Нічога не скончылася: афіцыйны Мінск дагэтуль даганяюць наступствы 2020-га
Усяго год застаўся да чарговых «прэзідэнцкіх выбараў» у Беларусі. Аднак наступствы мінулай кампаніі яшчэ не пераадоленыя, не забытыя, і нават працягваюцца. За чатыры гады — нічога не скончылася. І гэтае «нічога» не дадае пазітыву Лукашэнку.
Ніколі супраціў не працягваўся так доўга. Нават пасля выбараў 2010 года і масавых арыштаў апанентаў Лукашэнкі яны, гэтыя апаненты, збольшага ўжо былі на волі. Свет назіраў за першым уварваннем Расіі ва Украіну, і на Лукашэнку збольшага забыўся. У 2014-м Беларусь шчасна праводзіла Чэмпіянат свету па хакеі, нават нягледзячы на прэвентыўныя арышты апазіцыянераў.
Імаверна для таго, каб вярнуць хоць нейкі «статус кво», Лукашэнка ўрэшце звярнуў увагу на адсутнасць у Беларусі самастойнай знешняй палітыкі. Прызначаючы кіраўніком МЗС Максіма Рыжанкова, беларускі дыктатар заявіў пра «няпростую» сітуацыі з кадрамі ў МЗС і даў даручэнні новаму міністру «страсянуць МЗС, каб яно пачало працаваць».
Праўда, з гэтым ёсць вялікія праблемы. Былы дыпламат Павел Латушка трапна выказаўся у тым стылі, што «хоць Уінстана Чэрчыля прызначай сёння міністрам замежных спраў, ён не зможа нічога зрабіць да таго часу, пакуль Лукашэнка не спыніць масавыя рэпрэсіі, катаванні ў турмах, не вызваліць палітычных зняволеных, не перастане садзейнічаць агрэсіі Расіі і не спыніць гібрыдную вайну на мяжы з Еўрапейскім Саюзам».
«Але мяркую, што Рыжанкоў атрымаў адпаведныя інструкцыі», — дадаў Латушка. Бо, па ягоным меркаванні, Рыжанкоў прызначаны з мэтай паспрабаваць наладзіць адносіны з Захадам напярэдадні той самай электаральнай кампаніі 2025 года.
І, зразумела, што місія Рыжанкова — самазабойчая. Бо з аднаго боку, ён павінен паспрабаваць наладзіць хоць нейкія найменшыя кантакты з Захадам, а з іншага боку — не ўступіць у супярэчнасць з Расіяй, якая на такія спробы кантактаў цяпер глядзіць надзвычай падазрона. То-бок Рыжанкоў — гэта тэст: што скажа Пуцін, калі Лукашэнка паспрабуе развіваць стасункі з Захадам?
А «заходні вектар» цяпер для Лукашэнкі ўсё ж надзвычай важны. Важны менавіта з таго боку, што пасля 2020-га нічога яшчэ не скончылася.
Напрыклад, амбасадары краін ЕС 26 чэрвеня тэрмінова ўзгаднілі ўвядзенне новых санкцый у дачыненні да Беларусі. «За апошнія месяцы стала відавочна, што асноўны абыход санкцый адбываецца праз Беларусь. Калі мы вялі перамовы аб 14-м пакеце, мы засяродзіліся толькі на Расіі, але застаецца шчыліна, якую неабходна закрыць», — заявіла DW дыпламатычная крыніца ў Брусэлі.
Прычым, у ЕС спадзяюцца паспець увесці новыя санкцыі тэрмінова — да 30 чэрвеня.
Аднак не толькі звыклыя санкцыі знайшліся ў рэпертуары «падступнага калектыўнага Захаду». На беларускую гібрыдную атаку прэзідэнт Польшчы Анджэй Дуда вынайшаў свой асіметрычны адказ. Дуда паведаміў, што ў часе візіту ў Кітай і перамоваў са старшынём КНР Сі Цзіньпінам яны абмеркавалі і рэалізацыю глабальнага кітайскага праекту «Пояс і шлях». Менавіта ў яго раней спрабаваў упісацца афіцыйны Мінск, будуючы «Вялікі камень» і асвойваючы кітайскія інвестыцыі.
