Кітай заўважыў пагрозы Лукашэнкі спыніць транзіт з ЕС у КНР
Кітай спадзяецца, што Беларусь і Еўрасаюз змогуць «вырашыць існуючыя рознагалоссі належным чынам». Пра гэта сёння заявіў пасол КНР у Маскве Чжан Ханьхуэй, каментуючы пагрозы Лукашэнкі абмежаваць транзіт з ЕС у Расію і Кітай.
Кітайскі пасол адзначыў, што яго краіна звярнула ўвагу як на заяву беларускага боку, так і на ўвядзенне ЕС новага пакета санкцый у дачыненні да Беларусі, перадае REFORM.by са спасылкай на ТАСС.
«Кітай спадзяецца, што зацікаўленыя бакі змогуць вырашыць існуючыя рознагалоссі належным чынам», — сказаў дыпламат.
Чжан Ханьхуэй выказаў надзею, што бакі не будуць падрываць стабільнасць у рэгіёне. Ён таксама выступіў супраць «неабгрунтаванага прымянення аднабаковых санкцый» і выкарыстання санкцый для ўзаемных пагроз. Кітай выступае супраць умяшання ва ўнутраныя справы Беларусі і паважае самастойны шлях развіцця краіны.
Нагадаем, 6 ліпеня Лукашэнка ў ходзе нарады аб супрацьдзеянні санкцый Захаду даў даручэнне абмежаваць транзіт з краін ЕС у Кітай і Расію праз Беларусь.
«Мы ведаем, хто ў ЗША, Германіі і іншых, асабліва еўрапейскіх, краінах выступіў супраць паставак камплектуючых і асноўных вузлоў для нашых прадпрыемстваў. Мы іх ведаем. У нас ёсць вопыт. Памятаеце, “Шкода”, “Нівея” і гэтак далей? Мы ім сказалі: хлопцы, дзякуй, да пабачэння. Першае: на беларускі рынак — ні кроку, другое: праз Беларусь — таксама ні кроку. Сапраўды так трэба паступіць і з немцамі. Хай праз Фінляндыю ў Кітай і Расію пастаўляюць сваю прадукцыю. Або праз Украіну (там добрыя дарогі) няхай едуць і пастаўляюць туды», — заявіў ён.