887-мы дзень поўнамаштабнай вайны Расіі супраць Украіны: украінскія дроны атакавалі 5 абласцей Расіі

Украіна накіравала свае БЛПА ажно ў Ленінградскую вобласць. Расійскае Мінабароны традыцыйна бадзёра адрапартавала, што пашкоджанняў няма, але ў Арлоўскай і Белгародскай абласцях гарэлі падстанцыі.

Ілюстрацыйнае фота: Anadolu / Getty Images

Ілюстрацыйнае фота: Anadolu / Getty Images

***

Расія выкарыстала святкаванне Дня ВМФ, каб прадэманстраваць адносіны з шэрагам незаходніх дзяржаў у рамках намаганняў па стварэнні нібыта ўзначаленай Расіяй групы дзяржаў для аб'яднання супраць Захаду, піша амерыканскі «Інстытут вывучэння вайны» (ISW).

Караблі ВМС Кітая, Алжыра і Індыі прынялі ўдзел у галоўным ваенна-марскім парадзе ў Санкт-Пецярбургу, а прадстаўнікі 31 дзяржавы, у тым ліку Азербайджана, Венесуэлы, В'етнама, Кубы, Лівіі, М'янмы, Сірыі, Катара, Аб'яднаных Арабскіх Эміратаў і Паўднёвай Афрыкі, прынялі ўдзел у мерапрыемствах у Санкт-Пецярбургу. 

Намеснік міністра абароны Расіі Аляксандр Фамін сустрэўся з камандуючым ВМС Народна-вызваленчай арміі Кітая Ху Чжунмінам і абмеркаваў з ім супрацоўніцтва паміж Расіяй і КНР у ваенна-марской сферы. 

Фамін таксама сустрэўся з камандуючым ВМС М'янмы Він Хтэйнам, каб абмеркаваць далейшае ваенна-марское супрацоўніцтва паміж М'янмай і Расіяй. 

Міністр замежных спраў Расіі Сяргей Лаўроў сустрэўся з міністрам замежных спраў Малайзіі Махамадам Хасанам у Куала-Лампуры 28 ліпеня і дамовіўся наконт пашырэння расійска-малайзійскіх дыпламатычных кантактаў. 

Расія апошнім часам актывізавала сваё супрацоўніцтва з шэрагам гэтых дзяржаў, уключаючы Венесуэлу, Кубу, Індыю і В'етнам.

***

Сілы абароны працягваюць наносіць страты краіне-агрэсару Расіі — толькі за мінулыя суткі абясшкодзілі 1 310 расійскіх салдат і спалілі 74 артылерыйскія сістэмы ворага, паведаміў Генштаб УСУ ў Facebook.

Агульныя баявыя страты расіян з 24.02.22 па 29.07.24 арыенціровачна склалі:

  • асабістага саставу — каля 576 000 (+1 310) чалавек;
  • танкаў — 8 356 (+12) адз.;
  • баявых браніраваных машын — 16 103 (+8) адз.;
  • артылерыйскіх сістэм — 16 010 (+74) адз.;
  • РСЗА — 1 129 (+2) адз.;
  • сродкаў СПА — 906 (+0) адз.;
  • самалётаў — 363 (+0) адз.;
  • верталётаў — 326 (+0) адз.;
  • БПЛА аператыўна-тактычнага ўзроўню — 12 805 (+39) адз.;
  • крылатых ракет — 2 406 (+1) адз.;
  • караблёў / катэраў — 28 (+0) адз.;
  • падводных лодак — 1 (+0) адз.;
  • аўтамабільнай тэхнікі і аўтацыстэрнаў — 21 634 (+62) адз.;
  • спецыяльнай тэхнікі — 2 690 (+19) адз.

Расійскія акупанты ціснуць па ўсёй лініі фронту, цяжэй за ўсё цяпер на Пакроўскім кірунку; усяго за мінулыя суткі адбылося 128 баявых сутыкненняў.

«Паводле ўдакладненай інфармацыі, за ўчора праціўнік нанёс па пазіцыях украінскіх падраздзяленняў і населеных пунктах два ракетныя ўдары з ужываннем трох ракет, а таксама 69 авіяўдараў, скінуўшы 88 КАБаў. Акрамя гэтага, здзейсніў больш за 5 200 абстрэлаў, з іх 96 — з рэактыўных сістэм залпавага агню».

Захопнікі атакавалі населеныя пункты Харкаўскай, Данецкай, Запарожскай і Херсонскай вобласці.

***

Уначы 29 ліпеня над Днепрапятроўшчынай збілі 6 расійскіх дронаў і ракету, абломкі варожага жалеза пашкодзілі 2 гаспадарчыя пабудовы і прывялі да пажару на адкрытай мясцовасці, паведаміў кіраўнік Днепрапятроўскай вобласці Сяргей Лысак у Telegram.

«Уначы абаронцы неба знішчылі над вобласцю 6 БПЛА. Сярод іх адзін выведвальны, астатнія — "шахеды". Прызямліла падраздзяленне УК "Усход" і ракету. Збітае расійскае жалеза пашкодзіла 2 гаспадарчыя пабудовы. Гарэла сухая трава».

Акрамя таго, паводле слоў кіраўніка АВА, увечары расійцы атакавалі Нікапальшчыну — дронамі і з цяжкай артылерыі ўдарылі па Марганецкай і Краснагрыгор'еўскай грамадах.

