Даследаванне: Расія — галоўны дэзынфарматар у ЕС

Як мінімум 17 тысяч выпадкаў пракрамлёўскай дэзынфармацыі выявілі ў ЕС за апошнія 9 гадоў. Большая іх частка накіраваная супраць Украіны, паведамілі DW у Брусэлі. Прычым рэзкае павелічэнне маштабаў падобнай дзейнасці здарылася пасля 24 лютага 2022 года.

_belarus_pryroda_vjoska_dobraj_ranicy_fota_dzmitryj_dzmitryeu_novy_czas__7__logo.jpg

Расія з'яўляецца найбуйнейшым распаўсюднікам дэзынфармацыі ў Еўрапейскім Саюзе, прычым, з вялікім адрывам ад тых краін, якія займаюцца падобнымі практыкамі.

Пра гэта паведамілі чыноўнікі ЕС на брыфінгу ў Брусэлі ў сераду, 15 траўня, спаслаўшыся на вынікі даследаванняў замежнапалітычнай службы Еўрасаюза ў сферы дэзынфармацыі і замежнага ўмяшання.

У гэтым кантэксце даследчыкі таксама згадалі Кітай, аднак падкрэслілі, што галоўным актарам у сферы маніпуляцыі інфармацыяй і выкарыстання яе ў якасці зброі на еўрапейскай тэрыторыі застаецца РФ.

З 2015 года знешнепалітычная служба Еўрасаюза зафіксавала 17 000 інцыдэнтаў пракрамлёўскай дэзынфармацыі, звязаных з пракрамлёўскімі дзеячамі. З гэтых інцыдэнтаў больш за 1500 — у 2024 годзе.

Глядзіце таксама

Пры гэтым вялікая частка данага кантэнту — больш за палову — была накіраваная супраць Украіны і тычылася яе лідараў, сітуацыі ў краіне, унутранай і знешняй палітыкі, удакладніў у гутарцы з DW адзін з чыноўнікаў.

Другая па велічыні сэнсавая катэгорыя — усхваленне Расіі, яе лідараў, сітуацыі ў краіне і палітыкі.

На трэцім месцы — антызаходні кантэнт, кампаніі па ачарненню ЕС, еўрапейскіх палітыкаў і дэзынфармацыя пра жыццё ў краінах Еўрасаюза (напрыклад, «Еўропа замярзае без расійскага газу»). 

«Толькі вяршыня айсберга»

Эксперты адзначаюць, што мэтай даследаванняў у ЕС не з'яўляецца выяўленне максімальнай колькасці выпадкаў дэзынфармацыі, таму названая імі колькасць — гэта «толькі вяршыня айсберга».

Як растлумачылі ў Бруселі, асноўная мэта даследчыкаў — аналіз дзеючых асоб, іх падыходаў і тэхнік, а таксама выяўленне сістэм і сетак, якія стаяць за імі.

Напрыклад, у рамках даследавання «Ілжывы фасад» была выяўленая сетка звязаных з асобамі ў Расіі сайтаў, якія выдавалі сябе за заходнія выданні, а даследаванне сайтаў-двайнікоў выкрыла «кланаваныя» інтэрнэт-парталы вядучых заходніх выданняў са злёгку змененымі вэб-адрасамі, якія распаўсюджвалі маніпулятыўны кантэнт і дэзынфармацыю. Такім чынам вядомыя заходнія СМІ ўскосна становяцца ўдзельнікамі гэтых дзеянняў, кажуць у ЕС.

«Мы бачым рост колькасці і якасці пракрамлёўскіх кампаній», — канстатавалі чыноўнікі. Яны адзначаюць рэзкае павелічэнне маштабаў падобнай дзейнасці пасля 24 лютага 2022 года і асобны ўсплёск напярэдадні выбараў у Еўрапейскі парламент, якія пройдуць у чэрвені.

У тым, што тычыцца дэзынфармацыі вакол выбараў, «Расія застаецца самым заўважным і пераважным гульцом», кажуць у Еўрасаюзе. Гаворка ідзе аб мэтанакіраванай скаардынаванай кампаніі з задзейнічаннем розных сацыяльных сетак, сайтаў, якія ўзаемадзейнічаюць адзін з адным, выкарыстанні падобных сайтаў у якасці крыніц і іншых відаў дзейнасці. 

Глядзіце таксама

Дэзынфармацыйныя кампаніі гуляюць на ўнутранай незадаволенасці

Для стварэння кантэнту выкарыстоўваецца ўнутраная незадаволенасць у краінах ЕС — гэта чыноўнікі назвалі галоўным выклікам. Па іх словах, часцей за ўсё гэтыя кампаніі карыстаюцца існуючымі дэбатамі або канфліктамі і распальваюць іх з мэтай нагнятання напружанасці, узмацнення незадаволенасці і абвастрэння дыскусіі. Часам для гэтага бярэцца праўдзівая інфармацыя, у якую дадаецца адзін «фэйкавы» элемент, часам факты перакручваюцца, выдзіраюцца з кантэксту, або распаўсюджваецца нават абсалютная хлусня, распавядаюць эксперты.

Сярод галоўных тэм:

  • Украіна,

  • вайна Расіі супраць Украіны,

  • міграцыя,

  • змены клімату,

  • ЛГБТК+,

  • наратывы аб «элітах супраць народа»,  

  • «традыцыйныя каштоўнасці».

Пры гэтым тэндэнцыя такая, што даныя паведамленні падхопліваюцца палітыкамі ў краінах ЕС для ўнутраных мэтаў, напрыклад, так было ў Славакіі, паведаміў адзін з экспертаў.

Станоўчым фактарам чыноўнікі ЕС назвалі тое, што яны не выявілі ні скаардынаванай кампаніі дэзынфармацыі па ўсім Еўрасаюзе, ні масавага маніпулявання інфармацыяй напярэдадні выбараў у Еўрапарламент. Аднак з улікам умяшання ў выбары ў ЗША і Францыі ў 2010-х гадах у Еўрасаюзе перакананыя, што такія рызыкі захоўваюцца.

Глядзіце таксама