Расія пачынае плаціць за разбурэнне Украіны. І гэта яшчэ не рэпарацыі
Больш за 250 мільярдаў долараў расійскіх актываў замарожана па ўсім свеце — менавіта іх плануюць пералічыць Украіне на закупкі зброі і аднаўленне разбураных гарадоў.
Вашынгтон і Брусель прынялі серыю значных рашэнняў па рэалізацыі планаў накіраваць Кіеву замарожаныя на Захадзе расійскія грошы. І на гэтым тыдні заходнія краіны перайшлі ад слоў да справы. Гэта было зроблена па абодва бакі Атлантыкі і выклікала сур'ёзную незадаволенасць у Маскве.
Спачатку Злучаныя Штаты абвясцілі, што закон REPO («Закон аб аднаўленні эканамічнага росквіту і магчымасцей для ўкраінцаў», Rebuilding Economic Prosperity and Opportunity for Ukrainians), што прыняты Кангрэсам ЗША ў гэтым годзе і прадугледжвае адабранне для патрэб Украіны ўсіх актываў Расіі ў ЗША, з'яўляецца для банкаў кіраўніцтвам да дзеяння, прычым да дзеяння тэрміновага, піша «Голас Амерыкі».
ЗША хочуць выявіць усе актывы Расіі ў краіне
Мінфін ЗША 23 ліпеня апублікаваў паведамленне, што яго падраздзяленне, якое займаецца санкцыямі — Упраўленне кантролю за замежнымі актывамі (OFAC) – выпусціла новае патрабаванне да справаздачнасці для фінансавых устаноў, якія валодаюць расійскімі суверэннымі актывамі. «У адпаведнасці з Законам REPO, усе фінансавыя ўстановы, у якіх знаходзяцца расійскія суверэнныя актывы і якія ведаюць ці абавязаны ведаць пра такія актывы, павінны прадаставіць апавяшчэнне аб такіх актывах у OFAC не пазней за 2 жніўня 2024 года, або на працягу 10 дзён з моманту выяўлення такіх актываў, і могуць зрабіць гэта з дапамогай новай формы OFAC».
Тэхнічнае, на першы погляд, распараджэнне на самой справе азначае поўнае выяўленне і інвентарызацыю расійскіх актываў, якія потым будуць выкарыстоўвацца для дапамогі Украіне. Тыя фінансавыя ўстановы, якія ўжо зрабілі справаздачу перад OFAC наконт наяўнасці расійскіх актываў, не павінны рабіць гэта яшчэ раз: дадзеная мера разлічана на тых, хто гэтага яшчэ не зрабіў.
Тэму выкарыстання расійскіх актываў працягнула абмяркоўваць і кіраўніца Мінфіна ЗША Джанет Елен на сустрэчы міністраў фінансаў краін «Вялікай дваццаткі» ў Бразіліі — там яна сустракалася з камісарам ЕС па эканоміцы Паола Джэнцілоні і іншымі калегамі. Пасля гэтых сустрэч Елен сказала агенцтву «Reuters», што «ўсё выглядае добра» ў сэнсе ўзгаднення «Вялікай сямёркай» да кастрычніка гэтага года крэдыту Украіне ў памеры 50 мільярдаў долараў, забяспечанага даходамі ад расійскіх актываў.
Паводле слоў кіраўніцы Мінфіна ЗША, перамовы аб прадастаўленні крэдыту былі канструктыўнымі, у тым ліку і па патрабаваннях ЗША аб тым, што актывы Расіі застануцца замарожанымі на працягу доўгага перыяду. Гэта дазволіць, як лічыць Вашынгтон, гарантаваць, што даходы ад расійскіх актываў змогуць пагасіць крэдыт да таго часу, пакуль не будзе дасягнутае якое-небудзь мірнае пагадненне, што захавае суверэнітэт Украіны і кампенсуе ёй шкоду, нанесеную ўварваннем Расіі.
Раней Джанет Елен сказала пра тое, што для выкарыстання расійскіх сродкаў на дапамогу Украіне няма юрыдычных перашкод і што воля дэмакратычных краін павінна быць мацнейшай за волю Пуціна: «Пуцін, я думаю, мяркуе, што наша кааліцыя распадзецца ў тым сэнсе, што мы не працягнем даваць Украіне рэсурсы, якія ім патрэбныя для вядзення гэтай вайны і падтрымання працы іх эканомікі. І гэта (выдзяленне дапамогі Украіне за кошт замарожаных актываў Расіі. — Заўв. рэд.) — спосаб паказаць, што ў нас ёсць магчымасці і воля зрабіць гэта».
Пры гэтым асноўны цяжар рашэнняў і дзеянняў прыпадае на Еўропу, дзе замарожаныя каля 210 мільярдаў еўра. У ЗША такіх актываў прыкладна 10 мільярдаў долараў, 10 мільярдаў долараў у Вялікабрытаніі, каля 30 мільярдаў долараў — у Японіі і меншыя сумы ў іншых краінах. Еўрасаюз вырашыў, што будзе рэвізаваць сваё рашэнне аб выкарыстанні даходаў з расійскіх актываў кожныя паўгода, і гэта выклікае заклапочанасць у Вашынгтоне, што жадае, каб грошы з краін G7 для пагашэння гэтага ўзгодненага для Украіны крэдыту не прыйшлося потым прасіць у падаткаплацельшчыкаў.
