Выдатныя лідарскія якасці, што дазволілі «страціць» нават сваё геаграфічнае размяшчэнне
Кітайскім уладам ад сяброўства з беларускім кіраўніцтвам практычная карысць была адна — толькі выгаднае транзітнае размяшчэнне. І здавалася, што ніхто ў гэтага размяшчэння не адбярэ. Таму што геаграфія ў маштабах чалавечага жыцця — гэта, можна сказаць, канстанта, піша аўтар тэлеграм-канала «Лісты да дачкі».

Сёй-той пазаўчора сустрэўся з сакратаром парткама Пекінскага ўніверсітэта. І не трэба іранізаваць, што камусьці, небараку, ужо і сустрэцца няма з кім. На самай справе гэтая сустрэча мела глыбокі дыпламатычны сэнс. Не ўсе гэты сэнс могуць пабачаць. Аднак ён там ёсць.
Я вось табе мінулы раз згадваў, што польскі прэзідэнт Дуда паскардзіўся ў Кітаі на мігрантаў, якія штурмуюць польскую мяжу. Сказаў: спыніце вашага хлопчыка, а то мы самі яго спынім — і вам гэта не спадабаецца. У сэнсе намякнуў, што калі сёй-той не спыніцца, то палякі могуць закрыць мяжу аж да кітайскіх грузаў, якія едуць у Еўропу па чыгунцы.
Вось, здаецца, кітайскім уладам гэтая перспектыва адразу не спадабалася. Ёсць адчуванне, што кітайскія ўлады трошкі засмуціліся. Прыкладна на 4 працэнты.
Таму што прыкладна чатыры працэнты кітайскага экспарту ў Еўропу ідзе беларускім транзітным маршрутам.
Чатыры працэнты засмучэння — гэта, вядома, няшмат. Але тут жа важны маштаб. Ад чаго гэтыя чатыры працэнты лічыць? Калі лічыць чатыры працэнты ад кітайскага экспарту ў Еўропу за мінулы год, то атрымаецца 20 мільярдаў долараў! Ёсць чаму засмучацца.
І мне здаецца, што пакрыўдзіліся кітайскія ўлады не на польскага прэзідэнта, які рабіў ім такія намёкі. З польскім прэзідэнтам яны гаварылі пра сяброўства, стратэгічнае партнёрства і падпісалі ўсялякія салідныя паперы пра кітайскія інвестыцыі. А пакрыўдзіліся кітайскія ўлады на кагосьці іншага.
Таму што кітайскім уладам ад сяго-таго практычная карысць была толькі ў яго выгадным транзітным размяшчэнні.
І здавалася, што ніхто ў яго гэтага размяшчэння не адбярэ. Таму што геаграфічнае размяшчэнне ў маштабах чалавечага жыцця — гэта, можна сказаць, канстанта. Паспрабуй яе адбяры.
Але сёй-той мае такія выбітныя лідарскія якасці, што ён прымудрыўся пра... — я хацеў сказаць «страціць» — нават сваё геаграфічнае размяшчэнне. І гэтым засмуціць кітайскага саюзніка.
А сёй-той не можа сабе дазволіць засмучаць ды крыўдзіць кітайскага саюзніка. Таму кітайскаму саюзніку трэба было тэрмінова растлумачыць пра вечнае сяброўства і сваё геапалітычнае значэнне. І пра тое, як ты будзеш абараняць кітайскія інтарэсы ў Еўропе.
Глядзіце таксама

Гэта значыць, паслаць сігнал. Беларуская дыпламатыя любіць паслаць сігнал. Гэта ў яе такі любімы дыпламатычны прыём – пасылаць сігналы ў розныя бакі. Таму што калі зробіш нешта канкрэтнае, дык потым прыйдзецца адмяняць. А сігналы кожны можа расшыфраваць так, як яму прыемна.
Але каб сігнал прайшоў па адрасе, а не паляцеў у адкрыты космас, яго лепш пасылаць у прысутнасці прадстаўніка зацікаўленага боку. У якасці антэны.
Ну прабачце. Ну не знайшлося пад рукой больш саліднага прадстаўніка КНР, акрамя сакратара парткама Пекінскага ўніверсітэта. Які быў — такога і знайшлі.

Фота БЕЛТА: У афіцыйным паведамленні гаворыцца: "Беларусь і Кітай развіваюць дружалюбныя адносіны, а сяброўства лідараў краін Аляксандра Лукашэнкі і Сі Цзіньпіна служыць асновай умацавання беларуска-кітайскага супрацоўніцтва. Такое меркаванне выказаў сакратар партыйнага камітэта Пекінскага ўніверсітэта Хаа Пін 25 чэрвеня на сустрэчы Аляксандра Лукашэнкі з прадстаўнікамі кітайскіх універсітэтаў".
Тут у чым быў сэнс? Калі пасылаць сігнал у прысутнасці кітайскага прадстаўніка, то якое-небудзь кітайскае медыя пра гэта што-небудзь, можа, і напіша. А потым хто-небудзь, можа, прачытае. І паведаміць таварышу Сі, што сёй-той пасылае яму сігналы.
Праўда, Кітай — вялікі. Сігналаў у ім шмат. Усё расшыфроўваць няма калі. Так што ў прынцыпе з такім жа поспехам можна было пасылаць свае сігналы і ў адкрыты космас.
І яшчэ я хачу табе сказаць, што неабходнасць пасылаць сігналы праз кітайскага прадстаўніка, які выпадкова апынуўся пад рукой, — не вельмі добрая прыкмета. Гэта значыць, што па нармальных дыпламатычных каналах, ну там па тэлефоне, або праз беларускага пасла ў Кітаі, сігналы не праходзяць. Няма, атрымліваецца, у таварыша Сі часу на свайго саюзніка. І вось гэты сігнал, мабыць, больш магутны будзе.
Праўда, я трошкі сумняваюся, што нават у выкананні таварыша Сі сігнал будзе мець практычны эфект у сэнсе доўгатэрміновага памяншэння міграцыйнага пасажырапатоку. Таму што знерваваць расійскага саюзніка сёй-той можа дазволіць сабе яшчэ менш, чым засмуціць кітайскага.