Чаму ціхі сямейны бізнес не сумяшчаецца з вялікімі геапалітычнымі амбіцыямі?
Гэта не беларуская кантрабанда ў ЕС насамрэч вырасла. Гэта проста знаходзіць кантрабанду сталі часцей, разважае аўтар тэлеграм-канала «Лісты да дачкі».
Сёй-той учора выявіў, што яго геапалітычныя амбіцыі мелі непрыемнае наступства. Ну гэта значыць, яны маюць шмат усялякіх непрыемных наступстваў. Але адно было такое зусім пабочнае і непрадказальнае.
Ну як непрадказальнае? Не біном Ньютана, каб не прадказаць. Але камусьці да галавы, мабыць, неяк не прыходзіла, што гэта наступства можа здарыцца. Не, ну на самай справе, вось ты падумай, якая можа быць сувязь паміж закідваннем суседскіх межаў мігрантамі і маленькім сямейным бізнесам па кантрабандзе цыгарэт у Еўропу? А яна ёсць.
Вось учора сёй-той сказаў, што яго насцярожваюць тэндэнцыі ў тытунёвай галіне. Таму што ўмовы на рынку змяніліся. І я нават ведаю, як. Таму што калі ты закідваеш суседскія межы мігрантамі, то суседзі, прадказальна, пачынаюць больш дбайна правяраць твае грузы. А калі яны дбайней правяраюць грузы, то знаходзяць у гэтых грузах шмат цікавага. Напрыклад, цыгарэты ў цыстэрнах са смалой.
Палякі кажуць, што кантрабанда цыгарэт летась вырасла на 1000 працэнтаў. І літоўцы кажуць пра рэкорд і пра тое, што яны за мінулы год канфіскавалі агулам 8 мільёнаў кантрабандных пачкаў. Дык гэта не кантрабанда насамрэч вырасла. Гэта проста знаходзіць кантрабанду сталі часцей.
І вось гэта змяненне рынкавых умоў — яно, вядома, як той казаў, «не можа не насцярожваць». І я нават не кажу пра даходы, якія гэты маленькі бізнес дае дзяржаўнаму бюджэту. Хоць 2,5 мільярда рублёў за мінулы год — цалкам сабе салідная сума.
Нацыянальная квота на вытворчасці цыгарэт — 30 мільярдаў штук на год. (І гэта не тычыцца цыгарэт для афіцыйнага экспарту, таму што афіцыйны экспарт ніхто квотамі не абмяжоўвае). А выкурваюць беларусы з гэтай нацыянальнай квоты – 18 мільярдаў штук, калі лічыць зусім ужо па гамбургскім рахунку.
І атрымліваецца, што 12 мільярдаў штук — лішнія. А 12 мільярдаў штук — гэта 600 мільёнаў пачкаў. І вось калі гэтыя лішнія 600 мільёнаў пачкаў прадаць на еўрапейскім рынку з вельмі вялікай зніжкай, скажам нават па тры еўра за пачак, то атрымаецца больш, чым увесь беларускі калійны экспарт у Кітай.
Яно, вядома, у такім бізнесе заўсёды бываюць дадатковыя накладныя выдаткі і непрадбачаныя страты. Ну так і калій у Кітай сам сябе не возіць. А ў цыгарэт, калі з іх не плаціць ніякіх пошлін, дадатковы кошт будзе ўсё ж такі вышэй.
І атрымліваецца, што ціхі сямейны бізнес — не сумяшчальны з вялікімі геапалітычнымі амбіцыямі. Тут жа як? Ты ці сумленны кантрабандыст, ці гігант думкі і бацька шматпалярнай дэмакратыі.
А вось жа былі часы, калі суседзі ставіліся да гэтага ціхага бізнесу з поўным паразуменнем. Аднак жа гэта было да таго, як сокалы скінулі пацука на прыступкі дома ўрада ў дзень адмовы ў рэгістрацыі Бабарыкі і Цапкалы.