У выніку атакі пашкоджаны прыватны дом, 4 цяпліцы і 5 гаспадарчых пабудоў.

«Раніцай акупанты накіравалі на раён дроны-камікадзэ. Папалі па Пакроўскай грамадзе. Людзі не пацярпелі», — падсумаваў Лысак.

Раней Паветраныя сілы паведамілі, што ў ноч на 29 ліпеня расійцы атакавалі Украіну кіраванай авіяцыйнай ракетай Х-59/Х-69 і 10 «Шахедамі», ракету і 9 дронаў удалося знішчыць.

***

У Данецкай вобласці на адной з шахт з-за абстрэлу было пашкоджана абсталяванне, у выніку чаго спынілася праца вентыляцыйнай сістэмы. Пра гэта паведамляе ўкраінскае Мінэнерга

Як гаворыцца ў паведамленні, на момант інцыдэнту ў шахце знаходзіліся 65 работнікаў. Вентыляцыйнае абсталяванне было аператыўна запушчана ў працу. 

«У Днепрапятроўскай вобласці ў выніку варожага абстрэлу тэрыторыі аднаго з энергапрадпрыемстваў пашкоджаныя адмінбудынкі і некалькі службовых аўтамабіляў. Пацярпелых няма», — расказалі ў міністэрстве.

***

У выніку расійскага абстрэлу вёскі Кізамыс Херсонскай вобласці атрымаў траўму мужчына, гаворыцца ў паведамленні Херсонскай АВА.

«Сёння раніцай расійскія войскі абстралялі Кізамыс. Пад варожы ўдар трапіў 44-гадовы мужчына. У яго — мінна-выбуховая траўма».

Раней у Херсонскай ААВ паведамілі, што ў бальніцу па дапамогу звярнуўся жыхар пасёлка Камышаны, які пацярпеў 28 ліпеня. У 40-гадовага мужчыны дыягнаставалі выбуховую і чэрапна-мазгавую траўмы, а таксама кантузію.

***

У выніку абстрэлу Купянска ў Харкаўскай вобласці мінулай ноччу пашкоджанні атрымаў прыватны дом, паведаміў кіраўнік абласной ваеннай адміністрацыі Алег Сінягубаў.

«29 Ліпеня, 03:20. Горад Купянск. У выніку абстрэлу кіраванымі авіябомбамі пашкоджаны адзін прыватны дом», — напісаў ён у Тэлеграме.

У нядзелю ўвечары Купянск таксама атакавалі дроны, а ў Купянскім раёне ў выніку артабстрэлу былі пашкоджаныя прыватныя жылыя дамы і электрасеткі.

Таксама ракетнаму абстрэлу падвяргаўся Харкаў, у выніку ўзнік пажар на аб'екце інфраструктуры, паведаміў Сінягубаў.

***

Ноччу 29 ліпеня ў некалькіх расійскіх абласцях чулі выбухі, у пасёлках Белгародскай і Арлоўскай абласцей гарэлі падстанцыі; раніцай расійскае Мінабароны заявіла, што над пяццю рэгіёнамі РФ збілі 39 беспілотнікаў, паведамляе РІА «Новости».

Паведамляецца, што Тамароўку Белгародскай вобласці дроны атакавалі пасля паўночы — там загарэлася падстанцыя. У пасёлку знікала электрычнасць.

Таксама ў сацсетках публікуюць эмацыйныя відэа з пасёлка Глазуноўка, што на поўдні Арлоўскай вобласці РФ. Жыхары раёна заснялі, як над імі ляціць беспілотнік, і наступны выбух.

Губернатар рэгіёна Андрэй Клычкоў пацвердзіў атаку, заявіўшы, што была пашкоджана падстанцыя.

«Уначы былі збітыя два варожыя БПЛА на тэрыторыі Глазуноўскага раёна. Пацярпелых няма, аднак ёсць пашкоджанні на мясцовай электрастанцыі. Аператыўныя службы займаюцца ліквідацыяй наступстваў паветранай атакі, на месцы здарэння працуюць праваахоўныя органы».

Ні пра якія наступствы атакі Мінабароны РФ традыцыйна не паведамляе. Таксама чыноўнікі адчыталіся пра тры збітыя ўкраінскія беспілотнікі над Ленінградскай вобласцю. Губернатар рэгіёна Аляксандр Драздзенка паведаміў, што ў выніку атакі ніхто не пацярпеў.

«Сёння ноччу над Ленінградскай вобласцю знішчаныя БПЛА. Ахвяр і разбурэнняў няма», — напісаў ён у Тэлеграм-канале.

Упершыню пра атаку ўкраінскіх дронаў на Ленінградскую вобласць расійскія ўлады паведамлялі ў студзені гэтага года.

Адлегласць ад украінскай мяжы да Санкт-Пецярбурга — каля 900 км.

***

Расійскія акупанты ўпершыню вывелі ў мора адразу тры падводныя лодкі, якія з'яўляюцца носьбітамі крылатых ракет, піша «Украінская праўда» са спасылкай на прадстаўніка ВМС УСУ Дзмітрыя Пляцянчука.

«Вораг упершыню вывеў у моры адразу 3 падводныя лодкі, якія з'яўляюцца носьбітамі крылатых ракет. Фактычна, гэта ўсе наяўныя ў Азова-Чарнаморскім рэгіёне.

Часам Чарнаморскі флот называюць падводным. Цяпер гэта праўда».