«Ва ўмовах эканамічнай нестабільнасці беларускі народ можа праявіць сваю чорную няўдзячнасць»

Аўтар тэлеграм-канала «Лісты да дачкі» разважае, чаму генерал Кубракоў прыводзіць сябе ў поўную баявую гатоўнасць. Падаецца ж, пра ўзровень народнай любові і так усе ўсё ведаюць. Але, мабыць, ёсць нешта яшчэ, што прымушае мітусіцца і задумвацца пра тэрытарыяльную абарону і ядзерную бомбу.

Ілюстрацыйнае фота

Ілюстрацыйнае фота

Генерал Кубракоў днямі паведаміў, што з нагоды прызначаных на 25 лютага электаральных урачыстасцей ён ужо прывёў сябе ў поўную баявую гатоўнасць. Дзеля ўрачыстасці электаральнага правапарадку ў генерала Кубракова акрамя АМАП, ГУБАЗіК, унутраных войскаў і дзевяці новых падраздзяленняў зусім спецыяльнага прызначэння будуць яшчэ групы хуткага рэагавання.

Але хай сабе беларускія генералы. Беларускія генералы знаходзяцца ў стане баявой гатоўнасці яшчэ з тых часоў, як дзяўчаты ў белым атакавалі іх кветкамі. Ад гэтай псіхалагічнай траўмы беларускія генералы з тых часоў так і не акрыялі.

Але сёй-той жа мітусіцца, як быццам ён сапраўды сабраўся палічыць нейкія галасы. Нават паабяцаў дадаць у краіне гуманізму. Як быццам гуманізму ў краіне не хапае.

І я ўжо зусім маўчу пра беларускі тэлевізар. Як яны ў гэтым тэлевізары яшчэ не пазабіваліся там усе на франтах сваёй інфармацыйнай вайны.

І як я табе ўжо неаднойчы казаў, я, вядома, вельмі моцна здзіўляюся. Здавалася б, цяпер жа чаго ўжо мітусіцца? У вас жа ёсць АМАП, ГУБАЗіК, КДБ, унутраныя войскі і дзевяць падраздзяленняў спецыяльнага прызначэння. Не лічачы тэрытарыяльнай абароны і атамнай бомбы.

Ты мне, вядома, можаш сказаць, што як ім не мітусіцца, калі ворагі і ўнутры, і звонку. Але ворагі ўнутры і звонку былі заўсёды. А такой мітусні даўно ўжо не было.

І ведаеш, што мне гэта ўсё раптам нагадала? Вось чамусьці травень-чэрвень дваццатага года. Сёй-той тады таксама быў спачатку так упэўнены ў народнай любові, што нават паабяцаў не кранаць Віктара Бабарыку. Да выбараў. А потым крануў. Таму што раптам зразумеў, што калі ён не кране Віктара Бабарыку да выбараў, то пасля выбараў можа ўжо і не паспець. Вось, мабыць, яму тады кампетэнтныя таварышы якраз далажылі аб бягучым узроўні народнай любові.

І цяпер, як мне здаецца, здарылася прыкладна тое ж самае. Вось таксама кампетэнтныя таварышы пра нешта такое далажылі. Сумняюся, што пра стан народнай любові. Падазраю, што, нягледзячы на ўсе намаганні тэлевізара, ніякіх ілюзій з нагоды народнай любові ў сяго-таго няма.

Так што я б паставіў на стан эканамічнай стабільнасці. Таму што стабільнасць у краіне добрая, але не вельмі стабільная. Таму што беларускі экспарт апошнім часам моцна здаў на расійскім рынку. Вось раней беларускаму экспарту на расійскім рынку было добра. Беларускаму экспарту на расійскім рынку ніхто не перашкаджаў.

Але за гэты год у беларускага экспарту на расійскім рынку з'явіліся канкурэнты. У асноўным дружалюбны Кітай. Таму з кожным месяцам яму становіцца ўсё горш. І беларускі экспарт на расійскім рынку трэба тэрмінова ратаваць. А як ты яго выратуеш? Супраць дружалюбнага Кітая ў беларускага экспарту на расійскім рынку няма ніякіх пераканаўчых аргументаў. Нават знак якасці не дапаможа.

А без расійскага рынку ўсё. Капец. Будзем хадзіць бедныя і дурныя. З іншымі рынкамі ўсё яшчэ горш. Колькі ні кажы «Афрыка», грошай ад гэтага больш не стане. Расійскі рынак — аснова ўсёй эканамічнай стабільнасці. І калі гэтую аснову папсаваць, то стабільнасць можа раптам скончыцца.

І, вядома, калі сёй-той ведае праўду аб сваёй эканамічнай стабільнасці, то яму сапраўды трэба прыводзіць сябе ў поўную баявую гатоўнасць. Таму што ва ўмовах эканамічнай нестабільнасці беларускі народ можа зноў праявіць сваю чорную няўдзячнасць.

Як тады, калі сокалы скінулі пацука на прыступкі Дома ўрада ў дзень адмовы ў рэгістрацыі Бабарыку і Цапкалу.