Як расійскія серыялы ўплываюць на свядомасць беларусаў
Ужо не адно дзесяцігоддзе пры непасрэднай падтрымцы Крамля расійскі кінематограф стварае культ сілавікоў і «рускага свету». Гэты прадукт актыўна транслюецца ў Беларусі — як па тэлебачанні, так і ў кінатэатрах. Так у свядомасці беларусаў фармуецца патрэбная Крамлю карцінка.
Маніпуляцыям масавай свядомасцю праз мас-медыя, у тым ліку фільмы, серыялы і нават мульцікі, якія незаўважна для самога чалавека ўплываюць на яго ўспрыманне рэчаіснасці і каштоўнасныя ўстаноўкі, крамлёўская прапаганда пачала надаваць асаблівую ўвагу ўжо ў 2000-х гадах. Менавіта тады бясконцыя «імпартныя» серыялы пачала выцясняць ўласная кінапрадукцыя.
І калі спачатку гэта была рамантызацыя і гераізацыя крымінальнай субкультуры (адпавядала чаканням расійскай аўдыторыі таго перыяду), то ўжо праз некалькі гадоў прапаганда занялася масавай вытворчасцю фільмаў і серыялаў аб праваахоўных органах і арміі, у якіх злачынцам ўжо адводзілася роля адмоўных герояў, а прадстаўнікам расійскай дзяржавы ўсіх рангаў і масцяў — станоўчых, піша «Media IQ». Вядома, сустракаюцца дзяржслужачыя-хабарнікі і вымагальнікі, але яны аказваюцца альбо перажыткамі «ліхіх 90-х», альбо завербаванымі агентамі заходніх спецслужбаў. Адбываецца трансфармацыя «Бандыцкага Пецярбурга» ў «Цудоўную пяцёрку» з дэманстрацыяй будняў операў «забойнага» аддзела аднаго з раёнаў Пецярбурга.
Прадукцыя расійскай кінаіндустрыі дэманструе паводзіны, якія ўхваляюць ўлады, фармуе зададзеную сацыяльную рэальнасць, матывуе да неабходных паводзінаў, то-бок удзельнічае ў стварэнні расійскага сацыяльнага парадку. У серыі «Бяссудны дзень» серыяла «След» адзін з герояў заяўляе ў фінале: «Чалавека можна пераканаць наогул у чым заўгодна, галоўнае — яму ў галаву ўкласці патрэбную інфармацыю». І крамлёўская прапаганда настойліва ўкладвае ў галовы сваёй аўдыторыі свае ўстаноўкі.
З 2010-х гадоў назіраецца сістэмная праца прапаганды ў напрамку фармавання забаўляльнага кантэнту і праскокваюць сюжэты, што не ўпісваюцца ў агульную канцэпцыю і не транслююць наратывы Крамля, але яны становяцца выключэннямі: чым бліжэй да сённяшняга дня, тым усё больш і больш рэдкімі.
Паказальная трансфармацыя
Максімальна яркім прыкладам змены палітыкі Крамля ў дачыненні да масавай культуры з'яўляюцца асобасныя метамарфозы кінарэжысёра, сцэнарыста, прадзюсара і кінаакцёра Мікіты Міхалкова. Ідэалагічная прапаганда ў фільмах тым больш эфектыўная, чым больш знакаміты рэжысёр, які іх стварае, і акцёры, якіх ён здымае. Таленавіты ў мінулым аскараносны рэжысёр і акцёр, які прымаецца і прызнаецца ў краінах Захаду, ператварыўся ў адзін з галоўных рупараў Крамля і транслятара тэзісаў «рускага свету». Сёння Міхалкоў — заўзяты прыхільнік антызаходняй палітыкі, вайны супраць Украіны, рэпрэсій у дачыненні да тых, хто не падтрымліваюць палітыку расійскай улады, прапагандыст і канспіролаг.
