Застацца ў Матрыцы не атрымаецца. Давядзецца даведацца, наколькі глыбокая трусіная нара

Сваё рашэнне балаціравацца Лукашэнка пакуль не агучыў, але задача яго зразумелая: любой цаной застацца ў Матрыцы. У ілюзіях пра Беларусь незалежную, мірную і эканамічна ўстойлівую.

16242725.jpg

Новы электаральны цыкл улада пачынае, не скончыўшы фактычна папярэдняга. Гэта значыць працягваючы саджаць тых, хто меў неасцярожнасць публічна ўсумніцца ў дзеяннях Лукашэнкі ў 2020 годзе і далей, піша Вольга Лойка ў Plan B

У свеце ілюзій

У каманды Лукашэнкі настрой падобны. І прыгажэйшая за ўсіх тут Наталля Качанава, якая падзялілася з калегамі сваёй традыцыяй: дзве сінія цукеркі «прэзідэнт» перад нарадай у Лукашэнкі. Замяніце цукеркі на таблеткі і ўспомніце «Матрыцу». Там Неа прапануюць выбар паміж чырвонай і сіняй таблеткай.

Чырвоная таблетка — магчымасць даведацца жорсткую праўду і складанае сапраўднае жыццё. А сіняя таблетка дазволіць застацца ў штучнай рэальнасці Матрыцы, жыць «невядомасцю ілюзіі». Для вернасці лепш прыняць дзве цукеркі. І жыць у свеце, дзе «ў нас няма падстаў у краіне, каб хтосьці быў чымсьці незадаволены».

img_9550_287x300.jpeg

Ціхая гавань

Сам Лукашэнка ўсё больш пранікаецца ўнікальнасцю сваёй ролі. Ролі аракула і правадыра па сумяшчальніцтве. Маўляў, «у свеце вельмі неспакойна».

«Хачу вас папярэдзіць: свет напярэдадні грандыёзных падзей. Мы сёння ў такой складанай сітуацыі, што гэта падобна таму, што мы ідзём па тонкім лёдзе. Неасцярожны крок — і мы можам патануць, перакуліць дзяржаву», — кажа Лукашэнка.

Відаць, ён забыўся, што ўжо патануў летась — у абдымках старэйшага брата. А за новы электаральны цыкл з Пуціным давядзецца разлічыцца асобна.

І не варта мець ілюзій, што Лукашэнку клапоцяць лёсы народаў свету. Маўляў, «можа ўспыхнуць уся планета». Галоўнае — каб не ўспыхнула крэсла пад ім самім. Падпаленую планету яму будзе перажыць куды прасцей. Яшчэ і зарабіць можна. Прама як цяпер — на расійскім унутраным попыце і абаронзамове.

Ключ стабільнасці

Але зарабіць — гэта адно, а пабудаваць стабільнасць за межамі тэлевізара — зусім іншае. І дзе ключ, Лукашэнку вядома. «Будзе эканоміка — будзе мір, будзе і спакой. Ад вас, ад урада, ды і ад усіх нас гэта шмат у чым залежыць», — прызнаў ён.

Вось яна, ахілесава пята і смерць Кашчэева. У адрозненне ад народнага адзінства ці там урачыстасці традыцыйных каштоўнасцей, імітаваць паспяховую эканоміку можна не занадта доўга. А потым старэйшы брат мяняе табе ўмовы пастаўкі энерганосьбітаў, як у 2007-ым, і мадэль, што толькі-толькі даказала было сваю эфектыўнасць, ператвараецца ў пыл. А потым здараецца трохразовая дэвальвацыя 2011 года. Затым — вельмі дарагія спробы ўтрымаць рубель у другой палове 2014 года. І не хусіты з бандэраўцамі тут вінаватыя.

Можна разлічваць, што прэм'ер Галоўчанка, ад якога Лукашэнка раз за разам патрабуе «даць яму эканоміку», напружыцца і дасць. Але ў мінулыя разы «даць» атрымлівалася толькі ў моцных тандэмаў, накшталт Мясніковіча-Румаса, або Калаўра-Мацюшэўскага.

Або — да нестабільнасці

Але паўнамоцтвы цяпер у сілавікоў, а не ў эканамістаў. І грошы — у Расіі, а не на сусветных рынках і не ў лаянкавых сягоння МВФ і ЕБРР. А гэта зусім розныя грошы. Саюзнымі крэдытамі можна падтрымаць штаны за кошт імпартазамяшчальных праектаў. Але іх эфектыўнасць і перспектывы — пад пытаннем. Як і ўстойлівасць беларускага прамысловага сектара.

Пакуль улады разлічваюць, што разагрэў эканомікі дазволіць выканаць заданне па яе росце — дадаць па 3,8% у 2023-ім і 2024-ым гадах. Дарэчы, Сусветны банк скептычны ў ацэнках. Яго прагноз для Беларусі на 2024-2025-ты гады: усяго 0,8% прыросту ВУП у год. Гэта самы нізкі тэмп у рэгіёне. Нават Расіі прадказваюць прырост у 1,3% і 0,9% адпаведна.

Рэцэпты Сусветнага банка Беларусі не дапамогуць. Ён прапануе, да прыкладу, упарадкаваць дзяржвыдаткі і змякчаць абмежаванні на рух міжнароднага капіталу. Смешныя людзі. Беларусь ідзе сваім шляхам, нацыяналізуючы страты, разганяючы крэдытаванне і не плацячы па даўгах. І наперадзе — выбары.

Так што прароцтва пра «няпросты год» можа спраўдзіцца ў поўным аб'ёме. Тым больш Лукашэнка ўспомніў сваю другую ўразлівасць — інфармацыйную. І хоць ён лічыць, што «ў нас няма пакуль інфармацыйнай вайны», дадае, што трэба яе прадухіліць.

«Ёсць вельмі жорсткае проціборства. Яно заўсёды і ўсюды пачынаецца з унутранай блытаніны, і гэта суправаджаецца інфармацыйным супрацьстаяннем, а потым і інфармацыйнай вайной. Не хацелася б, каб гэты працэс у такім рэчышчы працягваўся. Трэба яго спыніць», — раптам разгаварыўся ён.

Яшчэ б не трэба. Гэтая вайна пагражае яму інфармацыйным паражэннем. І стабільнасць з тэлевізара рэальнай Беларусі не дапаможа. Колькі сініх цукерак не глытай. Затое прыйдзецца даведацца, наколькі глыбокая трусіная нара.