Сіндром запалёнай велічы цісне на цэнтры прыняцця рашэнняў

Беларускія сведкі стабільнасці ўмеюць выкрыць уяўных заказчыкаў злачынства нават калі няма ніякага злачынства. Гады барацьбы з уяўным экстрэмізмам дарма не праходзяць, разважае аўтар тэлеграм-канала «Лісты да дачкі». 

cihi_supraciu_dzmitryj_dzmitryeu_novy_czas3_logo.jpg

Памятаеш, пасля таго, як у Расіі знайшлі ўяўных заказчыкаў тэракту ў Крокусе, я табе казаў, што сапраўдныя заказчыкі могуць пакрыўдзіцца? Ну дык вось —  яны і сапраўды пакрыўдзіліся.

Пакрыўдзіліся і зладзілі страляніну ў Дагестане, у якой загінулі дваццаць чалавек. Таму што выкрыццё ўяўных заказчыкаў тэрактаў менш за ўсё, вядома, спрыяе пошуку сапраўдных тэрарыстаў.

І нават расійскія ўлады з другога разу пачалі, здаецца, нешта разумець. Прынамсі на салідным дзяржаўным узроўні ніхто неяк не выкрыў пакуль арганізатараў расстрэлаў з Вашынгтона і Кіева.

Праўда, замест іх стараюцца беларускія сведкі стабільнасці. Сведкі стабільнасці так адразу выкрылі ўсіх уяўных заказчыкаў. У Дагестане яшчэ не перасталі страляць, а сведкі стабільнасці ў сябе ў тэлевізары ўжо разблыталі ўсе заакіянскія ніткі. 

А ўсё чаму? Таму што сведкі стабільнасці валодаюць выдатнымі дэдуктыўнымі здольнасцямі. Яны ўмеюць выкрыць уяўных заказчыкаў злачынства нават калі няма ніякага злачынства. Гады барацьбы з уяўным экстрэмізмам дарма не праходзяць. Сведкі стабільнасці заўсёды ведаюць, хто ім вінаваты, і як яму нагадзіць. Ну як яны ведалі, што ў нападзе на Украіну вінаватая Украіна, а ў нападзе на Арменію была вінаватая Арменія. 

Так што замест таго, каб выдаць палякам забойцу польскага памежніка, міністр як бы замежных спраў патлумачыў, што ў нападзе мігрантаў на Польшчу вінаватая Польшча. Таму што нападамі мігрантаў на свае межы Польшча хоча неяк там пашкодзіць беларускай стабільнасці. Як канкрэтна, я ўсё роўна не зразумеў. Але не трэба закопвацца ў дробныя тэхнічныя дэталі. 

І ў дэдукцыі сведак стабільнасці ёсць толькі адзін маленькі недахоп. Яна вельмі добра працуе ўнутры беларускага тэлевізара. А звонку беларускага тэлевізара не працуе наогул. Таму што логіка нелінейная. Маглам не зразумець.

Таму не мае сэнсу тлумачыць палякам, што яны самі ва ўсім вінаватыя. І замест таго, каб тэрмінова заняцца з беларускімі ўладамі раўнапраўным дыялогам, палякі цяпер збіраюцца канчаткова закрыць беларускія межы. А польскі прэзідэнт нават злятаў у Кітай, каб абмеркаваць з кітайскімі ўладамі, як кітайскі транзіт можа раптам скончыцца. 

Хоць, шчыра кажучы, я сумняваюся, што Кітай зможа паўплываць на беларускія ўлады — нават калі ён гэтага захоча. Прытармазіць беларускія ўлады можа яшчэ і могуць, але спыніцца ўжо не ў стане. Таму што сіндром запалёнай велічы распух і цісне на цэнтры прыняцця рашэнняў. І дапамагчы беларускім уладам можа толькі хірургічнае ўмяшанне, якое, дарэчы, было б карысна ўжыць яшчэ калі сокалы скінулі пацука на прыступкі дома ўрада ў дзень адмовы ў рэгістрацыі Бабарыкі і Цапкалы.