Стваральнік па-сапраўднаму таленавітага і драматычнага фільма «Стомленыя сонцам» — з аднаго боку, і аўтар адыёзнага прапагандысцкага і канспіралагічнага «Бесагону», які даносіць, паводле слоў Ксеніі Сабчак, Уладзіміру Пуціну на ўдзельнікаў «голай» вечарынкі, які таўруе Алу Пугачову за крытыку агрэсіі Расіі супраць Украіны — з другога.
Безумоўна, гаворка ідзе не пра змену светапогляду і асабістых установак Міхалкова, а толькі пра яго ўнікальнае ўменне адчуваць, а часам і апярэджваць патрэбы і чаканні ўлады. Калі напрыканцы 80-х і ў 90-х гадах была запатрабаваная тэматыка крытыкі масавых палітычных рэпрэсій, рэжысёр тварыў у гэтым кірунку, сёння, калі расійская палітычная эліта транслюе наратывы аб збіранні зямель, неабходнасці моцнай улады, варожасці Захаду — актуальным становіцца Міхалкоў-украінафоб, змагар за «традыцыйныя каштоўнасці», які ўзвялічвае вобраз вялікай РФ і яе канкрэтных персанажаў. І замест «Стомленых сонцам» гледачу дэманструецца «Генерал Кажугетыч» — дакументальны фільм, зняты да 50-годдзя міністра Сяргея Шайгу, і «55» — пра прэзідэнцтва Пуціна.
Мікіта Міхалкоў калісьці пафасна заяўляў, што заслуга за тое, што Расія, пры «паступальным, стваральным і пазітыўным» развіцці будзе «распраўляць плечы і падымацца з каленяў... будзе аднесена на рахунак Барыса Мікалаевіча Ельцына», а праз некалькі гадоў ён патрабуе «на дзяржаўным узроўні прызнаць злачынствы Гарбачова і Ельцына». Чалавек, які ў 1996 годзе сцвярджаў, што альтэрнатывы Ельцыну няма і менавіта ён прадухіліў катастрофу, праз 20 гадоў абвінавачвае яго ў «здзяйсненні рэальнага злачынства... развале нашай краіны», а ў 2023 годзе заклікае, прычым ужо не першы раз, закрыць Ельцын-цэнтр.
Неабходна нагадаць, што летам 2022 года Міхалкоў у сваёй перадачы «БесогонТВ» заклікаў прызнаць Ельцын-цэнтр «інагентам», параўнаўшы дзейнасць цэнтра з працай «Эхо Москвы» і яго былога галоўнага рэдактара Аляксея Венядзіктава, уключанага ў рэестр «інагентаў».
У студзені 2023 года Мікіта Міхалкоў напісаў адкрыты ліст у Раду Еўрапейскага Саюза. У сваім лісце ён агучыў тэзісы крамлёўскай прапаганды пра «нацызм, які прачнуўся» і «фашысцкі пераварот» ва Украіне, набліжэнні NATO «ўшчыльную да межаў» РФ, і абвінаваціў еўрапейскіх палітыкаў у «цынічнай хлусні» і «насаджэнні русафобіі». Акрамя таго, ён прыгразіў Еўрасаюзу міжнародным трыбуналам, пахваліў Пуціна за супрацьстаянне «крывадушнасці» і чарговым разам апраўдаў анэксію Крыма. У той жа час рэжысёр, як адзначаюць расійскія медыя, «насуперак сваёй патрыятычнай пазіцыі і рэзкаму стаўленню да Захаду і яго каштоўнасцей», не збіраецца адмаўляцца ад сваёй еўрапейскай нерухомасці ў Італіі, Іспаніі і Чэхіі. Сцвярджаецца, што яго сваякі актыўна наведваюць нерухомасць Міхалкова ў еўрапейскіх краінах.