Дык вось, Дуда паінфармаваў таварыша Сі, што асноўная перашкода для рэалізацыі ідэі «Пояса і шляху» ў прыватнасці і гандлёвага абмену з Кітаем у цэлым — гэта гібрыдная мігранцкая атака, рэалізаваная з беларускага боку.
«Польшча павінна была быць партнёрам Кітая, такім акном для Кітая ў Еўропу, не толькі ў нашу частку Еўропы, Еўропу Цэнтральную, але і ў цэлы Еўрапейскі Саюз. У наш бок ідуць прамыя чыгуначныя лініі з Чэнду, адзін з гэтых чыгуначных шляхоў ідзе праз Украіну, і ён не дзейнічае праз вайну, а другі ідзе праз Беларусь. Вядома, беларуская гібрыдная атака на нашу мяжу, на жаль, моцна ўплывае на магчымасці гандлёвага абмену і перашкаджае ідэі «Пояса і шляху». Падзяліўся гэтымі фактамі са спадаром старшынёй Сі Цзіньпінам», — паведаміў Дуда.
Штопраўда, кітайскія таварышы і раней казалі пра тое, што беларуская дыктатура і разрыў сувязяў з Захадам перашкаджае іх інтарэсам і ненавязліва прасілі Лукашэнку разруліць гэтую сітуацыю. Але потым, на фоне вайны ва Украіне, пра Беларусь неяк забыліся. І вось цяпер Дуда непрыемна нагадаў пра гэта таварышу Сі.
Чаго не любяць нашыя кітайскія партнёры, дык гэта двух рэчаў. Першая — калі іх інтарэсы не ўлічваюцца, і другая — калі ім нагадваюць пра іх… Скажам так, недапрацоўкі. І таму ў выніку размовы Сі Цзіньпіна і Анджэя Дуды могуць узнікнуць аргвысновы ў дачыненні да Лукашэнкі.
Падавалася б, што Кітай можа зрабіць уладам РБ, калі нават цяпер кітайскія інвестыцыі — на мінімуме? Насамрэч, багата што. У выніку санкцый ЕС і ЗША ў нас рэзервовай валютай для міжнародных разлікаў стаў кітайскі юань. І варта Кітаю пальцам варухнуць у гэтым кірунку — мы зноў застанемся без валюты для разліку за імпарт. І тут ужо можа быць дэфолт не толькі па еўрааблігацыях…
То-бок, падзеі ўсяго гэтага тыдня паказваюць — наступствы 2020 года дагэтуль маюць значны ўплыў на сітуацыю ў краіне. Зрабіць з наступствамі тых падзей улада нічога не можа, бо нармалізаваць сітуацыю нават не спрабуе. Маецца на ўвазе — па-сапраўднаму нармалізаваць, а не перасаджваць чыноўнікаў з аднаго крэсла ў другое.
Ад гэтых перасадак становіцца толькі горай. Аж да таго, што кіраўнік дэлегацыі Арменіі заявіў, што сёлета армянская дэлегацыя не будзе ўдзельнічаць у фестывалі «Славянскі базар» у Віцебску.
«У сувязі з заявай прэм'ер-міністра Арменіі аб спыненні афіцыйных стасункаў паміж Рэспублікай Арменія і Рэспублікай Беларусь, афіцыйная дэлегацыя Арменіі прыняла рашэнне не ехаць у Беларусь і не ўдзельнічаць у штогадовым міжнародным конкурсе «Славянскі базар 2024», які пройдзе ў Беларусі з 8 да 18 ліпеня гэтага года», — заявіў Кіракасян.
Канешне, можна сто разоў казаць, што дзе Арменія, і дзе славянства? Аднак што «Славянскі базар», што кінафестываль «Лістапад», што іншыя івэнты, якія раней былі амаль глабальнымі, за чатыры гады страцілі сваю былую прадстаўнічасць. Ніхто не хоча ў госці да нас, а тыя, хто раней сябраваў — працягваюць адвальвацца.
А гэта азначае, што таксічнасць Беларусі ў свеце расце. І пры сённяшняй уладзе ў нас ёсць тры шляхі «развіцця»: Іран, Куба, альбо Паўночная Карэя.
Праўда, тут слова развіццё трэба замяніць словам «дэградацыя».