У спробах пакараць ЕС за санкцыі Лукашэнка «падстаўляе» Расію і Кітай

Лукашэнка ў ходзе сённяшняй нарады аб супрацьдзеянні санкцый Захаду даў даручэнне абмежаваць транзіт з краін ЕС у Кітай і Расію праз Беларусь.

248993881.jpg


«Мы ведаем, хто ў ЗША, Германіі і іншых, асабліва еўрапейскіх, краінах выступіў супраць паставак камплектуючых і асноўных вузлоў для нашых прадпрыемстваў. Мы іх ведаем. У нас ёсць вопыт. Памятаеце, “Шкода”, “Нівея” і гэтак далей? Мы ім сказалі: хлопцы, дзякуй, да пабачэння. Першае: на беларускі рынак — ні кроку, другое: праз Беларусь — таксама ні кроку. Сапраўды так трэба паступіць і з немцамі. Хай праз Фінляндыю ў Кітай і Расію пастаўляюць сваю прадукцыю. Або праз Украіну (там добрыя дарогі) няхай едуць і пастаўляюць туды», — перадае словы Лукашэнкі REFORM.by са спасылкай на яго прэс-службу.

З цытаты цяжка зразумець, гаворка ідзе пра ўвесь паток нямецкіх тавараў, або толькі пра асобных вытворцаў з Германіі. Лукашэнка лічыць, што такая мера ў адказ прымусіць ЕС думаць, перш чым уводзіць санкцыі.

«Гэта значыць, трэба распачаць усе меры, каб яны адчулі, што такое Беларусь. І, перш чым брацца за эканамічную зброю, думалі», — сказаў ён.

Акрамя таго, ён даручыў прыгледзецца да заходніх кампаній, якія працуюць у Беларусі. Калі яны «разгарнулі барацьбу супраць беларускай дзяржавы», з імі трэба паступіць «адпаведным чынам».

Лукашэнка ўпэўнены, што зможа замясціць неабходныя камплектуючыя з ЕС таварамі з Кітая. Ён таксама запатрабаваў ад МЗС больш актыўна асвойваць новыя рынкі і заявіў, што не будзе стрымліваць міграцыйныя патокі на мяжы з Еўрасаюзам.

Уласна, у спробе пакараць ЕС Лукашэнка «падставіў», у першую чаргу, сваіх саюзнікаў — Расію і Кітай. Цікава, як яны адрэагуюць на спыненне транзіту тавараў, якія яны аплацілі і чакаюць з нецярпеннем?