Дарэчы, калі казаць пра сваякоў, то неабходна згадаць бацьку рэжысёра, Сяргея Міхалкова, вядомага сваёй унікальнай здольнасцю прыстасоўвацца да любой улады — ад Сталіна да Ельцына. Міхалкоў-старэйшы — аўтар слоў гімна СССР, які трансфармаваўся ў сучасны гімн РФ, і ўдзельнік цкавання Барыса Пастэрнака. Сяргей Міхалкоў з аднолькавым энтузіязмам асуджаў Аляксандра Салжаніцына ў часы СССР і прапаноўваў даць яму дзяржаўную прэмію пры новай уладзе.
Такім чынам, Мікіта Міхалкоў выхоўваўся ў своеасаблівай атмасферы, якая сфармавала ў ім здольнасць быць не проста лаялістам, а актыўна дагаджаць дзеючай уладзе. Ён — адзін з самых вядомых, але далёка не адзіны дзеяч масавай культуры, які транслюе ў сваім прадукце наратывы крамлёўскай прапаганды. Якія ж асноўныя наратывы прысутнічаюць у сучасных расійскіх фільмах і серыялах?
Непрыняцце незалежнасці былых рэспублік СССР
Крамлёўская прапаганда настойліва транслюе тэзіс аб тым, што «развал» СССР — гэта найвялікшая памылка, якая прывяла да заняпаду новых незалежных дзяржаў. Сцвярджаецца, што для жыхароў былых саюзных рэспублік Расія, асабліва Масква, застаецца безумоўным цэнтрам прыцягнення і «зямлёй запаветнай», трапіць куды імкнуцца ўсімі праўдамі і няпраўдамі. Пры гэтым тыя, хто прыехаў з былых рэспублік СССР, гатовыя фактычна на ўсё, каб жыць і працаваць у РФ.
Для жыхароў постсавецкіх краін прапагандысцкі кінематограф стварыў зусім не прывабныя іміджы. Дастаткова згадаць папулярны ў нядаўнім мінулым серыял «Мая выдатная няня», галоўная гераіня якога трапіла ў Маскву з Марыупаля. Перад гледачом паўстае нявыхаваная, хамаватая, безгустоўна апранутая, скандальная ўкраінка, з якой можна пасмяяцца. Вобраз жыхаркі Украіны, якая прыязджае ў РФ, каб знайсці сабе мужа-расійца або займацца прастытуцыяй, стаў стэрэатыпным у расійскім кіно. Ва ўжо згаданым серыяле «След», які, паводле вынікаў апытання УЦДГМ, не адзін год прызнаваўся другім па папулярнасці серыялам у РФ і, такім чынам, мае шматміліённую аўдыторыю, украінкі паўстаюць у вобразе уладальніц бардэля, утрыманак, прастытутак, цяжарных гастарбайтэрш, гатовых прадаць сваё дзіця, але не з'язджаць дадому.
Украінец у расійскім кінематографе — персанаж крыху камічны, каларытны, хітры, гатовы падмануць і скрасці — такі эталонны «хахол». Аднак у апошнія гады вобраз трансфармуецца ў агрэсіўнага здрадніка, калабарацыяніста і «бандэраўца».
Напэўна, самымі папулярнымі ў расійскім кіно прадстаўнікамі постсавецкіх краін з'яўляюцца грамадзяне Таджыкістана. Незайздросны вобраз малапісьменнага таджыка быў створаны яшчэ ў савецкія гады, а расійскі кінематограф толькі ўмацаваў яго і зрабіў больш каларытным. На пачатку 2000-х гадоў на экраны выйшаў серыял «Наша Russia», які апавядае, у асноўным, пра «працоўную дзейнасць» у Маскве выхадцаў з Таджыкістана Джамшуда і Раўшана. З тых часоў імя Джамшуд стала намінальным, а слова «таджык» у масавым ужытку стала азначаць не толькі і не столькі этнічную групу, колькі сацыяльную з'яву. Як правіла, гэтым словам пазначаюць чорнарабочых з Сярэдняй Азіі, якія за невялікія грошы гатовыя выконваць любую працу, прычым не вельмі якасна.
