Спачатку вайну абвясці — а потым ужо патрабуй выканання саюзніцкага доўгу
Калі ты ведаеш, адкуль рыхтуецца напад, то галоўнае, каб неспадзявана не напалі на цябе, разважае аўтар тэлеграм-канала «Лісты да дачкі».
Ведаеш, што я хачу табе сказаць? Хачу табе сказаць, што ў святле абставінаў у Курскай вобласці раптоўнае зняцце напружання на паўднёвых рубяжах месяц таму зайграла новымі фарбамі.
Ну, ты ж ведаеш: у кагосьці ёсць карты. Таму сёй-той заўсёды ведае, адкуль рыхтаваўся напад. Ён, можа, не заўсёды ведае, куды рыхтаваўся напад. Але адкуль рыхтаваўся — павінен ведаць.
А калі ты ведаеш, адкуль рыхтуецца напад, то галоўнае ў гэтым жыцці — што? Галоўнае, каб неспадзявана не напалі на цябе. Таму ад месца, адкуль рыхтуецца напад, лепш, вядома, трымацца як мага далей.
Вось захацелі б УСУ напасці на паўднёвыя рубяжы, а на паўднёвых рубяжах — пуста. Усе сышлі. Нападаць няма на каго. УСУ паглядзелі, што нікога няма, — і нападаць не сталі. Пайшлі нападаць туды, дзе ёсць.
А беларускія генералы пайшлі праводзіць вучэнні на паўночным захадзе Беларусі. Гэта значыць, на максімальна разважлівым аддаленні ад патэнцыйнага тэатра ваенных дзеянняў. Таму што калі цяпер УСУ раптам усё роўна захочуць напасці, то ім жа да паўночнага захаду Беларусі яшчэ трэба дайсці.
А ніхто не хоча ісці нападаць на беларускіх генералаў у такую далечыню. Таму што калі напасці на беларускіх генералаў, то можна неспадзявана захапіць што-небудзь такое, што потым не будзеш ведаць, куды падзець.
Так што сёй-той зняў напружанне разважліва і своечасова. І цяпер беларускія генералы зноў могуць абараняць флангі і тылы саюзніка ад любога віртуальнага праціўніка. А калі б не зняў — то можа яшчэ саюзніку давялося б лішні раз адцягваць войскі, каб абараніць беларускіх генералаў.
І я хачу табе сказаць, што прэтэнзіі саюзніка да кагосьці за зняцце напружання не маюць пад сабой ніякіх фармальна-юрыдычных падстаў.
Мне тут адзін добры чалавек нагадаў, што ніякай вайны ў саюзніка дагэтуль няма. Вось варожыя войскі на тэрыторыі Курскай вобласці ёсць. І надзвычайнае становішча ў Курскай вобласці таксама ёсць. А вайны няма. Ёсць толькі СВА — Спецыяльная ваенная аперацыя.
А калі няма вайны — то якія ў саюзніка могуць быць прэтэнзіі? Вось была б у саюзніка вайна — і сёй-той адразу, літаральна не раздумваючы, нікуды нічога не адкладаючы, прыйшоў бы саюзніка на дапамогу. А калі вайны няма, а ёсць толькі СВА, то навошта кудысьці прыходзіць? Прыходзіць на СВА сёй-той не падпісваўся.
Ты спачатку вайну абвясці. А потым ужо патрабуй выканання саюзніцкага доўгу. Вось тады сёй-той і будзе думаць, па якой канкрэтна прычыне ён гэтага доўгу не можа выканаць. А пакуль саюзнік не абвясціў вайну — тут нават думаць няма пра што. Няма для таго, каб думаць, ніякіх фармальна-юрыдычных падставаў. Таму сёй-той можа здымаць сабе напружанне дзе захоча і калі захоча. І нікому не абавязаны ў гэтым даваць справаздачу.
Хоць па-сапраўднаму зняць напружанне ў сяго-таго не атрымліваецца яшчэ з тых часоў, як сокалы скінулі пацука на прыступкі дома ўрада ў дзень адмовы ў рэгістрацыі Бабарыкі і Цапкалы.