888-мы дзень вайны: Украіна ўмацоўвае мяжу з Беларуссю і рыхтуецца да расійскага наступлення

У Белгародскай вобласці РФ з лютага 2022 года, калі пачалося поўнамаштабнае ўварванне войскаў Расіі ва Украіну, разбурана больш за 30 тысяч дамоў і кватэр.

ukraina___zahad_slnca___vajna.jpg

Украіна ўмацоўвае мяжу з Беларуссю

Кіраўнік Украіны Уладзімір Зяленскі паведаміў, што знаходзіцца з візітам у Валынскай вобласці. Там ён праверыў ход будаўніцтва фартыфікацый і правёў нараду наконт бяспекі паўночных рэгіёнаў Украіны. 

«Асноўная ўвага — абароне нашай дзяржаўнай мяжы ў абласцях, якія мяжуюць з Расіяй і Беларуссю. Працягваем ўзмацняць украінскую мяжу», — адзначыў прэзідэнт Украіны.

Украіна павялічыла колькасць памежнікаў у суседніх з Расіяй і Беларуссю абласцях, паведаміў Зяленскі падчас паездкі на Валынь: «З нашага боку ёсць трывалая абарона і ў асабістым складзе па колькасці, і ў лініях абароны. Ва ўсіх абласцях, якія маюць мяжу з Расіяй і Беларуссю, таксама павялічылі колькасць памежнікаў. І мы працягваем гэта ўзмацняць».

ISW: Улады ў Расіі катаваннямі прымушаюць мігрантаў ісці на вайну

Расійскія ўлады катаваннямі прымушаюць мігрантаў з былых савецкіх рэспублік падпісваць кантракты з войскам і ўдзельнічаць у вайне супраць Украіны — піша Інстытут ваенных даследаванняў (ISW) са спасылкай на незалежныя СМІ.

«Па словах праваабаронцаў, рэйды (на мігрантаў) адбываюцца кожны тыдзень. Мігранты, якіх беспадстаўна затрымлівае паліцыя, зведваюць катаванні, адначасова іх прымушаюць паскорыць працэдуру натуралізацыі», — піша партал Okno.group, на які спасылаецца амерыканскі аналітычны цэнтр у сваёй апошняй справаздачы.

Па інфармацыі Okno, мігрантаў «пазбаўляюць вады, бʼюць токам і збіваюць, адбіраюць тэлефоны».

Акрамя таго, ISW звяртае ўвагу на заканадаўчыя ініцыятывы ў Расіі. Спікер Дзярждумы Вячаслаў Валодзін прапанаваў у панядзелак заканадаўча абавязаць людзей, якія атрымліваюць расійскае грамадзянства, станавіцца на ўлік у ваеннай адміністрацыі — каб гэта стала б умовай для атрымання расійскага пашпарта. Тэрмін ваеннай службы для новых грамадзян можа быць павялічаны з аднаго да двух гадоў, верхні ўзрост для прызыўнікоў таксама можа быць павялічаны.

Прэзідэнт Фінляндыі заявіў, што Расія і Украіна «падышлі да моманту, калі павінны пачацца перамовы»

Пасля першага этапу абмеркавання міру ва Украіне набліжаецца этап, калі павінны пачацца перамовы з удзелам Расіі, заявіў прэзідэнт Фінляндыі Аляксандр Стуб у інтэрв'ю Le Monde.

«Відавочна, [Уладзімір] Зяленскі палічыў, што першы этап перамоваў павінен прайсці без агрэсара. Цяпер мы падышлі да моманту, калі павінны пачацца перамовы», — сказаў Аляксандр Стуб.

Паводле яго, «прынцып рэальнасці» палягае ў тым, што калі да ўдзелу ў перамовах плануецца прыцягнуць Кітай і краіны глабальнага поўдня, то неабходна прыцягнуць і Расію.

Прэзідэнт Фінляндыі лічыць, што цяпер Украіна знаходзіцца ў значна больш моцнай пазіцыі, чым два месяцы таму, паколькі атрымлівае тэхніку і фінансаванне. «Расійскага прарыву таксама няма. Расія, паводле нашых звестак, не рухаецца наперад, і яе страты яшчэ большыя, чым раней», — дадаў Стуб.

Аднак вывад расійскіх войскаў з украінскіх тэрыторый, на яго думку, нельга разглядаць як папярэднюю ўмову для пачатку перамоваў.

«З нашага пункту гледжання, шлях да міру зразумелы: Расія павінна сысці. Але вы не можаце лічыць гэты сыход папярэдняй умовай», — сказаў Стуб. На яго думку, шмат што для спынення вайны можа зрабіць Кітай, бо «ён знаходзіцца ў моцнай пазіцыі ў дачыненні да Расіі».

На пытанне аб магчымых планах расійскіх уладаў Стуб адказаў, што не можа рабіць здагадак. «Я перастаў спрабаваць зразумець, што збіраецца рабіць Расія, таму што ў большасці выпадкаў нашы прагнозы няслушныя», — сказаў ён.

Прадстаўнік МЗС Расіі Марыя Захарава, каментуючы заявы Стуба, напісала, што «калі сапраўды гэтак жа ён тлумачыць фінам, навошта трэба ўступаць у NATO, то лепш адразу перайсці да непазбежнага — паўсюднай легалізацыі ў Фінляндыі наркотыкаў, бо свядомасць людзям трэба адключыць у прынцыпе, каб не перашкаджала». Яна заявіла, што ў «лепшым становішчы» Украіна знаходзілася восем гадоў з 2014-га да 2022-га, а далей «з кожным страчаным шанцам пагаршала свае перамоўныя пазіцыі і губляла рэшткі тэрыторыі».