Не ў апошнюю чаргу менавіта расійскае кіно ператварыла грамадзяніна Таджыкістана, які прыехаў у РФ, у сацыяльна неабароненага непісьменнага дворніка, грузчыка або дапаможнага рабочага. І нават тое, што, на першы погляд, здаецца спробай змяніць сітуацыю, толькі ўзмацняе сфармаваны міф. У чарговым «мянтоўскім» серыяле «Свае» адзін з галоўных герояў — адкамандзіраваны з Душанбэ па праграме абмену Файзулхусан, якога расійскія калегі называюць не інакш як Фазікам, а напарнік ганяе як хлопчыка. Ён цытуе Амара Хайяма, выдатна малюе, мае фатаграфічную памяць, але з'яўляецца стажорам, якога выкарыстоўваюць «на падхваце». Пры неабходнасці маскіруецца пад нізкакваліфікаванага працоўнага мігранта-таджыка, практычна ўсё, што зарабляе, адпраўляе шматлікім маламаёмасным сваякам у Таджыкістан і жыве надгаладзь. Ну і, вядома, не плануе вяртацца на радзіму.
Свой вобраз створаны і для беларусаў. Гэта, безумоўна, «меншыя браты», на якіх вялікаросы глядзіць пагардліва. У адрозненне ад, напрыклад, таджыкаў, у гэтай карціне свету беларусы працуюць якасна, але пад кантролем, заўсёды гатовыя схітраваць, а значыць — ненадзейныя. У серыяле «След» многія злачынцы імкнуцца ўцячы на Захад праз Беларусь, паколькі, як імкнецца пераканаць сваю аўдыторыю крамлёўская прапаганда, кантроль на заходняй беларускай мяжы ўмоўны, а памежнікі працаваць не імкнуцца.
Прапаганда паклапацілася папрацаваць над іміджамі грамадзян і іншых былых саюзных рэспублік.
«Мяжа Расіі нідзе не заканчваецца»
Базавым наратывам крамлёўскай прапаганды можна вызначыць тэзіс, сфармуляваны Пуціным яшчэ ў 2016 годзе, калі ён падчас размовы са школьнікамі заявіў: «Межы Расіі нідзе не заканчваюцца».
Прапаганда ўзяла гэтую тэму і развіла яе, дадаўшы тэзісы «рускага свету» і надаўшы ёй цывілізацыйны аспект. Пуцін і сам у 2023 годзе вярнуўся да сваёй фразы, запэўніўшы, што яна мела «цывілізацыйны сэнс». Ён не ў першы раз заяўляе пра «глабальны характар» «рускага свету», звязваючы «суайчыннікаў», якія пражываюць за мяжой, з межамі РФ і яе правам на ўплыў.
Замацаванню гэтага наратыву не першы год спрыяе расійскі кінематограф. Настойліва транслюецца тэзіс, што расійскія спецслужбы і нават звычайныя вайскоўцы — цалкам апраўдана прысутнічаюць на тэрыторыі замежных дзяржаў, а тым больш калі гаворка ідзе пра былыя саюзныя рэспублікі, — выконваючы заданні кіраўніцтва.
Верагодна, самым паказальным у гэтым сэнсе з'яўляецца серыял «Марскія д'яблы», галоўныя героі якога рэгулярна выконваюць розныя місіі за мяжой. Аўдыторыю спакваля прывучалі да думкі, што нічога незвычайнага ў гэтым няма, а прысутнасць расійскіх вайскоўцаў розных масцяў толькі на карысць усім, у тым ліку мясцовым жыхарам. У некаторых серыях, напрыклад, «Схроны» — ужо ў кароткай анатацыі змяшчаецца інфармацыя пра тое, што расійскія спецслужбы «за мяжой праводзяць бездакорную аперацыю», а ў сезоне «Марскія д'яблы. Далёкія рубяжы» героі і зусім «супрацьстаяць заходнім спецслужбам» у асобе нейкага «Інфармацыйна-даследчага цэнтра» як «на далёкіх рубяжах нашай краіны, так і па-за яе межамі».
