Змяя пажырае свой хвост. У Гомелі «зачысцілі» пралукашэнкаўскіх блогераў

Блогеры, якія «топяць» за Лукашэнку, вымушаны выдаляць свой кантэнт, заўважыў «Флагшток».

Яўген Катляроў у эфіры СТВ. Фота з «Флагшток»

Яўген Катляроў у эфіры СТВ. Фота з «Флагшток»

Гамяльчук Максім Філіповіч вымушаны быў выдаліць (ці ж адправіць у закрыты доступ) сотні сваіх відэа пасля выхаду з ІЧУ. Зачыстка кранула канал «Stream», таксама знікла і старонка Філіповіча ў Instagram. На яго старонках сталі недаступны запісы «дармаедскіх пратэстаў», сотні ягоных хатніх і вулічных стрымаў.

Шматлікія кароткія відэа з выказваннямі Лукашэнкі, размешчаныя на асноўным канале, блогеру не дапамаглі. Філіповіч быў затрыманы міліцыяй 26 снежня. Паводле артыкула 19.11 Адміністрацыйнага кодэкса («Распаўсюджванне «экстрэмісцкай» інфармацыйнай прадукцыі») ён трапіў у ІЧУ на 15 сутак.

У студзені 2024 года на канале стрымаў Максіма Філіповіча зніклі амаль усе відэа.

У студзені 2024 года на канале стрымаў Максіма Філіповіча зніклі амаль усе відэа.

Максім Філіповіч вядомы як герой пратэстаў супраць увядзення падатку на «дармаедства» 2017 года. У 2020 годзе ён не падтрымаў пратэсты супраць фальсіфікацыі выбараў Лукашэнкі і крытыкаваў апазіцыю. Фрагменты яго відэа выкарыстоўвалі прапагандысты. У 2022 годзе ён падтрымаў уварванне Расіі ва Украіну.

Пад зачыстку трапіў і гомельскі правакатар Яўген Катляроў. Гэта адбылося ў канцы лістапада пасля паходу Катлярова ў Гомельскі аблвыканкам і запісу размовы з намеснікам старшыні Андрэем Бараноўскім. Пасля гэтага блогер некалькі дзён не абнаўляў сваю старонку ў фэйсбук, а пазней выдаліў усе свае публікацыі да лістапада 2020 года. Таксама яму давялося выдаліць і некалькі дзясяткаў сваіх відэа на сваім YouTube-канале «Provokator». Ролікі былі звязаны з крытыкай мясцовых улад.

Зараз Катляроў аднаўляе сваю дзейнасць у сацсетках. У апошнім сваім відэазвароце, запісаным на тэму несправядлівай аплаты працы апекуноў інвалідаў, сам блогер прапанаваў нейкаму Ігару Валер'евічу напісаць заяву ў міліцыю з мэтай праверкі роліка «на экстрэмізм».

У студзені 2024 года на канале Яўгена Катлярова зніклі відэа, звязаныя з крытыкай улад

У студзені 2024 года на канале Яўгена Катлярова зніклі відэа, звязаныя з крытыкай улад

Яўген Катляроў вядомы тым, што ўкараніўся ў сераду пратэсных блогераў падчас «антыдармаедскіх» пратэстаў і правакаваў розныя канфлікты. Пазней адкрыта перайшоў на падтрымку рэжыму Лукашэнкі і ўдзельнічаў у правакацыях. Апошнія тры гады рассылаў ілжывую інфармацыю незалежным СМІ, крытыкаваў прапагандыстаў і мясцовыя ўлады, папракаючы іх у неэфектыўнасці.

Глядзіце таксама