Расія пачала маштабныя ваенна-марскія вучэнні 

У шматдзённых вучэннях ВМФ РФ задзейнічаны Паўночны, Ціхаакіянскі і Балтыйскі флот, а таксама Каспійская флатылія. Чарнаморскі флот у манеўрах не ўдзельнічае, паведамляе dw.com.

Расія пачала маштабныя ваенна-марскія вучэнні ў Арктыцы, на Балтыйскім і Каспійскім морах і на Ціхім акіяне. «Аб'яднанні і злучэнні Вайскова-марскога флоту Расіі прыступілі да правядзення планавых вучэнняў у аперацыйных зонах Паўночнага, Ціхаакіянскага і Балтыйскага флатоў, а таксама ў зоне адказнасці Каспійскай флатыліі», — паведаміла Міністэрства абароны РФ у аўторак, 30 ліпеня, у Telegram. 

Больш за 20 тысяч удзельнікаў 

У манеўрах удзельнічаюць каля 300 караблёў, катэраў, падводных лодак і судоў забеспячэння, да 50 лятальных апаратаў, больш за 200 адзінак ваеннай і спецыяльнай тэхнікі, а таксама больш за 20 тысяч вайскоўцаў і грамадзянскага персаналу, адзначаецца ў заяве. 

Мэтай шматдзённых вучэнняў называецца «праверка дзеянняў органаў ваеннага кіравання «ВМФ і «гатоўнасць экіпажаў караблёў, частак марской авіяцыі і берагавых войскаў ВМФ Расіі да выканання задач па прызначэнні». У ходзе манеўраў мяркуецца выканаць больш за 300 «баявых практыкаванняў з практычным прымяненнем зброі». Сярод іншага гаворка ідзе пра зенітныя ракетныя і артылерыйскія стрэльбы па марскіх і паветраных вучэбных мэтах.

Інфаграфіка Генштаба УСУ

Інфаграфіка Генштаба УСУ

Спікер ВМС Украіны Дзмітрый Пляцянчук не выключае, што Расія можа рыхтавацца да чарговай масіраванай атакі па Украіне. Паводле яго слоў, усе тры падводныя носьбіты ракет цяпер знаходзяцца ў моры і могуць мець на борце сукупна да 12 ракет. Таксама паралельна на самалёты ўзбройваюцца крылатымі ракетамі.

Расія можа працягнуць тактычнае наступленне ў бліжэйшыя тыдні: разведка Брытаніі 

У ліпені 2024 года расійскія сухапутныя войскі вялі бесперапынныя атакі ў цэнтральнай частцы Данецкай вобласці, прасоўваліся на захад, узяўшы пад кантроль некалькі вёсак і наблізіўшыся да лагістычнага цэнтра Пакроўск, гаворыцца ў справаздачы брытанскага Міністэрства абароны. 

Расійскія сухапутныя войскі таксама прасунуліся на поўнач да горада Нью-Ёрк, які знаходзіцца на лініі фронту з 2014 года, піша www.bbc.com.

Цалкам верагодна, што Расія працягне тактычнае наступленне ў бліжэйшыя тыдні, аднак яе агульная аператыўная здольнасць застаецца абмежаванай з-за шэрагу фактараў, сярод якіх высокі ўзровень страт асабістага складу, абмежаваная падрыхтоўка і недахоп афіцэрскіх кадраў, прагназуюць эксперты брытанскага Мінабароны.

Навіны вайны

Кіраўнік украінскага Цэнтра процідзеяння дэзінфармацыі Андрэй Каваленка зняпраўдзіў інфармацыю тэлеграм-каналаў аб тым, што расіяне нібыта зайшлі ў Тарэцк Данецкай вобласці: «Паводле стану на 12:00 гэтага дня інфармацыя аб заходзе расіян у Тарэцк не адпавядае рэчаіснасці».

За мінулыя суткі на поўдні і ўсходзе Украіны супрацьпаветранай абаронай знішчаныя сем разведвальных БПЛА: чатыры Zala, два Арлан-10 і Supercam, паведамілі ў паветраных сілах УСУ.

Раніцай расійскія войскі абстралялі Купянск Харкаўскай вобласці, адзін чалавек паранены, паведаміў кіраўнік АВА Алег Сінегубаў. 

Таксама раніцай расіяне абстралялі з артылерыі Чарнабаеўку Херсонскай вобласці, паранены адзін чалавек. 

За папярэднія суткі ў выніку расійскіх абстрэлаў у Херсонскай вобласці восем чалавек атрымалі раненні. Пашкоджаны аб'екты крытычнай інфраструктуры і прыпартовая інфраструктура, шматпавярховы дом і 24 прыватных дамы, газаправоды. 

У Данецкай вобласці за 29 ліпеня ў выніку расійскіх абстрэлаў загінулі чатыры чалавекі: трое ў Тарэцку і адзін у Гродаўцы. Яшчэ пяць чалавек у вобласці за суткі атрымалі раненні, паведаміў кіраўнік АВА Вадзім Філашкін. 

Інфаграфіка Генштаба УСУ

Інфаграфіка Генштаба УСУ

Украінскі Генштаб агучыў арыенціровачныя страты РФ на раніцу 30 ліпеня: асабовага складу — каля 577 060 (+1060за мінулыя суткі) чалавек, танкаў — 8381 (+25), баявых браніраваных машын — 16 141 (+38), артылерыйскіх сістэм — 16 056 (+46), РСЗА — 1130 (+1), БПЛА аператыўна-тактычнага ўзроўню — 12 832 (+27), аўтамабільнай тэхнікі і аўтацыстэрнаў — 21 687 (+53), спецыяльнай тэхнікі — 2696 (+6).