У расійскай кінаіндустрыі ў апошняе дзесяцігоддзе вытворчасць фільмаў пра «працу» спецслужбаў Крамля за мяжой пастаўлена на паток. Сярод самых папулярных можна назваць:
- «Спецыяліст», у якім галоўны герой выконвае заданні ў Германіі, Эстоніі, Турцыі;
- «Вартавыя Айчыны» — пра сакрэтнае падраздзяленне «спячых» агентаў, якім «адступаць няма куды — ззаду вялікая Радзіма»;
- серыял «Спецназ», героі якога «заўсёды гатовыя выступіць на абарону Радзімы, куды б ні закінула іх жыццё: на Паўночны Каўказ, у Косава, Таджыкістан, Афганістан».
З пачатку поўнамаштабнага ўварвання РФ ва Украіну рэзка ўзрасла вытворчасць прапагандысцкіх фільмаў, якія апраўдваюць уварванне і напоўненыя крамлёўскімі наратывамі. Героі фільмаў «абараняюць рускіх» у Крыме, Луганску, Данецку, якія пазіцыянуюцца як спрадвечна рускія землі. На стварэнне такога прадукту ў 2023 годзе Мінкульт РФ, Фонд кіно і Інстытут развіцця інтэрнэту выдзялілі 30 мільярдаў рублёў.
Высновы
Цягам многіх гадоў крамлёўская прапаганда выкарыстоўвала кінаіндустрыю для фармавання альтэрнатыўнай рэальнасці. Неабходна адзначыць, што нават пасля 2014 года і анэксіі Крыма расійскія фільмы і серыялы трансляваліся ў тым ліку на ўкраінскую аўдыторыю, мадэлюючы комплекс непаўнавартаснасці і другасортнасці. Сёння прадукты расійскай прапаганды ўпэўнена прысутнічаюць у інфармацыйнай прасторы Беларусі.
Уплыў прапаганды праз кінаіндустрыю на грамадскую свядомасць глыбокі і доўгатэрміновы. Яркія эмоцыі, якія адчуваюць людзі падчас прагляду кіно, дазваляюць не толькі змадэляваць пэўныя погляды і наратывы без уключэння крытычнага мыслення, але і надзейна замацаваць іх. Тэзісы і ідэі, прадстаўленыя ў фільмах і серыялах, фармуюць асобасную і сацыяльную ідэнтычнасць і масавую свядомасць, расстаўляюць патрэбныя акцэнты, адказваюць на пытанне «што такое добра і што такое дрэнна», тлумачаць, што па-сапраўднаму каштоўна, а што — імгненна і мінае, што з'яўляецца дабром, а што — злом. І калі за кінаіндустрыяй стаіць дзяржава, то менавіта яна вызначае і «сапраўдныя» каштоўнасці, і дабро са злом. Змест сучасных расійскіх фільмаў і серыялаў дэманструе пазіцыю ўлады і транслюе наратывы прапаганды. Пры праглядзе такога прадукту аўдыторыя несвядома ўспрымае ўстаноўкі, якія навязваюцца, — гэта значыць, адбываецца працэс палітычнай сацыялізацыі. Пры гэтым у большасці сваёй людзі часцей за ўсё не чакаюць ад такога прадукту масавай культуры сістэмнай ідэалагічнай і прапагандысцкай нагрузкі і лёгка становяцца ахвярамі дэзінфармацыі.
Менавіта таму вельмі важна ствараць свой якасны канкурэнтны кінапрадукт — як супрацьдзеянне і своеасаблівую вакцынацыю ад крамлёўскай прапаганды. І памятаць, што бяскрыўднай інфармацыі з краіны, дзе ідэалогія пранізвае ўсе сферы жыцця, быць не можа.