Прапагандыст паскардзіўся, што ў 2020-ым у яго плюнуў адзін з пратэстоўцаў. Выявілася, што гэта агент МУС
Ведаеце, хто на пратэстах пляваў у твар журналісту БТ? Платны агент міліцыі. Пра гэта распавяла «Наша Ніва».
Аляксей Радына — той самы ўдзельнік пратэстаў 2020 года, які падчас адной з масавых мірных акцый плюнуў у твар журналісту Белтэлерадыёкампаніі Аляксандру Хараўцу. Што стаяла за імпульсіўнай рэакцыяй чалавека, які не прайшоў міма прапагандыста?
Аказваецца, усё проста. Радына быў на заданні. Ён — платны агент лукашэнкаўскіх сілавікоў.
Мяркуючы па базах інфармацыі, 38-гадовы Аляксей Радына быў у розны час і кіроўцам таксі, і будаўніком. Агулам за жыццё ён змяніў больш за 30 месцаў працы, але мае значэнне толькі адно з іх — кампанія «Ларыскор».
«Ларыскор» — фіктыўнае месца працаўладкавання людзей, якіх міліцыя наймала для дапамогі ў аператыўна-вышуковай дзейнасці. Напрыклад, калі трэба разгаварыць чалавека ў камеры, да яго падсаджвалі маргінала з «Ларыскора». Той сядзіць на «сутках», але не таму, што здзейсніў правапарушэнне, а таму, што гэта яго праца. Пры патрэбе такія агенты выкарыстоўваюцца і для вядзення любой іншай аператыўна-вышуковай дзейнасці.
Аляксей Радына — адзін з такіх людзей. Пасля пляўка ў Хараўца на яго насамрэч склалі пратакол па артыкуле 23.34. Найхутчэй, яго зняволенне было аформлена як чарговая камандзіроўка.
Мяркуючы па звестках «Вясны», у 2020 годзе Радыну «затрымлівалі» двойчы. Пасля Маршу герояў 13 верасня ён атрымаў 14 сутак. А 25 кастрычніка давялося «адказваць» за інцыдэнт з Хараўцом.
З выданнем пагутарыў адзін з суседзяў правакатара: «Ён раней жыў у нашым двары. Там яго і затрымалі праз некалькі дзён пасля таго маршу з пляўком. Аляксей пасля распавядаў, што яго нібыта прыпякалі электрашокерам. І сказаў, што яму параілі больш не жыць у нашым двары. Ну і з’ехаў кудысьці. Апошні раз бачыў яго перад Новым годам 2020/2021. Інфармацыю пра яго знайшлі выпадкова. У двары пасля абмяркоўвалі, што мы як дурні збіралі дапамогу, а ён, аказваецца, быў з «Ларыскора».
Харавец кажа, што адразу прабачыў Радыну. Што ж, усё лагічна: у той дзень на заданні былі абодва.