаразумення з Украінай, рабіў гэта па-рознаму, па-рознаму манеўраваў. І я не бачу ў Лукашэнкі імкнення ўцягнуць Беларусь у вайну. Я не лічу, што ён да гэтага гатовы. Я лічу, што ён усё-ткі імкнецца ўтрымаць уладу — спачатку да змены ўлады ў Расіі, а потым паспрабаваць разыграць перад сваімі міжнароднымі візаві п'есу пра сваю невінаватасць. Я думаю, сітуацыя ідзе менавіта так.


Глядзіце таксама

Праблемы ў беларуска-ўкраінскіх адносінах ёсць. Гэта ўсё большая расійская прысутнасць на тэрыторыі Беларусі, гэта заява Пуціна пра размяшчэнне ядзернай зброі на тэрыторыі Беларусі, гэта ўжо згаданая мной праца беларускай прамысловасці на расійскі ваенна-прамысловы комплекс. Але гэтыя праблемы, хутчэй за ўсё, давядзецца вырашаць ужо з наступным кіраўніком Беларусі.

У Лукашэнкі кепска з суб'ектнасцю, а не толькі са здароўем

— Абсалютна алагічным уяўляецца паведамленне пра смяротны прысуд грамадзяніну Германіі Рыка Крыгеру, якое ўсплыло адначасова з аб'яўленнем бязвізу. Які дурань паедзе ў краіну, дзе замежнікаў прысуджаюць да расстрэлу?

— Супадзенне па часе аб увядзенні бязвізавага рэжыму для 35 еўрапейскіх краін і з'яўленне інфармацыі пра смяротны прысуд грамадзяніну Германіі Рыка Крыгеру сведчыць пра тое, што ў Лукашэнкі дрэнна з суб'ектнасцю, не толькі са здароўем. З аднаго боку, ён сапраўды спрабуе адкрыць вароты краіны для еўрапейцаў, а з другога — смяротны прысуд. Смяротныя прысуды і раней выносіліся грамадзянам замежных дзяржаў, але смяротны прысуд грамадзяніну вядучай краіны Еўрасаюза вынесены ўпершыню. Хто глядзеў прапагандысцкі фільм беларускага тэлебачання, той разумее, што ўся справа шыта белымі ніткамі: нават беларускія следчыя не змаглі прыдумаць рэальнага абгрунтавання вінаватасці выдуманых імі злачынстваў, за што можна было б прысудзіць да смяротнага пакарання.


Глядзіце таксама

Лукашэнка, які нядаўна выпусціў пяцярых украінскіх грамадзян у абмен на аднаго з высокапастаўленых святароў Рускай праваслаўнай царквы, які быў затрыманы ўкраінскімі спецслужбамі, цяпер імкнецца быць карысным у справе абмену Рыка Крыгера на Вадзіма Красікава, расійскага фсбэшніка, які застрэліў аднаго з удзельнікаў чачэнскага супраціву ў Берліне і прысуджаны ў Германіі да пажыццёвага зняволення. Адсюль і грамадзянін Германіі, адсюль і смяротны прысуд.

Ключ да рэальных змен ляжыць не ў Мінску, а ў Маскве

— Пасля 2020 года і арганізаванага затым паветранага пірацтва, міграцыйнага крызісу, нагнятання абстаноўкі на заходніх межах, здавалася б, пра размарозку адносінаў з Захадам і гаворкі быць не можа. Але ці настолькі неверагодны гэты сцэнар?

— У Еўрапейскім Саюзе, ЗША, ва Украіне дастаткова добра разумеюць, што, з аднаго боку, без дэмакратычнай Беларусі няма бяспечнай Еўропы, а з другога — ключ да рэальных змен ляжыць усё-ткі не ў Мінску, а ў Маскве. Таму дамаўляцца пра нешта з Лукашэнкам абсалютна бессэнсоўна. Я думаю, усведамленне гэтага павінна фармаваць адзіную лінію паводзінаў, як мінімум, краін Люблінскага трыкутніка, які ў 2020 годзе сфармавалі Украіна, Літва і Польшча. Тым больш, што і ўнутры Еўрапейскага Саюза няма выразнай узгодненасці дзеянняў у дачыненні да Беларусі. Гэтай узгодненасці не хапае ўсім, таму яе неабходна сёння фармаваць. Тым больш, што Лукашэнка ўжо 30 гадоў знаходзіцца пры ўладзе, і часу вывучыць яго звычкі было дастаткова.