«Зрабіць з “Партызанфільма” Галівуд у ідэолагаў культуры не атрымаецца»

У Беларусі ўсё так «добра» з кіно, што даводзіцца паказваць пірацкія копіі замежных фільмаў, каб кінатэатры хоць неяк выжывалі, а айчынная агітка «На другім беразе», на паказы якой масава зганялі школьнікаў і бюджэтнікаў, са скрыпам увайшла ў першую пяцёрку па выніках кінапракату за год. Але ўлады працягваюць курс на «гераізацыю» сілавікоў.

1img_5938.jpg

Як распавяла на прэс-канферэнцыі першая намесніца гендырэктара УП «Кінавідэапракат» Мінгарвыканкама Вольга Дзюльдзя, самым папулярным фільмам 2023 года стаў расійскі «Чабурашка», за ім ідуць пірацкія копіі фільмаў «Аватар 2: шлях вады» і «Опенгеймер», потым «На другім беразе», а замыкае топ-5 мультфільм «Кот у ботах 2: апошняе жаданне». Увогуле, небывалы поспех як расійскага, так і беларускага кіно ў наяўнасці, піша «Філін».

Вырашыўшы не спыняцца на дасягнутым і ў рамках «культурнага імпартазамяшчэння», пра якое так любяць казаць чыноўнікі, Міністэрства культуры абвясціла конкурс сцэнарыяў для здымак фільмаў і тэлесерыялаў.

Дакладней, у канцы 2023 года ад імя сумнавядомай спецыялісткі па «чорных спісах»Ірыны Дрыгі зазывалі маладых кінематаграфістаў: маўляў, у беларускім кіно ўсё ёсць — грошы (ды няўжо?!), база і тэхналогіі «Беларусьфільма» (тая самая натурная пляцоўка пад Смалявічамі, якой ужо больш за паўстагоддзя?), падтрымка СМІ і «дружалюбны пракат», але не хапае «пятага элемента»: таленавітых аўтараў, рэжысёраў і прадзюсараў.

На самай справе, куды ж яны падзеліся за тры гады рэпрэсій і «чыстак» у сферы культуры? Мабыць, і цяпер на прыём у міністэрства са свежымі творчымі ідэямі не прыйшлі.

І вось тады чыноўнікі зрабілі ход канём, абвясціўшы конкурс сцэнарыяў. Каб два разы не ўставаць — адразу для гульнявога фільма, серыяла, мультфільма і фільма-падарожжа па краіне.

«Плануеце бліскаць на чырвоных дарожках і здзіўляць свет мільярднымі касавымі зборамі? Ваш шлях у вялікае кіно пачынаецца тут!» — пафасна сцвярджаецца ў аб'яве ведамства.

Тэмы «сучаснай кінадраматургіі» зацвярджаў нібыта асабіста сам Лукашэнка: «гераізм супрацоўнікаў праваахоўных органаў падчас падзей жніўня 2020 года ў Беларусі»; «працаўнікі беларускай вёскі»; «ваенна-патрыятычная тэма» або «кінаказка з беларускімі героямі для сямейнага прагляду». Цікавяць Мінкульт таксама серыялы «пра беларускую шматдзетную сям'ю» або «пра беларускую міліцыю»; або мультфільм «пра прыгоды вядомых казачных герояў».

Бог з ім, што чыноўнікі, мабыць, забыліся, пра правал вайскова-патрыятычнай стужкі «Не гульня» (2018), знятай на замову Мінабароны РБ. Але ўявіць сабе фільм пра «гераізм» сілавікоў у жніўні 2020 года, ды яшчэ і паабяцаць за падобны сцэнар умоўныя штаны з лампасамі, то-бок, грашовую прэмію ў памеры 50 базавых велічынь (2000 рублёў) — сцэнарысты нават расійскіх серыялаў трэцяга сорту здзекліва смяюцца, профі са сферы кіно круцяць пальцам ля скроні.

Глядзіце таксама

Хоць, вядома, можна ўявіць сабе людзей, згодных на падобныя «вядомасць і прызнанне» — бо конкурс на манумент, прысвечаны «народнаму адзінству» з чацвёртага разу такі правялі і нават абралі пераможцу. І магчыма, на Кастрычніцкай плошчы ў Мінску ўсё ж усталююць фігуру сялянкі з дзяржсцягам і немаўлём.

Але для фільма аднаго сцэнарыста і рэжысёра мала, — а з акцёрамі, нават калі ўсю новую трупу тэатра імя Янкі Купалы пакліч і Гасцюхіна на галоўную ролю прызнач, таксама бяда: хто «беглы», хто «экстрэміст», ці проста недастаткова лаяльны — як такім даверыць гераічных міліцыянтаў граць?

Можна, вядома, кастынг сярод саміх сілавікоў правесці — камандзір мінскага АМАПа Дзмітрый Балаба сцвярджаў, памятаецца, што там суцэльныя тэатралы і знатакі мастацтва. Толькі вось без балаклаваў нават праз тры гады «стабільнасці» здацца саромеюцца, так што фільм, зноў жа, пад пагрозай зрыву.

Зрэшты, калі гэта логіка і здаровы сэнс перамагалі ідэалагічныя задачы, пастаўленыя партыяй і ўрадам? Тым больш што Аляксандр Лукашэнка, які думае савецкімі падыходамі, часта цытуе ленінскае выказванне пра кіно і, падобна, шчыра перакананы, што кіно не мае роўных па ступені выхаваўчага ўздзеяння.

А яшчэ, мяркуючы па нарадах на «культурныя» тэмы, кіраўнік не менш шчыра перакананы, што ўсё вырашаюць грошы. І змяняючы летась дырэктараў «Беларусьфільма» на пераправе, практычна замовіў мілыя сэрцу тэмы — фільмы пра настаўнікаў, і каб «паказалі са станоўчага боку іншыя катэгорыі нашых работнікаў». І можна не сумнявацца, што ўжо для галоўнага гледача іх абавязкова здымуць, і, калі спатрэбіцца, аншлагі на ўсіх паказах у дзяржкінатэатрах забяспечаць.

Толькі з абяцанымі «мільярднымі касавымі зборамі» загваздка можа выйсці. Па падліках Мінскага «Кінавідэапракату», за мінулы год усе кінапаказы — ігравыя, дакументальныя, анімацыю — наведалі больш за 170 тысяч гледачоў. Колькасць прададзеных білетаў і сумы збораў сталічныя чыноўнікі сарамліва не назвалі, але мы паспрабуем прыкінуць за іх.

Квіткі ў дзяржкінатэатры каштуюць ад 9 да 20 рублёў, гэта значыць, калі лічыць па максімуме — сума збораў за год каля 3,4 мільёна рублёў. Так, толькі ў Мінску. Але нават калі ўявіць, што ўсё насельніцтва краіны, ад немаўлятаў да пенсіянераў, ва ўсіх абласных і раённых цэнтрах, вёсках і пасёлках, ламанецца ў кіно на чарговы «нацыянальны блокбастар», а беларускія сілавікі на фільм пра свае «гераічныя подзвігі» сходзяць двойчы — не тое што мільярда рублёў, але і чвэрці гэтай сумы не набярэцца.

Так што, здымай не здымай, а зрабіць з «Партызанфільма» Галівуд у ідэолагаў культуры не атрымаецца. А вось дасекчы ў трэскі калісьці нядрэнную кінастудыю і сферу ў цэлым — на жаль, цалкам.

Глядзіце таксама