Еўропа адпраўляе першы транш
Аднак Еўропа не толькі асцерагаецца наступстваў, але і дзейнічае: 26 ліпеня старшыня Еўракамісіі Урсула фон дэр Ляен абвясціла ў сацсетцы «X» аб выдзяленні для аказання ваеннай і фінансавай дапамогі Украіне 1,5 млрд. еўра за кошт даходаў ад расійскіх актываў, замарожаных у краінах Еўрасаюза.
«Сёння мы пераводзім 1,5 млрд еўра, атрыманых ад замарожаных расійскіх актываў, на абарону і аднаўленне Украіны», — напісала кіраўніца Еўрапейскай камісіі. Раней Вярхоўны прадстаўнік Еўрасаюза па замежных справах Жазэп Барэль аб'яўляў, што гэтыя грошы могуць пайсці на закупкі «прыярытэтнага ваеннага абсталявання» — у прыватнасці, на дадатковыя сродкі СПА і артылерыйскія боепрыпасы.
Сродкі паступілі ад міжнароднага дэпазітарыя «Euroclear» у Бельгіі, дзе, уласна, і захоўваюцца замарожаныя актывы Расіі, і, як патлумачыла Еўракамісія, гэта толькі першы транш. Ён будзе накіраваны праз «Еўрапейскі фонд міру» і «Фонд для Украіны» на падтрымку ўкраінскага ваеннага патэнцыялу і аднаўленне краіны.
У Еўропе перавод сродкаў Украіне па самых розных каналах блакуе Венгрыя, прэм'ер-міністр якой, Віктар Орбан, сябруе з Уладзімірам Пуціным і рэгулярна заяўляе пра немагчымасць перамогі Украіны ў абароне ад агрэсіі Расіі. Апошні раз Будапешт заявіў пра такое блакаванне на гэтым тыдні, патлумачыўшы сваю адмову дазволіць перавод 6,5 мільярдаў еўра выплат з «Еўрапейскага фонду міру» на кампенсацыю паставак зброі Украіне, пакуль Кіеў не адменіць забарону на транзіт нафты расійскай кампаніі «Лукойл» праз украінскую тэрыторыю.
Аднак сярод тых еўрапейскіх краін, якія ў мінулым скептычна ставіліся да выкарыстання расійскіх грошай для Украіны, ёсць і тыя, хто мяняе пазіцыю. У прыватнасці, 23 ліпеня прыйшло паведамленне «Reuters» з Берліна са спасылкай на крыніцы ў германскім Мінфіне аб тым, што Германія «адкрытая для выкарыстання даходаў ад замарожаных расійскіх актываў для дапамогі Украіне ў ваенных дзеяннях».
«Калі існуе юрыдычна жыццяздольны механізм, які дазволіць нам у будучыні яшчэ лепш выкарыстоўваць гэтыя фінансавыя патокі з замарожаных актываў, то мы, безумоўна, гатовыя гэта зрабіць», — заявіла крыніца агенцтва ў Германіі.
Рэакцыя Расіі — пошукі «прадуманага адказу»
Ізаляцыя Расіі ад заходніх фінансавых патокаў і гвалтоўная нацыяналізацыя «варожых актываў», якая праводзіцца Крамлём, істотна знізілі магчымасці адказу Масквы на аперацыі Захаду з яе замарожанымі грашыма.
Магчыма, таму рэакцыя прэс-сакратара Крамля Дзмітрыя Пяскова на навіны пра першы транш еўрапейскай дапамогі Украіне з расійскіх грошай была вельмі асцярожнай.
Пяскоў заявіў журналістам, што «гэта не падстава для аператыўнай рэакцыі, гэта падстава, безумоўна, для прадуманых дзеянняў у адказ на падобныя незаконныя рашэнні, якія рэалізуюцца з боку Еўрасаюза».
Пры гэтым прэс-сакратар Пуціна дадаў, што «гэтыя дзеянні будуць абавязкова, але яны павінны быць прадуманымі, павінны цалкам адпавядаць нашым інтарэсам».
Адказ на блакаванне расійскіх актываў шукае і расійскі Цэнтрабанк: яго кіраўніца Эльвіра Набіуліна абвясціла ў пятніцу, што ўстанова шукае спосабы развязання праблем з заблакаванымі актывамі расійскіх кампаній пасля таго, як ЕС забараніў абмен актываў з Расіяй, якая захапіла ў адказ на санкцыі замежныя актывы на сваёй тэрыторыі.
Аднак з дзеянняў заходніх краін на мінулым тыдні ясна: рашучасць дамагчыся таго, каб Расія не толькі не атрымала свае сродкі назад, але і заплаціла імі за прычыненую Украіне шкоду, на Захадзе толькі расце.